Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Рагачоўшыне двое рабочых задыхнуліся ў калодзежы


Двое рабочых акцыянэрнага таварыства “Ціхінічы” Рагачоўскага раёну загінулі падчас рамонту водаправоду. Здарылася гэта 9 ліпеня на тэрыторыі малочнага комплексу “Слапішча”.

53-гадовы сьлесар брыгады працаёмкіх працэсаў палез у тэхналягічны калодзеж, каб перакрыць ваду, а пасьля ўжо рамантаваць пашкоджаную трубу. Унізе мужчына ўпаў. Яго 40-гадовы напарнік паклікаў падмогу й хутка спусьціўся ў калодзеж, але таксама страціў прытомнасьць.

Інжынэра і электразваршчыка, якія спрабавалі выцягнуць загіблых на паверхню, даставілі ў шпіталь.

Паводле зьвестак Гомельскай абласной управы дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, якая высьвятляла сёньня абставіны трагедыі, гібель двух рабочых выклікала атручэньне мэтанам — газам, які часам зьбіраецца ў водаправодных і каналізацыйных калодзежах. Без праветрываньня спускацца ў такія калодзежы нельга.

Матэрыялы праверкі перададуць у пракуратуру.

Комплекс “Слапішча” здадзены ў эксплюатацыю ў траўні. У гаспадарцы сьцьвярджаюць, што за гэты час падобныя працы вяліся ў трох іншых тэхналягічных калодзежах, і ніякіх інцыдэнтаў не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG