Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ростсельмаш”: “Беларускі доўг перад намі — 170 камбайнаў”


Дамова пра пастаўку трох дзясяткаў растоўскіх збожжаўборачных камбайнаў у Беларусь стала вынікам беларуска-расейскіх перамоваў, якія прайшлі ў Менску 8 ліпеня. Аднак ці будуць аплочаныя яшчэ 170 машынаў, вырабленых у адпаведнасьці з дамоўленасьцямі пад патрэбы беларускага аграсэктару — застаецца пытаньнем адкрытым.

На пачатку тыдня генэральны дырэктар камбайнавага заводу “Ростсельмаш” Валерый Мальцаў абураўся паводзінамі беларускіх партнэраў, якія адмаўляюцца набываць вырабленую адмыслова для Беларусі тэхніку:

“Мы бярэм крэдыты, вырабляем адмыслова пад Беларусь гэтыя камбайны. Аднак ужо гатовыя камбайны стаяць на нашай пляцоўцы, а беларусы трэці год за іх ня плацяць. То бок тэндэр мы выйгралі, дамову заключылі, а паставак няма. У выніку дзіўны “балянс”: сюды — 2,5 тысячы беларускіх камбайнаў, а туды — нуль”.

Пытаньне ігнараваньня беларускім бокам двухбаковых дамоўленасьцяў абмяркоўвалася 8 ліпеня, калі ў Менску знаходзілася дэлегацыя вытворцаў расейскай сельгастэхнікі. З падачы згаданага ўжо Валерыя Мальцава абмяркоўваліся пытаньні дэмпінгу беларускіх збожжаўборачных камбайнаў, а таксама аднаўленьне парытэту ў пастаўках сельгасабсталяваньня на саюзным рынку.
Расея: Гатовыя камбайны стаяць на нашай пляцоўцы, а беларусы трэці год за іх ня плацяць.

Але адзінае, да чаго прыйшлі бакі, дык гэта да згоды Міністэрства прамысловасьці Беларусі выкупіць 30 расейскіх камбайнаў. Колькі “Ростсельмаш” мае намер яшчэ прадаць сваёй тэхнікі ў Беларусь? Вось што паведамілі ў прэсавай службе “Ростсельмаша”:

“170. Гэта што тычыцца тэндэру, якія быў выйграны кампаніяй “Ростсельмаш” у лютым 2009 году. Тады быў падпісаны кантракт, у адпаведнасьці зь якім Беларусь павінна была выкупіць у нас 200 камбайнаў, а ня 30. І тое, што зараз кажуць, — маўляў, дзякуй Богу, што хоць столькі бяруць, — дык гэта няправільна. Таму што адпачатку гаворка йшла пра дзьве сотні машынаў”.

Карэспандэнт: “Магчыма, пасьля менскіх перамоваў штосьці зрушыцца?”

“Пакуль я не магу сьцьвярджаць, зрушыцца штосьці ці не. Але ёсьць умовы кантракту, якія на гэты момант ужо павінны былі быць выкананыя”.

Ніводнае беларускае ведамства, адказнае за рэалізацыю саюзных праграмаў, ня стала ўдакладняць, ці будуць урэшце набытыя камбайны, за якія Беларусь завінавацілася “Ростсельмашу” паводле кантракту. Міністэрства прамысловасьці, якое было асноўным прадстаўніком ад беларускага боку на перамовах 8 ліпеня, а таксама Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня не ўзяліся казаць, ці будуць выкананыя абавязаньні наконт набыцьця растоўскіх камбайнаў.

На прэсавай канфэрэнцыі ў сувязі з апошнімі тэндэнцыямі ў беларуска-расейскіх адносінах міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Сямён Шапіра толькі ўскосна даў зразумець, што расейцы дамагаюцца падзелу вытворчага рынку, а на гэта беларускі бок ня пойдзе ні пры якіх абставінах:
Беларусь: Мы што, наіўныя, дурныя, каб на такое пагаджацца?

“Я калі пачуў іхныя прапановы, то ледзьве з крэсла не зваліўся. Маўляў, давайце мы падзелім рынак. Вось давайце ў Беларусі ня будзем вырабляць зернеўборачныя камбайны, а будзем спэцыялізавацца на камбайнах кормаўборачных. А мы ў Расеі будзем рабіць зернеўборачныя... Мы што, наіўныя, дурныя, каб на такое пагаджацца? Ды мы палову гатовыя на сябе забраць з агульнага аб’ёму вытворчасьці. А што тады яны на Расею пакінуць?”

Тым часам расейцы скардзяцца, што беларускі бок вельмі своеасабліва разумее абавязковасьць дамоўленасьцяў. Пры тым, што ў экспартным складніку беларускія вытворцы на 90% залежаць ад паставак у Расею, свой рынак ад расейскай экспансіі Беларусь старанна ахоўвае. Прыкладам, калі летась “Гомсельмаш” рэалізаваў у Расею амаль 800 зернеўборачных камбайнаў і блізу паўтысячы кормаўборачных, то “Ростсельмаш” не прадаў у Беларусь ні адзінкі. Тым часам як у першым квартале 2009 году Беларусь паставіла ў Расею рознай сельгастэхнікі на 140 мільёнаў даляраў, расейскія вытворцы зарабілі ў Беларусі агулам крыху больш за 3 мільёны даляраў.

Цяпер камбайнавы парк беларускіх аграгаспадарак на 70% укамплектаваны машынамі “Гомсельмашу” і “Лідсельмашу”. На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі зь цягам часу гэтая колькасьць павінна дасягнуць 100-працэнтнай мяжы. У прыватнасьці, набываць замежную тэхніку за кошт дзяржаўных субсыдый ужо некалькі гадоў немагчыма.
XS
SM
MD
LG