Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газаправод "Набука" дасьць Эўропе дадатковыя гарантыі энэргетычнай бясьпекі, вера ў якую была падарваная газавым канфліктам паміж Расеяй і Ўкраінай у студзені.

Сёньня ў Анкары пяць транзытных краінаў падпісалі дамову аб пабудове газаправоду "Набука", які зможа пастаўляць газ з касьпійскага рэгіёну ў Эўропу ў абыход Расеі.

Дамову аб пабудове газаправоду даўжынёю 3300 кілямэтраў, які пачнецца ва ўсходняй Турцыі і пойдзе праз Баўгарыю, Румынію і Вугоршчыну ў Аўстрыю, падпісалі якраз гэтыя пяць зацікаўленых краінаў. У цырымоніі падпісаньня ўзялі ўдзел прадстаўнікі каля 20 краінаў ды старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

Мяркуецца, што пабудова газаправоду "Набука" пачнецца ў наступным годзе і закончыцца ў 2014. "Набука" падключыцца да ўжо гатовага газаправоду, які злучае Турцыю з Азэрбайджанам цераз Грузію.

Кошт "Набука" ацэнены ў 11 мільярдаў даляраў. Газаправод разьлічаны на перапампоўваньне 31 мільярда кубамэтраў газу ў год, што складзе ад 5 да 10 адсоткаў аб’ёму газу, які Эўропа мяркуе спажываць каля 2020 году. Інакш кажучы, газаправод "Набука", калі пачне працаваць, дасьць Эўропе дадатковыя гарантыі энэргетычнай бясьпекі, вера ў якую была моцна падарваная газавым канфліктам паміж Расеяй і Ўкраінай у студзені.

"Газаправод "Набука" мае вырашальнае значэньне для энэргетычнай бясьпекі Эўропы і Турцыі. Ён забясьпечвае дывэрсыфікацыю крыніцаў і шляхоў паставак газу ды спалучае надзейны рынак спажыўцоў з надзейнымі пастаўнікамі надзейным транзытным шляхам," — сказаў Барозу падчас цырымоніі падпісаньня.

Ня ўсё, аднак, выглядае так аптымістычна.

Па-першае, непрыхільна да праекту "Набука" ставіцца Расея, прапануючы Турцыі ўдзел у пабудове плянаванага газаправоду "Паўднёвы паток", які пойдзе па дне Чорнага мора з Расеі ў Баўгарыю, а потым разгалінуецца на Грэцыю і Італію на поўдні ды на Сэрбію, Вугоршчыну і Аўстрыю на поўначы. Да гэтага праекту Расея ўжо здолела схіліць некалькі краінаў з паўднёвай і сярэдняй Эўропы.

Па-другое, існуюць два эўрапейскія праекты газаправодаў з Грэцыі ў Італію — гэтак званы Злучальнік Грэцыя-Італія (ITGI) і Трансадрыятычны газаправод (TAP) — для якіх "Набука" зьяўляецца ня надта пажаданым праектам.

Па-трэцяе, Украіна ўпарта прабівае ў Брусэлі праект газаправоду "Белы паток", як злучыў бы касьпійскі рэгіён па дне Чорнага мора з Украінай ды мог быць працягнуты ў Румынію і далей у Эўропу.

Па-чацьвертае і, мабыць, найважнешае — пакуль што невядома, якія краіны будуць пастаўляць газ у "Набука". Мяркуецца, што на пачатковым этапе для запуску газаправоду з прапускной здольнасьцю 8 мільярдаў кубамэтраў у год, хопіць паставак газу з Азэрбайджану. У верасьні сёлета Азэрбайджан уводзіць у эксплюатацыю новае газавае радовішча — "Шах Дэніз ІІ". Брусэль, магчыма, спадзяецца, што гэтае радовішча ў 2014 годзе дасьць значна большы аб’ём паставак, чым толькі 8 мільярдаў кубамэтраў, патрэбных для запуску "Набука".

Іншыя патэнцыйныя пастаўшчыкі газу ў "Набука" ўключаюць Ірак, Іран і Туркмэністан, магчыма, што яшчэ Ўзбэкістан і Казахстан. Аднак Ірак ахоплены палітычнай нестабільнасьцю, а ў Ірана вельмі дрэнныя адносіны з Захадам, так што спадзяваньні на пастаўкі газу з гэтых дзьвюх краінаў — мала апраўданыя. Што тычыцца краінаў Сярэдняй Азіі, дык зь імі вельмі актыўна працуе Газпром, стараючыся ўзяць пад кантроль увесь іхні газавы экспарт.

Урэшце, газаправод, які ідзе з Азэрбайджану ў Турцыю цераз Грузію, мае гадавую прапускную здольнасьць 10 мільярдаў кубамэтраў. Калі думаць пра выкарыстаньне "Набука" на поўную магутнасьць, дык трэба мадэрнізаваць гэты пабудаваны газаправод (або пракладваць новую нітку з каспійскага рэгіёну ў Турцыю).

Карацей, падпісанае сёньня пагадненьне ў Анкары аб пабудове "Набука" зьяўляецца ўсяго адным крокам наперад у зьдзяйсьненьні доўгачаканага праекту. Наступныя крокі павінны зрабіць інвэстары, дэкляруючы фінансавую падтрымку. Пакуль што толькі Эўразьвяз запрапанаваў 350 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG