Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам


Выступае Анатоль Грыцкевіч, поруч — Мікола Купава.

Выступае Анатоль Грыцкевіч, поруч — Мікола Купава.

Сёньня ў менскім Палацы мастацтваў утвораны грамадзкі аргкамітэт па сьвяткаваньні 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам.

Старшынём аргкамітэту абраны доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч. Яго першым намесьнікам — сябра Беларускага саюзу мастакоў Мікола Купава. Сёньня ж удзельнікі пасяджэньня падпісалі ліст да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Макея і прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. У ім яны нагадваюць, што пяць месяцаў таму зьвярнуліся да кіраўніка ўраду з просьбай прыняць рашэньне пра пабудову ў Менску манумэнта, прысьвечанага перамозе пад Грунвальдам. Аднак ніякага адказу на гэты зварот прадстаўнікі інтэлігенцыі так і не атрымалі.

Мікола Купава: “15 ліпеня 2010 году — выдатная дата ў нашай гісторыі. У нас наперадзе проста ўнікальная дата. І як мы падыдзем да адзначэньня, мы падумалі загадзя. Ну, канечне, гэта будуць і рыцарскія чыны, усе рыцары паедуць на Грунвальдзкае поле, правядзем пасяджэньне грамадзкасьці ў фільгармоніі ці ў опэрным тэатры. Выдадзім альбом, календары, паштоўкі, маркі і гэтак далей.

Але гэта мы можам зрабіць, нават ні ў кога не пытаючыся. А ёсьць пункт, які вельмі важны для таго, каб мы адчувалі сябе нацыяй, паўнавартасным, эўрапейскім народам, які і зьдзейсьніў гэтую вялікую перамогу. Я маю на ўвазе манумэнт-помнік перамозе пад Грунвальдам.

Я бачу тры гарады, дзе павінны быць такія грунтоўныя манумэнты. Гэта Берасьце, дзе падчас сустрэчы выпрацоўвалася стратэгія. Гародня — гэта горад Вітаўта. Ну, і Менск — гэта сталіца”.

Сёньня ж грамадзкі аргкамітэт па сьвяткаваньні міленіюму Літвы расказаў пра найбліжэйшыя пляны. Да прыкладу, 22 кастрычніка ў менскім Палацы мастацтваў мяркуецца адчыніць дзьве выставы.
Грыцкевіч: Афіцыйныя гісторыкі, афіцыйныя ўлады фактычна адмаўляюцца ад сваёй гераічнай гісторыі.
Адна зь іх — з удзелам Беларускага саюзу мастакоў, яна прысьвечаная тысячагодзьдзю першай згадкі ў пісьмовых крыніцах найменьня Літва. Другая выстава — “Літва тысячагадовая — наш родны край”, у ёй возьмуць удзел дзеці і моладзь. Аргкамітэт лічыць сваю працу па адзначэньні міленіюму пасьпяховай. Анатоль Грыцкевіч адзначыў, што тысячагодзьдзе Літвы тычыцца ня столькі сучаснай Літвы, колькі Беларусі. Як і перамога пад Грунвальдам. Ён заклікаў беларускія ўлады далучыцца да падрыхтоўкі і самога сьвяткаваньня:

“Называліся Літва, ваявалі супраць крыжакоў. Але калі палічыць, то з 40 харугваў войска Вялікага Княства Літоўскага 28 было толькі з чыста беларускіх земляў. Ніхто зь літоўскіх гісторыкаў ня згадвае таго, што амаль уся цяперашняя Летува была пад акупацыяй крыжакоў і нават юрыдычна ўваходзіла ў склад крыжацкай дзяржавы. За выключэньнем Вільні і ваколіцаў. Беларусь заўсёды адмаўляецца ад сваёй гісторыі і перадае ўсім суседзям сваіх дзяржаўных і вайсковых дзеячаў, перадае перамогі. Афіцыйныя гісторыкі, афіцыйныя ўлады фактычна адмаўляюцца ад сваёй гераічнай гісторыі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG