Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кабанчык верашчыць побач зь дзіцячай пляцоўкай”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак 14 ліпеня.

Пачнём з такога тэлефанаваньня:

Спадарыня, Ельск, Гомельская вобласьць: “Я зьвяртаюся ад імя 50 пэнсіянэраў, у якіх улады нядаўна адабралі хлеўчукі, якімі мы карысталіся 30 год. Ні на якія нашы просьбы яны не рэагуюць. Яны праводзілі двойчы з намі сход, але ніякіх захадаў не зрабілі. Мы напісалі ліст, падпісаліся ўсе, але таксама аніякіх захадаў не было зроблена. Нас не палічылі людзьмі, якія прапрацавалі па 40 і больш год. Гэта была наша апошняя надзея і наша здароўе, гэтыя хлеўчукі. Мы хочам, каб праўда перамагла. Яны матывуюць гэта тым, што мы самавольна занялі гэтыя землі. Гэтай зямлёй мы карысталіся на працягу 30 гадоў, калі была савецкая ўлада. А цяпер яны ад нас патрабуюць дакумэнты. Якія мы зараз можам даць дакумэнты? Амаль усе хлеўчукі зьнесены, засталося вельмі мала, але там як прайшла вайна”.

Дзеяньні адміністрацыі Ельскага раёну тлумачыць супрацоўніца аддзелу архітэктуры і будаўніцтва:

“Гэтыя хлеўчукі пабудаваныя побач зь мікрараёнам без аніякіх дакумэнтаў — самавольнае будаўніцтва. Яны там гадуюць сьвіней, курэй, а побач — жылыя дамы. Натуральна, што будзе незадаволенасьць. Разумееце, якая незадаволенасьць? Іншыя людзі незадаволеныя, што ўсё гэта побач зь мікрараёнам. Кабанчык верашчыць побач зь дзіцячай пляцоўкай. А гэта не паложана. Райвыканкам усё прымушае зносіць, бо гэта было пабудавана без дазволу. Але мы даем надзелы зямлі за горадам. А для будаўніцтва гаражоў ёсьць у нас гаражны каапэратыў”.

Зьняволены ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадае болей за 90 дзён. Ён пратэстуе супраць зьняволеньня і супраць абвінавачаньняў, якія вылучаныя супраць яго. Аўтуховіча падазраюць у тым, што ён кіраваў групай “аўганцаў”, якія рыхтавалі замах на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра на падатках і зборах Васіля Каменку.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:


Яўгенія Казлова і Іна Мішур: “Хочам зьвярнуцца да спадара прэзыдэнта. Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Вы займаеце ў краіне самы высокі пост, вас нават называюць нашым бацькам. Кожны бацька любіць сваіх дзяцей і клапоціцца пра іх здароўе. Чаму ж вы дазваляеце аднаму са сваіх сыноў, Аўтуховічу Мікалаю, паміраць галоднай сьмерцю? Чым жа ён перад вамі гэтак страшна правініўся? Ці ён злодзей, ці забойца? Толькі вы можаце ўратаваць жыцьцё нашага маладога суайчыньніка. Мы, беларусы, будзем за гэта вам вельмі ўдзячныя, а пашана да вас ад гэтага толькі ўзрасьце”.

Пракамэнтаваць зварот слухачам мы папрасілі былога палітвязьня, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца, які неаднойчы ўдзельнічаў у галадоўках пратэсту:

“Па-першае. Я б не сказаў, што ўсе беларусы лічаць Лукашэнку сваім бацькам. Але можна і зразумець гэтых жанчын, якія клапоцяцца пра Мікалая. Ягоны стан вельмі небясьпечны. Здароўе, якое ён падарваў, вельмі цяжка будзе вярнуць назад, а можа, і наагул яно ня вернецца. Што тычыцца палітвязьняў, іх Лукашэнка добра ведае. Усе людзі, якія сядзяць за палітыку, яны сядзяць на ягоны загад. Таму я лічу такі зварот бессэнсоўным. А зь іншага боку — акрамя Лукашэнкі, гэтае пытаньне ніхто ня можа вырашыць”.

На пачатку ліпеня прэзыдэнт ЗША Барак Абама наведаў з працоўным візытам Маскву. З прэзыдэнтам гэтай краіны Дзьмітрыем Мядзьведзевым ён падпісаў 8 двухбаковых пагадненьняў. Сярод іх: пагадненьне пра скарачэньне стратэгічных наступальных узбраеньняў, пра транзыт амэрыканскіх вайскоўцаў і ўзбраеньняў у Аўганістан праз расейскую паветраную прастору, дакумэнт пра аднаўленьне вайсковага супрацоўніцтва.

У часе візыту Абамы ў Маскву “беларускае пытаньне” не разглядалі.

Як вядома, дачыненьні афіцыйнага Менску і ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А ўвядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку 2008 году прывяло да дыпляматычнага канфлікту. Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна зьменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША адмянілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.

Паэтычная рэакцыя на беларуска-амэрыканскія дачыненьні ад нашага сталага слухача:

Спадар:
“Можа, сустрэча Мядзьведзева і Абамы
адкрые беларусам дзьверы ў Штаты, як у простую краму?
Мая стрыечная сястра хоча пабачыць брата.
Яму 90 год, жыве ў Штатах.
Амбасады ЗША
у Менску, лічы, няма.
Запрасіць трэба, праблемы,
але верыць, што будуць зьмены.
А покуль пытаньне стаіць,
як быць і сёньня да Штатаў даляцець?
Бо, ня дай Бог, брат памрэ”.


Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG