Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтым месяцы чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ігар Кірын з Глуску адзначае 55-годзьдзе. Пасьля БДУ выкладаў фізыку, быў дырэктарам раённага Дому піянэраў і школьнікаў. За актыўнасьць падчас кіраваньня Глускім камітэтам грамадзкага самакіраваньня быў звольнены, арганізаваў раённы клюб выбарцаў. Цяпер кіруе мясцовым прадстаўніцтвам БХК, зьяўляецца рэдактарам вэб-сайту gluskonline.net, створанага разам з Уладзімірам Мельнікавым (Эстонія). Аўтар шэрагу публікацыяў у нацыянальным друку. Два гады таму стаў першым афіцыйна зарэгістраваным у раёне рэпэтытарам.

Нядаўна Глускі райвыканкам вырашыў закрыць могілкі на вуліцы Горкага. Самыя старыя тут пахаваньні – а іх каля сотні – датаваныя 1837 годам. З-за надпісаў на лацінцы народ называе іх “польскімі”.

Некаторыя настолькі арыгінальныя, што маюць і гістарычную, і мастацкую цікаўнасьць. Дарэчы, сустракаюцца і адзінкавыя пахаваньні, і родавыя. Асобныя захаваліся надзвычай добра, іншыя не пашкадавалі час і барбары. Хапае такіх, якія ў зусім гаротным стане: зьбітыя мэталічныя крыжы, помнікі скінутыя з пастамэнтаў і валяюцца на зямлі, іншыя парасьлі хмызьняком, заваленыя сьмецьцем.

Загадка глускай гісторыі ў тым, што практычна ўсе гэтыя пахаваньні без нагляду: ніхто і ніколі не прыходзіць да іх. Чаму так адбылося, дзе падзеліся сваякі пахаваных – невядома.

Самыя позьнія “польскія” помнікі датаваныя 1914 годам. Вось і ствараецца ўржаньне, што блізкія пахаваных тады разам сабраліся і пакінулі наш гарадок, каб больш ніколі тут не зьяўляцца.

Дарэчы, тутэйшы касьцёл перастаў працаваць яшчэ да вайны, падчас якой разбурылі і сам будынак. Не засталося і каплічкі на могілках, дзе адпявалі памерлых. На яе месцы стаіць вялізны мэталічны крыж. У 1997 годзе ў Глуску паспрабавалі запачаткаваць будаўніцтва новага касьцёлу – у полі за аўтастанцыяй асьвяцілі адведзеную пад гэта пляцоўку, аднак далей справа ня зрушылася.

Непадалёку ад месца старой капліцы стаяць два велічэзныя мармуровыя крыжы чорнага колеру – у гонар генэрала Міхала Гаттоўскага і Мальвіны Гаттоўскай. З двух бакоў крыжы сьціснутыя сучаснымі пахаваньнямі, прычым левае, што амаль у прытык з помнікам генэралу, зьявілася зусім нядаўна.

Магіла генэрала Міхала Гатоўскага і Мальвіны Гатоўскай. (красавік 2007 г.)


Магіла генэрала Міхала Гатоўскага (красавік 2007 г.)

Магіла Соф'і Гатоўскай у фамільным пахаваньні Быкоўскіх (травень 2007 г.)

Яшчэ большыя мармуровыя крыжы – у гонар Станіславы Легатовіч і Ядзьвігі Валадкоўны.

Такія помнікі ў свой час дастаўляліся з Варшавы. Калі паўзірацца, то можна нават прачытаць у куточках прозьвішчы майстроў, якія выраблялі іх.
Магіла Ядзьвігі Валкадкоўны (жнівень 2001 г.)

Магіла Ядзьвігі Валадкоўны (красавік 2007 г.)

Родавае пахаваньне Быкоўскіх – гэта чатыры магілы, абнесеныя старажытнай каванкай. Старыя людзі згадваюць, што адна зь нябожчыц – Сафія – памерла ад укусу зьмяі ва ўзросьце 23 гадоў, і раней на яе помніку зь белага мармуру быў мармуравы анёл, які раптоўна зьнік. Як зьніклі і два каваныя пралёты, хоць дзесяць гадоў таму ўсё было цэлым.

Фамільнае пахаваньне Быкоўскіх (1998 г.)


Арыгінальна зроблены помнік Аляксандры Якса-Быкоўскай, памерлай 28 сакавіка 1899 году. Гэта мэталічны п’едэстал з барэльефамі на ўсіх чатырох баках, а зьверху быў умацаваны мэталічны крыж. Нейкі барбар зламаў яго, і цяпер крыж ужо некалькі гадоў валяецца на зямлі.

Магіла Аляксандры Якса-Быкоўскай (травень 2008 г.)

На жаль, ніхто не цікавіцца лёсам старых помнікаў...

Выключэньне скаладае хіба Ганна Васільеўна Брычанок, чый дзед быў у свой час касьцёльным арганістам і пахаваньні бацькоў якой якраз за ўжо згаданымі Быкоўскімі. Жанчына з болем расказвае, што на месцы “польскіх” пахаваньняў апошнім часам зьяўляецца ўсё больш сучасных – няма каму абараніць спакой тых, хто ўжо ляжыць тутака. Як пойдзе так і далей, дык тых пахаваньняў наагул не застанецца, хоць некаторыя зь іх зьявіліся яшчэ ў год сьмерці Пушкіна...

Г. Брычонак у фамільнага пахаваньня Быкоўскіх (красавік 2007 г.)

У свой час энтузіясты з Глускага клюбу выбарцаў разам з бабруйскім “Грамадзянскім форумам” аднавілі каля дваццаці помнікаў, вывезьлі сьмецьце. Яцэк Міллер – упаўнаважаны міністра культуры Рэспублікі Польшча па справах культурнай спадчыны за мяжой – выказаў актывістам падзяку.

Узнаўленьне помнікаў на глускіх могілках чальцамі Глускага раённага клюбу выбарцаў і Бабруйскай моладзевай кааліцыі (жнівень 2001 г.)


Тады палякі ажыцьцяўлялі праект: выдавалі спэцыяльныя кнігі на некалькіх мовах пра замежныя могілкі сваіх землякоў з адпаведным апісаньнем і фотаздымкамі. Мы дамовіліся, што зьявіцца такая кніжка і пра Глуск, каб сваякі, дзе б яны зараз ні апынуліся, змаглі даведацца, хто тут ляжыць. На жаль, задуманае зь нейкіх прычынаў ажцьцявіць не ўдалося.

І ўсё ж хочацца верыць: калі-небудзь гэты праект усё ж зьдзейсьніцца. А хто-небудзь возьме на сябе клопат даглядаць за пахаваньнямі. Калі да тае пары яны ня зьнікнуць канчаткова...


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG