Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс даляра ЗША на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 13 ліпеня дасягнуў новага гістарычнага максымуму — 2.882 рублі. Гэта на 2 рублі больш за рэкорднае значэньне курсу, якое фіксавалася 9—13 сакавіка гэтага года.

Па выніках таргоў устанаўліваецца афіцыйны курс даляра на наступны дзень. 14 ліпеня ён складзе 2.882 рублі.

Афіцыйны курс эўра ў аўторак будзе роўны 4.016,64 рублі, і гэта таксама новы рэкорд. Ранейшы максымум быў роўны 3.991,15 рубля (13 ліпеня).

З пачатку ліпеня афіцыйны курс даляра ЗША вырас на 45 рублёў (1,59%), эўра — на 38,03 рубля (0,96%).

Павелічэньне каціровак даляра і эўра зьвязана з аслабленьнем расейскага рубля — трэцяй валюты, якая ўваходзіць у кошык, курс якога Нацыянальны банк імкнецца трымаць стабільным. З пачатку месяца афіцыйны курс даляру да расейскага рубля вырас на 5,65% (з 31,2904 да 33,0597). Афіцыйны курс расейскага рубля да беларускага зьнізіўся на 3,85% (з 90,67 да 87,18).

Курс кошыка валют да беларускага рубля з пачатку месяца зьнізіўся на 0,47% (з 1.007,75 да 1.003,05), пры гэтым з 1 па 13 ліпеня ён вырас на 0,02%, а на 14 ліпеня курс кошыка паменшаны на 0,49% у параўнаньні з папярэднім днём.

З пачатку года курс даляра вырас на 31% (пасьля разавай дэвальвацыі — на 8,75%), эўра — на 30,53% (8,47%), расейскага рубля — на 13,38% (зьнізіўся на 3,31%). Курс кошыка валют вырас на 4,48% да пачатковага ўзроўню (960 рублёў) пры калідоры ваганьняў плюс-мінус 10% (да 22 чэрвеня плюс-мінус 5%).
XS
SM
MD
LG