Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны намесьнік Гайдукевіча


Уладзімер Карунас
Уладзімер Карунас

Дэпутат Менскага гарсавету, намесьнік старшыні Лібэральна- дэмакратычнай партыі Беларусі Ўладзімер Карунас арыштаваны па падазрэньню ў атрыманьні хабару ў памеры амаль 9 тысяч даляраў.

Прадстаўнік менскай гарадзкой пракуратуры Сяргей Балашаў патлумачыў, што 6 ліпеня гэтага году адносна Ўладзімера Карунаса пачата крымінальная справа па частцы 2-й артыкула 430 “Атрыманьне хабару”.

“Цяпер справа расьсьледуецца пракуратурай Менску. І адносна абвінавачанага абрана мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Памер хабару складае каля 9 тысячаў даляраў, падзеі тычацца пэрыяду 2007—2009 гадоў”.

У гэты час Уладзімер Карунас быў дэпутатам Менскага гарсавету. Пры якіх абставінах выяўлены гэты хабар, у пракуратуры пакуль не паведамляюць “у інтарэсах сьледзтва”.

54-гадовы Ўладзімер Карунас жыве ў Фаніпалі. Ён намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, узначальвае менскую гарадзкую арганізацыю партыі. Кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча. Цяпер ён зьмешчаны ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Сяргей Гайдукевіч сказаў, што ня мае падрабязнасьцяў справы. Ён кажа, што яго паплечніка па партыі затрымалі на мінулым тыдні.

Сяргей Гайдукевіч
“Нам хацелася б даведацца: калі гэта хабар, то альбо яго ўзялі на гарачым, альбо не ўзялі. З кім гэта зьвязана?А тут адзін Карунас, ня мог жа Карунас сам сабе даваць хабар. У нас няма ніякай рэальнай магчымасьці пра нешта даведацца. Куды ні тэлефануем, ніхто нічога ня кажа. Ведаем, што ён сустракаўся з прадстаўнікамі КДБ, а потым бах — пайшоў на працу і не даехаў да працы. Ніхто нічога ня ведае. Жонцы не тэлефануюць. Адвакатаў няма”.

Ці можа гэты крымінальны перасьлед быць зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю спадара Карунаса? На гэта спадар Гайдукевіч сказаў:

“Я ж сур'ёзны палітык, я не разумею за што затрымалі Карунаса. Я даведаўся толькі ад журналістаў. І мы цягам пятніцы, суботы і сёньняшняга дня ня можам нічога ні ў кога даведацца. Дэпутат жа гарсавету — гэта не прафэсійная аснова, у яго нічога няма, нават кабінэта свайго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG