Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь купляе ў Расеі 200 камбайнаў


Да сёлетняга жніва шэраг гаспадарак Гомельскай вобласьці ўжо атрымалі 30 камбайнаў “Acros-530” вытворчасьці расейскай кампаніі “Ростсельмаш”. Пасьля нядаўніх узаемных прэтэнзіяў расейскага й беларускага бакоў наконт стварэньня штучных перашкодаў на шляху паставак тэхнікі, абвінавачваньня беларусаў у татальным дэмпінгу й парушэньні гандлёвага балянсу гэта выглядае годным крокам. Прынамсі, зь беларускага боку.

Апошнія 15 расейскіх камбайнаў з 30 заплянаваных гамельчукі разгрузілі толькі ўчора.

Генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Гомельаблаграсэрвіс” Аляксандар Яраш кажа, што ніякія палітычныя беларуска-расейскія дачыненьні яго не цікавяць, ён — выканаўца. Загадана купіць — купілі:

“Я — выканаўца, у мяне была камісія. Тэндэр выйграла Расея. Цягам месяца мы вырашылі ўсе пытаньні, адкрылі акрэдытыў. Расейцы хутка, я нават не чакаў такой апэратыўнасьці, паставілі нам камбайны. „Acros“ — гэта на 80 адсоткаў аналяг „Дона“, але мадэрнізаваны. Паводле кошту камбайны аднолькавыя з гомельскім КЗС-10К. Паводле прадукцыйнасьці й прапускной здольнасьці — яны ідэнтычныя”.

Ужо на наступным тыдні расейскія камбайны выйдуць у поле — на ўборку рапсу.

Але ж пад бокам — аб’яднаньне “Гомсельмаш”. Неблагія камбайны выпускае “Лідсельмаш”. Выглядае, што беларускія вытворцы ня ў стане забясьпечыць вёску айчыннай збожжаўборачнай тэхнікай. І сельская гаспадарка павінна купляць у Расеі камбайны, якія ня лепшыя за беларускія й шмат у чым саступаюць заходнім узорам.

Дырэктар дэпартамэнту рэгіянальных продажаў ВА “Гомсельмаш” Васіль Клімянок кажа на гэта:
І рабілася гэта спэцыяльна з той мэтай, як бы тут ямчэй сказаць, каб не было прэтэнзій з расейскага боку наконт няроўных умоваў продажу тэхнікі.


“Я магу сказаць толькі адно: на пачатку году, калі вырашаліся гэтыя пытаньні, тэхніку мы прапаноўвалі ў любой колькасьці. Справа ня толькі ў тым, што Гомельская вобласьць атрымала 30 камбайнаў. Па тэндэры прайшло 200 камбайнаў растоўскіх. І рабілася гэта спэцыяльна з той мэтай, як бы тут ямчэй сказаць, каб не было прэтэнзій з расейскага боку наконт няроўных умоваў продажу тэхнікі”.

Прадстаўнік “Гомсельмашу” паведаміў таксама, што расейскаму боку забясьпечылі ўмовы, каб выйграць тэндэр. Аднак беларуская тэхніка ў Расеі ня мае мажлівасьці на роўных канкураваць з расейскай:

“Забясьпечаныя былі ўмовы, каб яны выйгралі гэты тэндэр на 200 камбайнаў. У той жа самы час свае абмежаваньні ў Расеі ўвялі на нашы камбайны. Яны пазбавілі беларускую тэхніку ўсялякіх прэфэрэнцыяў, ільготаў, субсыдый, якія дзейнічаюць у Расеі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG