Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адной гарадзенскай сям’і памерла немаўля, спачатку быў пастаўлены дыягназ: “сальманэлёз”, аднак пазьнейшая экспэртыза паказала, што сьмерць наступіла таксама ад грыпу тыпу А(H1N1). У маці ўзьнікла падазрэньне, што гэта мог быць вядомы сьвіны грып. Праўда, сьмерць здарылася ў верасьні мінулага году, а сьвіны грып пачалі выяўляць толькі ў красавіку сёлета. Спэцыялісты зазначаюць, што грып тыпу А(H1N1) існаваў і раней, а вось сьвіны грып, маючы аднолькавае абазначэньне з грыпам сэзонным, адрозьніваецца ад яго генэтычна.

Трэба зазначыць, што маці памерлай дзяўчынкі і яшчэ восем парадзіх паскардзіліся на абласны раддом у пракуратуру. Кожная зь іх мяркуе, што яе немаўля магло захварэць на сальманэлёз у раддоме, хаця хвораба была выяўленая толькі пазьней — пасьля выпіскі. Праўда, у раддоме яны знаходзіліся ў розны час — цягам некалькіх месяцаў.

Гэтай праблемай займаецца гарадзенская журналістка Тацяна Чаркес, яна распавяла, што некаторыя бацькі палічылі, што ў раддоме праявілі нядбайнасьць і не паставілі своечасова дыягназ “сальманэлёз”.

Чаркес: “Лячэньне працягвалася па пяць-шэсьць месяцаў, яно дорага каштуе, і яны хочуць высьветліць — чаму іх дзеці ва ўзросьце немаўляці захварэлі?”

Гэтыя бацькі зьвярнуліся ў пракуратуру.

Чаркес: “Праверка часова спынена праз тэрміны, справа знаходзіцца ў пракуратуры Ленінскага раёну, сьледчы чакае вынікаў экспэртызы зь Менску”.

У адным выпадку дзіця памерла, і адносна пэдыятра, які яе лячыў, праводзіцца асобнае расьсьледаваньне.

Дачка гарадзенкі Вольгі хварэе на сальманэлёз, які выявілі праз два тыдні пасьля выпіскі з раддому. Маці зьвярнулася ў паліклініку, занепакоеная хваравітым станам дзіцяці. Раней яе зьдзівіла, што на другі дзень пасьля нараджэньня дачцэ пачалі калоць антыбіётыкі. Што датычыць сальманэлёзу — гэта паважная хвароба, пагатоў для немаўля.

Вольга: “Дзесяць месяцаў прайшло, я літаральна ўчора перастала даваць лекі, у дзіцяці ўжо „пасаджана“ падстраўнікавая залоза, такі саладжавы пах з роту, а яму толькі дзесяць месяцаў”.

Калі бацькі пачалі скардзіцца, у адной парадзіхі і яе дзіцяці выявілі сальманэлёз і палічылі, што яна магла заразіць іншых. Кабета напісала скаргу, яна лічыць, што абвінавачаньні былі беспадстаўныя.

Як выглядае, незадаволеных мэдычным абслугоўваньнем меней не становіцца. Вось, што мяркуе пра беларускую мэдыцыну адна з гарадзенак:

“Яна бясплатная, нашая мэдыцына, але якасьць паслугаў, што аказваюцца, стаўленьне мэдпэрсаналу ў дзяржаўных лекавых установах проста агіднае, я лічу. Не паўсюдна, канечне, але розьніца адчуваецца: дзяржаўная і прыватная мэдыцына”.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG