Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 кантрольна-прапускны пункт з металашукальнікамі, сотні міліцыянтаў у форме ды ў цывільным а таксама ўзвод кінолягаў са службовымі сабакамі мусяць забясьпечыць парадак калі не ва ўсім Віцебску, дык хаця б у “фэстывальнай зоне”.


Ужо ня першы год на пэрыяд правядзеньня “Славянскага базару” у Віцебск звозяць міліцыянтаў з усіх райцэнтраў вобласьці, а таксама зь Менску. Але ўпершыню, як паведаміў журналістам падчас адмысловага брыфінгу па праблемах фэстывальнай бясьпекі начальнік управы аховы правапарадку МУС аблвыканкаму Ігар Скарыновіч, на вуліцах гораду значная частка супрацоўнікаў міліцыі прысутнічае ў цывільным.

На ягоную думку, такім чынам удасца залішне не нэрваваць гасьцей і жыхароў гораду. Але такі падыход да аховы бясьпекі каму-нікаму з віцяблянаў падаецца проста непрафэсыйным, бо менавіта сама па сабе прысутнасьць людзей у форме здольная папярэдзіць магчымыя правапарушэньні.

“Гэты крок сьведчыць пра крайнюю ступень некампэтэнтнасьці. Бо чалавек у форме праваахоўных органаў адным фактам сваёй прысутнасьці мусіць супакойваць людзей, перасьцерагаць іх ад асацыяльных учынкаў, і менавіта да чалавека ў форме людзі павінны мець мажлівасьць зьвярнуцца па дапамогу або па інфармацыю”.

На думку суразмоўцы, які пажадаў застацца невядомым, міліцыя проста дыскрэдытавала сябе ў вачох грамадзянаў, калі лічыць за лепшае прыхоўваць сваю прысутнасьць. Або лічаць усіх навокал патэнцыйнымі злачынцамі, за якімі зручней цікаваць спадцішка.

Да 16-й гадзіны забароны на алькаголь у фестывальным Віцебску няма


Зрэшты пэўную некампэтэнтнасьць, паводле шараговага назіральніка падзеяў “Славянскага базару”, дэманструюць ня толькі шараговыя ахоўнікі правапарадку:

“Я назіраў, як на кірмашы “Горад майстроў” нешта набываў чалавек, надзвычай падобны да сына прэзыдэнта Віктара Лукашэнкі. Ён быў з целаахоўнікам, і мяне ўразіла, што чалавек, які зьяўляецца Памочнікам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, ня ведае, што целаахоўніка нельга выкарыстоўваць у якасьці лёкая, што нельга торкаць яму ў рукі нейкія свае пакупкі. Бо гэта ператварае яго ў мішэнь для кожнага патэнцыйнага тэрарыста! Я ўсё ж спадзяюся, што гэта быў ня ён, інакш мы ўсе ў патэнцыйнай небясьпецы.
Пра бясьпеку гараджан мусяць паклапаціцца міліцыянты, якія дзяжураць на кантрольна-прапускных пунктах, не дазваляючы праносіць у цэнтар гораду зброю, вострыя прадметы і алькагольныя напоі. Гледачы канцэртаў у Летнім амфітэатры павінны прайсьці тры такія кардоны, перш чым трапіць у залю.

Але тыя, для каго білеты на “Славянскі базар” занадта дарагія, знаходзяць альтэрнатыву: назіраюць за рэпэтыцыямі вядомых артыстаў праз плот. Гэта бясплатна, і не выклікае пытаньняў у ахоўнікаў.



Што да яшчэ аднаго аспекту бясьпекі, то сёлета з праграмы “Славянскага базару” зьнік “Дзень цьвярозасьці”. Адно што ўведзена абмежаваньне на продаж сьпіртовых напояў у цэнтры горада – імі гандлююць толькі да 16-й гадзіны. Але да таго часу аматары алькаголю спраўляюцца і спажыць пэўную порцыю, і набыць у запас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG