Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танны шырспажыў зьнікне?


Чаркізаўскі рынак
Чаркізаўскі рынак

Закрыцьцё ў Маскве паводле ўказаньня маскоўскага мэра Чаркізаўскага рынку закранула многіх дробных прадпрымальнікаў у Беларусі. Менавіта на гэтым рынку яны набывалі танныя прамысловыя вырабы, каб прадаваць іх у сябе дома.

Да прыкладу, гомельскія дробныя бізнэсоўцы езьдзілі на Чаркізаўскі рынак па тавар нават пасьля трагедыі, калі ў жніўні 2006 году там загінула ад выбуху прадпрымальніца Ірына Багамолава. Больш прыдатнага месца гуртовага гандлю з памяркоўнымі цэнамі ў расейскай сталіцы проста няма.

Апавядае прадпрымальніца Тамара:

“Вось я сабралася на Чаркізаўскі рынак: раз — і адменена паездка, яго закрылі. Няма чым працаваць. Тавар жа трэба па сэзоне прывозіць, абнаўляць яго. Зараз вось седзімо й ня ведаем, што рабіць. Хіба цэны падвышаць… Бог яго ведае, што будзе”.

Спадар Васіль гандлюе недарагім мужчынскім абуткам. Разумее, што з закрыцьцём Чаркізаўскага рынку ў яго наступіў ня лепшы час:

“Там былі зручныя пад’езды, мы да яго прызвычаіліся, і ўсё было добра. І цэны былі прымальнымі. Калі ў Лужніках на рынку працуе 10 чалавек на адным тавары, то там — тысячы. Натуральна, і цэны ніжэйшыя там, чымсьці, напрыклад, на рынку ў Лужніках.

Я гандлюю дэрматынавым абуткам, і я шукаю танны абутак, каб мае людзі прыходзілі да мяне. Будзем у Лужнікі езьдзіць. У Маскве наагул шмат розных рынкаў. Будзем неяк прывыкаць, будзем шукаць. Трэба будзе паматляцца па Маскве”.

У прадпрымальніцы Яўгеніі аптымізму меней. Яна ўжо пабывала на рынку ў Лужніках:

“Езьдзілі на рынак у Лужнікі. Цэны там на 50 працэнтаў вышэйшыя, чымсьці на Чаркізаўскім рынку. Дапрадаем 35 ды 36 памер абутку й адзеньня, якое ёсьць. А якое потым выйсьце — хто ж яго ведае? Людзі просяць, але абуць, адзець іх няма ў што. Чым зараз гандляваць, як працаваць? Дзе ўзяць тавар? Праблема!”

Некаторыя беларускія прадпрымальнікі, асабліва з паўднёвых раёнаў, набывалі тавар ва Ўкраіне. Уведзеныя летась мытныя абмежаваньні перакрылі й гэты кірунак. Сваіх аптовых рынкаў, накшталт Чаркізаўскага, у Беларусі няма.

Прадпрымальніца Люба, якая гандлюе ў Гомелі на Прывакзальным рынку, лічыць, што сытуацыя з закрыцьцём Чаркізаўскага рынку выглядае крытычнай. Яна немінуча ўдарыць па кашальку беларускіх спажыўцоў:

“Людзі прызвычаіліся да адных цэнаў. Людзі ведаюць, што наш рынак недарагі. Яны прыйдуць, а ў нас цэны іншыя. Яны ўжо да нас ня прыйдуць. Горш будзе і нам, і горш будзе людзям. Усе мы пацерпім. Калі нам будзе нявыгадна, мы будзем закрывацца”.

Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў у закрыцьці Чаркізаўскага рынку, празь які ішлі танныя тавары пераважна кітайскай вытворчасьці, бачыць шэраг наступстваў. Адно зь іх хутчэй станоўчае — зьнікнуць шэрыя схемы паставак тавараў, з-за якіх бюджэт недаатрымоўвае некаторую частку падаткаў. Але будуць і нэгатыўныя наступствы:

“Калі гэтыя каналы будуць перакрытыя, то ёсьць пагроза росту кошту спажывецкіх тавараў на шмат пазіцыяў спажывецкага кошыка, якім карыстаецца ня самая заможная частка насельніцтва Беларусі. І яшчэ адно важнае пытаньне — гэта пытаньне гандляроў, прадпрымальнікаў Беларусі, дробнага бізнэсу, ці, як мы хацелі б іншы раз казаць, сярэдняга клясу. Іхняе становішча пагоршыцца даволі сур’ёзна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG