Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекарка ізалятара: “Аўтуховіч галадоўку не спыніў”


Мікалай Аўтуховіч, фота з архіву

Мікалай Аўтуховіч, фота з архіву

Сёньня 89 дзён, як у менскім сьледчым ізалятары галадуе на знак пратэсту Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік з Ваўкавыску, якога абвінавацілі ў падпале дома мясцовага міліцыянта. Як пачуваецца вязень, якія навіны адносна ягонай крымінальнай справы?

Напярэдадні былі зьвесткі, што Мікалай Аўтуховіч на пачатку тыдня зьбіраецца спыніць галадоўку. Каб праверыць гэтыя зьвесткі, я пазваніў на тэлефон дзяжурнага “Валадаркі”. Дзяжурны адказаў каротка: “У нас няма галадоўнікаў” — і кінуў слухаўку. Пасьля гэтага я пазваніў доктарцы ізалятара, якая 8 ліпеня казала мне пра тое, што Аўтуховіч нібыта мае намер спыніць галадоўку. Паводле яе цяперашніх зьвестак, галадоўка працягваецца:

“Пакуль ён не прымае ежы. Мне невядома, чаму дзяжурны кажа, што ў нас няма галадоўнікаў. Ён ня ведае, насамрэч ёсьць у нас галадоўнікі. Мне Аўтуховіч сёньня казаў, што падумае, ці спыняць галадоўку. Мне ж трэба падрыхтавацца да ягонага харчаваньня, калі ён спыніць галадоўку. Звычайнай ежы ён жа прымаць ня зможа. Пакуль ён яшчэ думае і галадуе”.

Даведацца, як пачуваецца ў дадзены момант Мікалай Аўтуховіч, не ўдалося — размову спынілі. Нагадаю, паводле адваката Паўла Сапелкі, які бачыўся з Аўтуховічам 10 ліпеня, той быў “вельмі слабы, казаў, што ў яго кружыцца галава, дваіцца ў вачах і кожны рух даецца яму зь вялікім намаганьнем”.

Тацяна Ўланава, жонка затрыманага 8 ліпеня былога “аўганца” Канстанціна Ўланава, сёньня мела тэлефонную размову са сьледчым Віктарам Клачко, які вядзе справу Аўтуховіча. Сьледчы пацьвердзіў жанчыне, што яе муж затрыманы менавіта ў справе Аўтуховіча:

“Сьледчы сказаў, што муж затрыманы як падазроны ў датычнасьці да справы Аўтуховіча і што працуе па маёй скарзе. Што будзе дадзены адказ, які я змагу забраць сама ці яны прышлюць па пошце”.

10 ліпеня Тацяна Ўланава паскардзілася ў пракуратуру на шэраг працэсуальных парушэньняў пры затрыманьні яе мужа 8 ліпеня. У тым ліку на тое, што не было паведамлена, якая пракуратура давала дазвол на ператрус у доме і на лецішчы Ўланавых. Тацяна Ўланава кажа, што падчас гэтых ператрусаў сьледчыя нічога не знайшлі, акрамя паляўнічай стрэльбы мужа, якая была зарэгістраваная і захоўвалася належным чынам. Жанчына мяркуе, што яе муж ні ў чым не вінаваты і выставіць яму абвінавачаньне можна, толькі “нешта прыдумаўшы”.

Пакуль няма зьвестак пра тое, дзе зараз трымаюць альбо ці вызвалілі ўжо Людмілу Парэмскую. Гэта дырэктарка фірмы ў Ваўкавыску, у якой да арышту працаваў Мікалай Аўтуховіч. Людмілу Парэмскую затрымалі ў Ваўкавыску 8 ліпеня і адвезьлі ў Менск. Жанчыну бачылі ў менскім сьледчым ізалятары 9 ліпеня, але 10 ліпеня дзяжурны ізалятара сказаў, што “такой грамадзянкі сярод затрыманых няма”. Мабільны і працоўны тэлефоны Людмілы Парэмскай не адказваюць.



Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча, а таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку арыштавалі 8 лютага і абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя сябры, вінаватым сябе не прызнае. З 16 красавіка прадпрымальнік трымае галадоўку, патрабуючы перадачы справы ў суд альбо вызваленьня праз падпіску пра нявыезд. 9 ліпеня зьявіліся зьвесткі, паводле якіх Мікалай Аўтуховіч нібыта фігуруе яшчэ ў адной крымінальнай справе — аб падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Камянко. У міліцыі гэтых зьвестак дагэтуль не камэнтуюць.
XS
SM
MD
LG