Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская піраміда: бярэм новыя крэдыты, каб вяртаць старыя


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Замежная дзяржаўная запазычанасьць Беларусі на 1 чэрвеня склала крыху больш за пяць мільярдаў даляраў і вырасла з пачатку году на 1 мільярд 300 мільёнаў, паведаміў сёньня міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Наколькі небясьпечным зьяўляецца хуткі рост замежнай запазычанасьці? Ці дапамагаюць новыя крэдыты беларускай эканоміцы? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: “Нягледзячы на гэта, узровень цяжару далёкі ад крытычнага. З улікам прыцягненьня ў гэтым годзе крэдыту МВФ, Сусьветнага банку і расійскага дзяржкрэдыту паказчыкі эканамічнай бясьпекі вонкавай запазычанасьці захоўваюцца ў дапушчальных межах ня толькі па нацыянальных, але і па міжнародных стандартах”, — заявіў міністар фінансаў, камэнтуючы паведамленьне пра дасягненьне замежным доўгам лічбы 5 мільярдаў. Ці можна сапраўды даволі спакойна адчуваць сябе?

Злотнікаў: Можна пагадзіцца з Харкаўцом, што калі ўзяць дзяржаўныя пазыкі, то яны сапраўдны адносна малыя — 5 мільярдаў, але агульная сума ўжо 16 мільярдаў, гэта сумесна з банкамі і прадпрыемствамі. Рэч у тым, што пазыкі гэтыя вельмі кароткатэрміновыя і іх трэба хутка аддаваць. Сёлета ўжо за першы квартал году вярнулі 1,4 мільярда, гэта зусім нямала, гэта каля трэцяй часткі даходаў ад беларускага экспарту. Калі даўгі, якія трэба аддаваць, перавышаюць 20 працэнтаў ад экспарту, то гэта ўжо лічыцца небясьпечным паказьнікам.

Па-другое, таксама трэба вяртаць і дывідэнды на капітал, якія ўкладзеныя ў Беларусь замежнымі інвэстарамі. Гэта таксама складае дзесьці ў год каля 600 мільёнаў даляраў, калі не лічыць тыя прыбыткі, якія яны зноў рэінвэстуюць. Беларусь ня мае такіх прыбыткаў, каб вяртаць тыя пазыкі, якія бралі год таму і раней. І сёлета, і ў наступным годзе ад 5 да 6 мільярдаў даляраў у год прыйдзецца аддаваць.

Цыганкоў: Асаблівасьць беларускай сытуацыі, магчыма, яшчэ і ў тым, што іншыя краіны зь вялікімі замежнымі пазыкамі, на якія часам спасылаюцца беларускія чыноўнікі, набіралі гэтыя пазыкі дзесяцігодзьдзямі.
Раптоўная дэвальвацыя, паніжэньне ўзроўню жыцьця. Гэта вельмі верагодна ў тым выпадку, калі восеньню Беларусь ня здолее набраць новыя крэдыты.
А Беларусь — рэкорднымі тэмпамі за апошнія год-два… Калі так працягваць, то што будзе?

Злотнікаў: Атрымліваецца фінансавая піраміда! Беларусь бярэ пазыкі, каб аддаць тое, што бралі раней! Новыя грошы ідуць не на мадэрнізацыю вытворчасьці, не на рэформы, а на выплату старых даўгоў. Даводзіцца браць яшчэ больш, каб падтрымаць і прадпрыемствы, і ўзровень жыцьця насельніцтва, і каб вярнуць ранейшыя пазыкі, заткнуць дзіркі ў гандлёвым балянсе і гэтак далей.

Давайце ўявім, што пасьля таго, як да восені мы спажывем тыя крэдыты МВФ, якія ўжо дадзеныя, — і наступіць сытуацыя, што ніхто болей крэдытаў ня дасьць. Што тады будзе? Раптоўная дэвальвацыя, паніжэньне ўзроўню жыцьця. Гэта вельмі верагодна ў тым выпадку, калі восеньню Беларусь ня здолее набраць новыя крэдыты.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG