Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ліпеня 2008 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых людзей на пасады кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, сакратара Рады бясьпекі, старшыні КДБ. Чым Лукашэнку не задавальнялі старыя кіраўнікі? Гэта была толькі зьмена кадраў ці зьмена палітыкі? Ці гатовыя гэтыя прызначэнцы да новых выклікаў, якія стаяць перад краінай і рэжымам?

Удзельнікі: былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык і палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута.

Уладзімер Ганчарык
Аляксандар Фядута
Валер Карбалевіч


Чым Лукашэнку не задавальнялі старыя кіраўнікі?


Валер Карбалевіч: “Прайшоў год, як Аляксандар Лукашэнка, выкарыстоўваючы выбух 4 ліпеня як нагоду, зьмяніў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, сакратара Рады бясьпекі, старшыню КДБ. На гэтыя пасады былі прызначаныя адпаведна Макей, Жадобін, Зайцаў. Што азначалі гэтыя зьмены? Чым Лукашэнку не задавальнялі старыя кіраўнікі: Нявыглас, Шэйман?”

Уладзімер Ганчарык: “Каманда прэзыдэнта мяняецца ня першы раз. Іншы раз людзі на спраўляюцца з сваімі абавязкамі так, як патрабуе кіраўнік дзяржавы. Але галоўная прычына зьменаў у кіроўнай камандзе палягае ў тым, што новы час патрабуе новых людзей. Лукашэнка знайшоў зручную падставу, каб пазбавіцца ад адыёзных фігур”.

Аляксандр Фядута: “Акрамя прызначэньня Зайцава на пасаду старшыні КДБ, усе іншыя прызначэньні — выключна іміджавыя. Яны маглі палепшыць імідж ягонай каманды напярэдадні актывізацыі дыялёгу з Захадам.

Пра абнаўленьне кадраў размова ісьці ня можа. Таму што і Макей, і Жадобін працуюць у вышэйшых структурах улады даўно і нясуць часткова асабістую адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў краіне.

Толькі прызначэньне Зайцава, магчыма, ёсьць спроба зьмяніць спосабы кіраўніцтва КДБ. Але за год можна зрабіць выснову, што спроба ня мела плёну“.

Зьмена кадраў ці зьмена палітыкі?


Карбалевіч: “Гэта была толькі зьмена кадраў ці зьмена палітыкі? Звычайна новыя людзі падбіраюцца пад новыя задачы. Якія новыя задачы былі пастаўленыя перад імі? Ці адбыліся зьмены ў палітыцы?”

Ганчарык: “Калі нават на кіроўныя пасады і трапілі б людзі, якія раней не працавалі ў сыстэме, яны ня змогуць уплываць на палітыку.
У межах гэтай сыстэмы зьмена кадраў нічога не вырашае.
У межах гэтай сыстэмы зьмена кадраў нічога не вырашае. Напрыклад, прызначаны новы міністар прамысловасьці Русецкі. Што ён можа вырашыць, калі яму ставіцца задача даваць валавыя паказчыкі? І гэта ва ўмовах крызісу.

Я згодзен, што тут гаворка ідзе пра зьмену іміджу ўлады. Бо, напрыклад, Шэйман падазраецца ў дачыненьні да справы зьніклых палітыкаў. Лукашэнка лічыць, што пазбаўленьне ад яго палепшыць імідж ягонай улады“.

Фядута: “Зьмена палітыкі калі і адбылася, то толькі на адным зьнешнепалітычным кірунку. Але на гэта новыя прызначэньні не паўплывалі. Вось прызначылі новага міністра культуры Латушку ці міністра прамысловасьці Русецкага. І на што гэта ўплывае?

Пра тое, што гэта была ня зьмена курсу, а спроба зьмены іміджу, гаворыць той факт, што Шэйман застаецца на пасадзе памочніка прэзыдэнта. Ён спатрэбіцца Лукашэнку раней ці пазьней”.

Карбалевіч: “Падаецца, усё ж ёсьць розьніца ў пасадзе. Памочнік прэзыдэнта — гэта зусім ня тое, што сакратар Рады бясьпекі. Цяпер у Шэймана толькі кабінэт у будынку адміністрацыі прэзыдэнта, і ўсё”.

Фядута: “У нас склалася такая структура ўлады, што ня ўплыў чалавека залежыць ад ягонай пасады, а наадварот. Напрыклад, сёньня адной з самых уплывовых фігур у беларускай палітыцы зьяўляецца старшыня Прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Мясьніковіч. А колькі гадоў таму лічылася, што гэтая пасада для яго — ганаровая ссылка”.

Ці гатовыя леташнія прызначэнцы да новых выклікаў?


Карбалевіч: “Нядаўна на адной з нарадаў Лукашэнка публічна раскрытыкаваў працу сакратара Рады бясьпекі Жадобіна. Што гэта азначае? Ці апраўдалі надзеі новыя прызначэнцы? Ці гатовыя яны да новых выклікаў, якія стаяць перад краінай і рэжымам? Маю на ўвазе і эканамічны крызіс, і зьмены ў геапалітычнай арыентацыі. І новыя прэзыдэнцкія выбары праз паўтара года”.

Ганчарык: “Жадобін пасьля крытыкі атрымаў чарговае вайсковае званьне. Галоўная праблема палягае ў тым, ці гатовы сам Лукашэнка зьмяніцца. Бяз гэтага зьмены немагчымыя. Нават зьмены ў замежнай палітыцы — гэта гульня. Ня можа аўтарытарны рэжым і яго лідэр зьмяніцца ў сваёй аснове”.

Фядута:
Будзе загад да пераменаў, то за два дні можа быць прынятая заканадаўчая база для рэформаў. І мы краіну не пазнаем.
“Найбольш падрыхтаваныя да зьменаў старыя кадры, якія працуюць у эканамічным блёку кіраўніцтва краіны. Калі б была палітычная воля да пераменаў у Лукашэнкі, то, думаю, Сідорскі, Пракаповіч, Сямашка, Кабякоў добра ведаюць, што трэба рабіць. Але палітычная воля прэзыдэнта скіраваная на тое, каб нічога не мяняць. Свой цыкл артыкулаў у “Нашай ніве” я назваў “Палітбюро”. Але ў савецкім Палітбюро ўсё ж рашэньні прымаліся калегіяльна. А ў нас яны прымаюцца адной асобай.

А чынавенства ў Беларусі разумнае, добра падрыхтаванае. Будзе загад да пераменаў, то за два дні можа быць прынятая заканадаўчая база для рэформаў. І мы краіну не пазнаем”.

Ці здольныя да рэформаў старыя кадры?


Карбалевіч: “У мяне ёсьць вялікія сумненьні, што калі б цяпер Лукашэнка абвясьціў курс на сапраўдныя рынкавыя рэформы, сёньняшні склад ураду быў бы здольны іх ажыцьцявіць. Сёньняшнія кіраўнікі эканамічнага блёку вырасьлі ва ўмовах адміністратыўна-каманднай сыстэмы. І яны ня змогуць рэалізаваць рынкавыя рэформы”.

Фядута: “Думаю, што змогуць. Раскажу пра адзін гістарычны прэцэдэнт. Падчас кіраваньня Аляксандра ІІ у Расеі адбыліся рэформы: адмена прыгоннага права, вайсковая, судовая рэформы і інш. Іх пачыналі маладыя лібэралы браты Мілюціны, былы дзекабрыст Растоўцаў. А рэальна правялі рэформы мацёрыя мікалаеўскія бюракраты: Панін, Пален, Ланскі. Яны добра ведалі, як функцыянуе дзяржаўны апарат. Няважна, якія ў іх былі погляды. Чыноўнік адрозьніваецца ад палітыка тым, што ў яго няма поглядаў. Яму скажуць стаць дэмакратам, будзе дэмакратам”.

Ганчарык: “Я падтрымліваю гэтую думку. Разьлік на новых рыначнікаў, якія прыйдуць і ўсё зробяць, памылковы. Для рэформаў патрэбны досьвед працы ў дзяржаўным апараце. Вось у Расеі рэформы праводзілі рыначнікі (Гайдар і інш.). І што атрымалася?”

Карбалевіч: “А што атрымалася? Атрымалася тое, што ў Расея жыве ва ўмовах рынкавай эканомікі, а Беларусь — не”.

Ганчарык: “Не, з рэформамі ў Расеі атрымалася ня вельмі добра”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG