Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапелка: Аўтуховіч не казаў, што зьбіраецца кідаць галадоўку


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які галадуе ўжо 86 дзён? Ці праўда, што на будучым тыдні ён зьбіраецца спыніць галадоўку? Ці выставілі яму абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да замаху на кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко?

У сярэдзіне дня я дазваніўся да кіраўніцы прэсавай службы МУС Сьвятланы Бароўскай і спытаў пра справу Мікалая Аўтуховіча ды пра тое, ці праўда, што яго ўжо падазраюць у тэрарызьме:

“Нічога, акрамя таго, што вам учора казалі, дадаць не магу. У мяне няма зьвестак адносна таго, ці выставілі Аўтуховічу абвінавачаньне ў тэрарызьме”.

У канцы працоўнага дня Мікалая Аўтуховіча наведаў у сьледчым ізалятары ягоны адвакат Павал Сапелка. Вось што распавёў адвакат для Радыё Свабода адразу, як выйшаў з ізалятара:

Павал Сапелка
“Ужо адчувае сябе дрэнна, скардзіўся на тое, што ледзь да мяне выйшаў. Дае сябе знаць агульнае стамленьне арганізму, вельмі схуднеў, асунуўся. Важыць каля 75 кіляграмаў, але галадоўку спыняць не зьбіраецца”.

Паводле Паўла Сапелкі, Мікалай Аўтуховіч за час галадоўкі схуднеў болей як на 30 кіляграмаў. Іх сустрэча доўжылася болей за гадзіну. У канцы сустрэчы было асабліва бачна, як хутка Аўтуховіч стамляецца. Кожнае дзеяньне забірае ў яго шмат сілаў, у яго дваіцца ў вачах, сказаў адвакат. Адносна таго, што, паводле лекаркі ізалятара, у Аўтуховіча нібыта зрабіліся лепшымі аналізы,
Павал Сапелка заўважыў, што ягонаму падабароннаму не паведамляюць вынікаў аналізаў.
Павал Сапелка заўважыў, што ягонаму падабароннаму не паведамляюць вынікаў аналізаў. “Аўтуховіч па-ранейшаму не здымае сваіх патрабаваньняў: альбо перадаць справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд. Ён вельмі мужны чалавек. Але што да мяне, то, мяркую, галадоўку сапраўды трэба спыняць”, — заявіў Павал Сапелка:

“Схіляюся да таго, што паколькі асобам, да якіх ён зьвярнуўся, бяз розьніцы, будзе ён жыць ці ня будзе жыць і да якога стану сябе давядзе, то гэтую галадоўку трэба спыніць. Я выказаў яму гэта ў выглядзе ня просьбы, а свайго меркаваньня. Бо мне як абаронцу ён патрэбны як адэкватны, працаздольны чалавек. Хачу, каб ён пасьпеў стаць такім да таго часу, як нам давядзецца знаёміцца са справай і абараняцца ў судзе”.

Адвакат Павал Сапелка сказаў, што статус Аўтуховіча як абвінавачанага ў падпале не зьмяніўся. Расьсьледаваньне справы працягнутае да 8 жніўня. Адносна зьвестак, што Аўтуховіч фігуруе ў іншай справе паводле артыкула пра тэрарызм, адвакат сказаў, што яго “зноў папярэдзілі пра абавязак не разгалошваць таямніцу сьледзтва”, і адмовіўся ад камэнтару.

Што новага ў іншых фігурантаў справы Аўтуховіча? Паводле сваякоў Уладзімера Асіпенкі і Юрыя Лявонава, ім ня выставілі новых абвінавачаньняў, а знаходжаньне пад вартай падоўжылі да 8 жніўня, як і Аўтуховічу.

Аўганца Канстанціна Уланава, затрыманага 8 ліпеня, трымаюць у ізалятары-размеркавальніку на Акрэсьціна, а ў “Валадарку” возяць для нейкіх сьледчых дзеяньняў, паведаміла “Свабодзе” жонка затрыманага Тацяна Ўланава. Жанчына мяркуе, што яе мужа возяць на вочныя стаўкі зь іншымі фігурантамі справы Аўтуховіча.

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч
нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасьля школы закончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. У 1981 годзе яго забралі ў армію, служыў кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Пазьней закончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць у Аўганістан. За ахову мосту пад Кандагарам, ды ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў званьні старшага прапаршчыка, стаў займацца бізнэсам.

Увосень 2003 году больш за два тыдні трымаў галадоўку супраць таго, што падатковая служба арыштавала таксоўкі, а міністэрства транспарту прыпыніла дзеяньне ліцэнзіі на пасажырскія таксаперавозкі ягонай фірме. Да яго далучыліся кіроўцы і дыспэтчары, усяго галадалі больш за 30 чалавек.

Вясной 2005 году 31 дзень трымаў галадоўку супраць арышту аўтамабіляў і блякаваньня рахунку фірмы. Разам зь ім трымалі галадоўку болей за 35 чалавек.

Быў аршытаваны 14 кастрычніка 2005 г., зь першага дня арышту 74 дні трымаў галадоўку. Быў асуджаны 7 ліпеня 2006 г. на тры гады і шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за ухіленьне ад выплаты падаткаў і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. 18 студзеня 2008-га яму замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства.

Зноў быў арыштаваны 8 лютага 2009 г. Яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае да Аўтуховіча прэтэнзій. Таксама яго падазраюць у захоўваньні зброі. Ад 16 красавіка да 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку пратэсту супраць зацягваньня ягонай справы і патрабаваньнем, каб яе або перадалі ў суд, або вызвалілі яго й ягоных сяброў.

З 4 да 15 траўня галадоўку салідарнасьці з ваўкавыскімі вязьнямі трымалі моладзевыя актывісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG