Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б тады перамог Вячаслаў Кебіч?


Вячаслаў Кебіч
Вячаслаў Кебіч

Як бы склаўся лёс Беларусі, калі б на першых выбарах прэзыдэнта ў 1994 годзе перамогу атрымаў канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі Вячаслаў Кебіч?


Грыб: “Кебіч мала схільны да аўтарытарызму”

Мечаслаў Грыб
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб мяркуе, што выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 года Вячаслава Кебіча сытуацыя ў краіне была б “значна лепшай”:

“Хаця Кебіч і меў такія схільнасьці кіравацца на Ўсход, але ён не пайшоў бы на тое, каб так адкрыта і жорстка ваяваць зь Вярхоўным Саветам, і разам з парлямэнтам рабіў бы сваю справу і мы мелі б умовы значна лепшыя, чым сёньня маем. Краіна была б больш свабоднай. Ён разумны, адукаваны, падрыхтаваны чалавек. Хоць ён і кіраўнік савецкіх часоў, але ён мала схільны да аўтарытарызму па сваім характары і натуры. Калі я ўзначальваў Вярхоўны Савет, то знаходзіў зь ім паразуменьне. Ніхто б не памяняў Канстытуцыю, не разагнаў бы Вярхоўны Савет, не было б дзьвюх-трох палат, якія нічога не вызначаюць. Кебіч спакойна ставіўся да крытыкі, ён прывык да яе... Я не хачу яго маляваць толькі сьветлымі фарбамі, у яго недахопаў таксама хапае, але тым не меней я лічу, што гэта быў бы лепшы прэзыдэнт”.

Але на сёньня, мяркуе спадар Грыб, Кебіч ужо ня быў бы прэзыдэнтам, на гэтай пасадзе працаваў бы ўжо другі ці трэці чалавек.


Садоўскі: “І ў нас тая ж “дзікая прыватызацыя”

Пятро Садоўскі
Пётра Садоўскі падчас той выбарчай кампаніі працаваў амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне:

“Я думаю, што эканамічна у нас было б прыблізна так, як ёсьць цяпер. А вось дэмакратыі было б больш.

Можа, “фамільнае срэбра” было б прададзена і хутчэй. Хаця магчыма яно ўжо увайшло б у нейкае рынкавае рэчышча. На самым пачатку многія, у тым ліку і Лукашэнка, тады казалі пра “дзікую прыватызацыю” у Расеі. І гэта тое ж, што і ў нас ужо адбываецца. Я як раз гэтым цяпер займаюся. Быў у Вілейцы, дзе “Зэніт” прыватызуецца, быў у Віцебску на “Віцязі”, быў на мотавелазаводзе... Ў прынцыпе ў нас ўсё гэта адбудзецца і адбываецца. І ня менш дзіка, чым у той жа Расеі”.


Аляксей Марачкін: “Кебіч і Лукашэнка – адна трасца”

Алесь Марачкін
Разважае мастак Аляксей Марачкін:

“Як і Кебіч, так і Лукашэнка, -- аднаго поля ягады. Аднаго, я маю на ўвазе Лукашэнку, падтрымлівала Масква і спэцслужбы, а другі, Кебіч, выйшаў з камуністычных нэтраў і таксама цягнуўся ў саюз да Расеі. Для мяне гэта адна трасца... Другая справа, калі б мяне спыталі б, што было б, калі б на выбарах перамог Зянон Пазьняк, то я б сказаў, што было б усё нармальна. І мы мелі б адносіны з Масквою, хоць можа напачатку нехта быў насьцярожаны. Але галоўнае, што Зянон працягваў бы лінію Шушкевіча і народ ня быў бы падзелены, Лінія Сталіна не прайшла б па душах кожнага з нас, мы былі б аб’яднаныя, у нас была б адна грамадзянская супольнасьць”.


Георгій Бадзей: "Гэта ж з вобласьці фантастыкі"


Георгій Бадзей
Старшыня дзяржкамітэту па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва ва ўрадзе Вячаслава Кебіча Георгій Бадзей гаворыць:

“Вы такія пытаньні задаеце! Гэта ж з вобласьці фантастыкі. Я не магу нічога канкрэтнага сказаць таму, што гэта не прагназуемае. Гэтага нельга спрагназаваць, што было б. Тут вельмі шмат усялякіх умоўнасьцяў, вельмі шмат суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў”.


Ганчарык: “Была б больш творчая абстаноўка, было б меней страху”

Уладзімір Ганчарык
Былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык мяркуе, што верагоднасьць перамогі Вячаслава Кебіча была малая, ягоны ўрад тады сябе скампрамэтаваў, і галасаваньне за Лукашэнку было пратэстным. Спадар Ганчарык згадвае, што сам Кебіч у мэмуарах пазьней напісаў, што ён не ведае, ці зрабіў бы лепш за Лукашэнку.

“Але на маю думку, была б іншая сытуацыя. Яна была б болей прагматычная ў пляне эканомікі, меней было б хістаньняў то ў бок Масквы, то ў бок Захаду. Думаю, што абстаноўка ў краіне была б іншая, не было б рэпрэсій, Кебіч быў больш цярпімы, была б больш творчая абстаноўка, было б меней страху,-- у гэтым я ўпэўнены”.

На думку спадара Ганчарыка, роля асобы ў найшоўшай гісторыі Беларусі значная, асабліва асобы з неабмежаванымі прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі. Мінулыя 15 гадоў, на думку У. Ганчарыка, у многім страчаны для Беларусі час.


Марыніч: “Дыктатуры не было б”

Аляксандар Марыніч
Як бы склаўся лёс Беларусі, калі б тады перамогу атрымаў Вячаслаў Кебіч? Былы міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч адзначае:

“Дыктатуры не было б. Гэта дакладна. Быў бы рух, няхай і павольны, але ў дэмакратычным кірунку разьвіцьця. Я думаю, у нас былі б і больш адкрытыя і прагматычныя дачыненьні з Расеяй. Не было б гэтага ўтрыманства, існаваў бы адкрыты гандаль. Сувэрэнітэт нашай краіны быў бы больш празрыстым. А дэмакратычныя інстытуты паступова набіралі б сілу”.



Парфяновіч: “У нас было б ужо некалькі прэзыдэнтаў”

Уладзімер Парфяновіч
Разважае алімпійскі чэмпіён, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч:

“Мяркую, што ў такім выпадку ў нас было б ужо некалькі прэзыдэнтаў, і Канстытуцыя 1994 году не зьмянялася б, і дзяржаўныя сымбалі таксама не зьмяніліся б. І мяркую, што мы жылі б лепей, чым цяпер. Мы не былі б у міжнароднай ізаляцыі, было б лепшае эканамічнае становішча ў людзей. Праводзілася б больш мяккая эканамічная палітыка і ў краіне было б больш эканамічных свабодаў. А адносіны з Расеяй былі б больш цесныя”.

Уладзімер Парфяновіч спадзяецца, што ў Беларусі хутка будзе новы прэзыдэнт і іншая палітыка.


Лябедзька: І адно ня мёд, і другое ня рэдзька


Анатоль Лябедзька
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разважае:

“Я ня думаю, што гэта быў бы лепшы варыянт. Гэта таксама б азначала кансэрвацыю той сытуацыі, якая была на той час. Справа толькі ў тым, што Кебіч ішоў на выбары з плянамі кансэрвацыі сытуацыі. А Лукашэнка ішоў з плянамі абнаўленьня. Але на практыцы рэалізаваў кансэрвацыю. У значнай ступені тая савецкая сыстэма кіраваньня і гаспадараньня, якая была пры камуністах, засталася і пры праўленьні Аляксандра Лукашэнкі. Таму гэта тая сытуацыя, калі, відаць, і адно ня мёд, і другое ня рэдзька”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG