Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кітайскі шырспажыў у “Горадзе майстроў”


Сувэніры са “Славянскага базару”

Сувэніры са “Славянскага базару”

У фэстывальным Віцебску адкрыўся традыцыйны кірмаш “Горад майстроў”. Аднак побач з творамі народных майстроў і мастакоў былі выстаўленыя на продаж кітайскія цацкі і сувэніры, танная біжутэрыя са штучных камянёў, адзеньне і аксэсуары, якія да спрадвечных славянскіх рамёстваў ня маюць аніякага дачыненьня.

Удзельнікі кірмашу, якія прывезьлі свае вырабы з Украіны, Расеі, але большай часткай зь Беларусі, сёлетнім “Горадам майстроў” на “Славянскім базары” не задаволеныя. Кажуць, што нашмат меней пакупнікоў у параўнаньні зь мінулым годам, але нашмат болей гандляроў – у тым ліку тых, хто прывёз на кірмаш звычайны шырспажыў і заняў месца ў “Горадзе майстроў”, заплаціўшы за гэта 41 тысячу рублёў.


Калі ўлічыць, што жаночыя завушніцы са штучнымі камянямі каштуюць 7 тысяч, а сумка, як напісана над шапікам, “з парашутнага шоўку” – 20 тысяч, то арэнда гандлёвага месца хутка акупіцца.

Але гэткі падыход арганізатараў, на думку сябра Саюзу майстроў народнай творчасьці Юрыя Адамовіча, ёсьць прафанацыяй самой ідэі “Гораду майстроў”:

Юры Адамовіч
-- Ганіце гэтую “кітайшчыну”! Ніколі ня быць “Славянскаму базару” чымсьці прыстойным, пакуль тут будзе ўсё такім завалена. Я езжу ў Эўропу, мы наведваем 7-8 краін за год. Паспрабуйце ў Вільні ці Кракаве пагандляваць вось гэткім – плястмасавыя цацачкі, штучныя камяні, набытыя, пэўна, оптам ці на вагу, як сьмецьце! Ды не адна мэрыя не пускае да сябе такія падробкі!

Спадар Адамовіч, які неаднаразова атрымліваў узнагароды за свае творы, у якіх кампануецца дрэва і мэталь, знарок прасіў журналістаў, каб як мага шырэй распаўсюдзілі гэтае ягонае, і ня толькі ягонае меркаваньне. Але зьвярнуцца яму можна было ня толькі да прадстаўнікоў прэсы: па “Горадзе майстроў” прагульваўся сам міністар культуры Павал Латушка, назіраючы, чым цікавяцца наведнікі і пакупнікі, а што не прыцягвае іх ўвагуі.


На кірмашы можна было паназіраць за працай сапраўдных майстроў, якія прывезьлі з сабою свае прылады: яны вышывалі, майстравалі вырабы з саломкі, і ахвотныя маглі нават узяць “майстар-кляс” у каваля або вылепіць уласнымі рукамі сьвістульку з гліны.

Кожны ахвотны можа павучыцца ў сапраўднага майстра

Чамусь у самым дальнім куце мастацкага цэнтру “Задзьвіньне” апынуліся ўдзельнікі конкурсу маляваных дываноў – на ўзор мастацкіх прац Язэпа Драздовіча. Праўда, конкурс называўся “Райскі сад”, і ніякіх аналёгіяў з творчасьцю слыннага беларускага мастака і земляка арганізатары не праводзілі. Але, як распавяла мастачка Алена Таляронак, узяць удзел у гэтай імпрэзе выказалі жаданьне прадстаўнікі амаль усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, і некаторыя нават зьмянілі свой звычайны профіль заняткаў: фарбы ды пэндзьлі ўзялі ў рукі нават майстрыхі па ткацтве ды кераміцы.

Тое, што госьці “Славянскага базару” насамрэч цікавяцца традыцыйнай беларускай культурай, яшчэ раз прадэманстраваў “Фэстываль ільну”, які праводзіцца ў Віцебску ўпершыню. Але там дэманстраваліся ды прадаваліся фабрычныя вырабы – адзеньне, сурвэткі, ручнікі. А творы мастацкай вартасьці аматарам даводзілася шукаць у “Горадзе майстроў” у адных шэрагах з кітайскімі веерамі, майкамі з двухсэнсоўнымі надпісамі, ды мыльнымі пухірамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG