Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Дыктатары сябе так, як я, не паводзяць”

  • БелаПАН

У Беларусі немагчымае існаваньне дыктатуры, сцьвярджае Аляксандр Лукашэнка. "Калі б у нас была дыктатура, нас бы даўно раздавілі", — заявіў ён у інтэрвію аўстрыйскай газэце Die Presse.


Інтэрвію было дадзена 6 ліпеня. 12 ліпеня яго ўрыўкі публікуе дзяржаўнае агенцтва БелаТА са спасылкай на прэс-службу прэзыдэнта.

"У нас няма ядзернай зброі, энэрганосьбітаў і гэтак далей, — сказаў Лукашэнка. — Мы ж залежныя ад сьвету па ўсіх артыкулах. Мы не можам тут праводзіць тую палітыку, якая сёньня сусьветнай супольнасьцю не ўспрымаецца, у тым ліку і Аўстрыяй. Дыктатары сябе так, як я, не паводзяць. Але трэба было "бірку" на прэзыдэнта Беларусі павесіць, бо Лукашэнка — не амэрыканскі, не праамэрыканскі".

Дыктатары сябе так, як я, не паводзяць. Але трэба было "бірку" на прэзыдэнта Беларусі павесіць, бо Лукашэнка — не амэрыканскі, не праамэрыканскі"
Кіраўнік дзяржавы прызнаў: "Тое, што ў прэзыдэнта засяроджана пэўная ўлада, і немалая, — гэта праўда". "Але вазьміце больш сур`ёзныя рэчы, — дадаў ён. — Узялі і разбамбілі Ірак. З-за чаго? Што там, дыктатар, які стварае ядзерную зброю. Дыктатара няма. А ядзерная зброя дзе? Таксама няма. Дзіўна неяк атрымліваецца… "Бірку" вешаюць і пачынаюць пад гэта церабіць чалавека, краіну".

Лукашэнка аспрэчыў чуткі аб тым, што ён нібы рыхтуе малодшага сына ў якасьці свайго пераемніка. "У нас гэта немагчыма. І калі я гаварыў пра свайго малыша, то гэта быў звычайны жарт. Але журналісты гэта ўспрынялі чамусьці сур`ёзна", — сказаў ён.

Праз 10 гадоў прэзыдэнт бачыць Беларусь "квітнеючай дзяржавай, да якой ніхто не будзе мець ніякіх прэтэнзій, у тым ліку і Аўстрыя". На пытаньне, ці будзе тады Аляксандр Лукашэнка прэзыдэнтам Беларусі, ён адказаў: "Наўрад ці. Я думаю, да гэтага часу вырастуць новыя людзі, якія возьмуць у рукі краіну і павядуць яе".

"Але запомніце, — падкрэсьліў Лукашэнка. — У нашай краіне хто будзе прэзыдэнтам чарговым, будзе вызначаць толькі беларускі народ. Я памятаю, як мяне абіралі — так тады вырашыў народ. І гэта сьвятое права ніхто не можа ў яго, у гэтага народа, адабраць. І я гэта права ў свайго народа адбіраць не зьбіраюся".

калі я гаварыў пра свайго малыша, то гэта быў звычайны жарт. Але журналісты гэта ўспрынялі чамусьці сур`ёзна
Аляксандр Лукашэнка не бачыць вялікай розьніцы паміж дэмакратыяй у Беларусі і Эўропе.

"Трэба бачыць галоўнае ў нашых адносінах. А галоўнае — гэта не ставіць умовы накшталт вы там дэмакратызуйце краіну, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Раскажыце, як дэмакратызаваць? Дзе той стандарт? Можа, у Аўстрыі, можа, у Германіі, яшчэ дзесьці? Для кожнай краіны свой стандарт. І мы настолькі, у вашым разуменьні, будзем дэмакратызавацца, наколькі гэта ў інтарэсах нашага народа. Гэта — па-першае. Па-другое, я не бачу вялікай розьніцы паміж дэмакратыяй у Беларусі і Эўропе. Ды ў нас людзі жывуць больш спакойна, чым у іншай эўрапейскай краіне".

Паводле слоў Лукашэнкі, эўрапейцы і амэрыканцы часта дэманструюць недасведчанасьць па шматлікіх аспэктах рэальнага жыцьця ў Беларусі.

Кажучы пра адносіны Беларусі з ЭЗ, прэзыдэнт падкрэсьліў: "Трэба давяраць адзін аднаму". "Не трэба ставіць дадатковых нейкіх умоў: мы з вамі вось гэта, калі вы вось гэта. Гэта запавольвае наш рух наперад. Трэба шукаць пункты сутыкненьня і выпрацоўваць парадак дня адносін", — сказаў ён.

Эўрапейцы прапаноўваюць нам вельмі выгаднае супрацоўніцтва. Амаль палова нашага тавараабароту — у Эўрапейскім Зьвязе. У нас пад бокам у ЭЗ вельмі тэхналягічная эканоміка. І нам ёсьць да чаго імкнуцца, ёсьць добры прыклад
Такі "парадак дня", паводле слоў Лукашэнкі, "ужо выпрацаваны жыцьцём": "Наркатрафік, гандаль людзьмі, адзіныя транспартныя, энэргетычныя праблемы і гэтак далей — велізарная колькасьць пытаньняў. Яны важныя і для Эўропы, і для нас".
. Беларусі вельмі выгадны ўдзел ва "Усходнім партнэрстве", заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Эўрапейцы прапаноўваюць нам вельмі выгаднае супрацоўніцтва. Амаль палова нашага тавараабароту — у Эўрапейскім Зьвязе. У нас пад бокам у ЭЗ вельмі тэхналягічная эканоміка. І нам ёсьць да чаго імкнуцца, ёсьць добры прыклад", — сказаў Лукашэнка.

"Хваравітую рэакцыю" Масквы на "Усходняе партнэрства" ён зьвязвае з тым, што расійскае кіраўніцтва, магчыма, не атрымлівае дастатковай інфармацыі. "Хоць мы не аднойчы гаварылі аб тым, што "Усходняе партнэрства" для нас — гэта не дружба супраць Расіі. Нам Расію ніхто не заменіць, і пра гэта мы адкрыта гаворым", — падкрэсьліў Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG