Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла: “Лукашэнка прысвоіў царскія паўнамоцтвы”


Belarus – nearby Akrestsina prison, Minsk, 31Jan2008

Belarus – nearby Akrestsina prison, Minsk, 31Jan2008

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка сваімі ўказамі ад 9 ліпеня памілаваў 21-го асуджанага да пазбаўленьня волі. Таксама ён вызваліў 45 чалавек у дасудовым парадку ад крымінальнай адказнасьці, якія кампэнсавалі ўрон, нанесены злачынствамі ў эканамічнай сфэры.

Інфармацыя пра тое, хто патрапіў пад амністыю афіцыйнымі крыніцамі пакуль не падаецца. Мы патэлефанавалі Ігару Макарэвічу, які яшчэ ў сярэдзіне красавіка быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі за забойства так званага “пухавіцкага падпальшчыка”. Ён знаходзіцца цяпер пад хатнім арыштам.

Разам зь яшчэ адным асуджаным Сяргеем Аліфэровічам ён прасіў Вярхоўны суд зьмякчыць пакараньне, але той пакінуў у сіле прысуд Гомельскага суду. Аднак міліцэйскія пасты з дамоў асуджаных зьнятыя яшчэ напрыканцы чэрвеня. Нагадаем, раней Аляксандар Лукашэнка заступіўся за пухавіцкіх забойцаў. Ці патрапіў Ігар Макарэвіч пад амністыю?

Сяргей Аліфэровіч (крайні зьлева), Ігар Макарэвіч (крайні справа).
“Мы ня ведаем. Нічога не вядома. Адвакаты пісалі, а мы ж не разумеем толкам у гэтай справе. У нас, як і раней, арышт на даму. Цяпер мы тэлефануем кожныя дзьве гадзіны, ад 6-й раніцы да 22-й вечара, у міліцыю. Іншы раз прыяжджае жыткавіцкая міліцыя, правярае”.

Раней былі выпадкі, калі зьмякчалі прысуд у выніку кампэнсацыі ўрону. Да прыкладу, бізнэсовец Юры Шацёр паўстаў перад судом адначасова з высокапастаўленымі мытнікамі-хабарнікамі. Бізнэсоўца абвінавацілі ў стварэньні злачыннай групоўкі і ўхіленьні ад мытных плацяжоў амаль на 5 мільярдаў рублёў падчас пастаўкі ў Беларусь
Самае цікавае іншае: кампэнсаваць можна страты поўнасьцю, а прэзыдэнт не памілуе.
117 фураў італійскай мэблі. Юрыя Шатра вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Прымаючы да ўвагі тое, што бізнэсовец кампэнсаваў шкоду краіне амаль у 2 мільярды рублёў, суд вырашыў не пазбаўляць яго волі, а прызначыць больш мяккае пакараньне.

Цяпер кіраўніком краіны ў дасудовым парадку амніставаныя 45 асобаў, якія патрапілі пад крымінальны перасьлед за злачынствы ў эканамічнай сфэры, але кампэнсавалі ўрон.

Камэнтуючы гэтую сытуацыю праваабаронца Гары Паганяйла адзначыў:

Гары Паганяйла
“Наш кіраўнік краіны прысвоіў сабе такое царскае паўнамоцтва: і караць, і мілаваць, што называецца, без суду. Практычна, людзей пад гэты ўказ прымушаюць разьлічыцца зь дзяржавай па тых абвінавачаньнях, якія ім прад’яўленыя. Даказаны яны ці не, але да суду можна выйсьці. Канечне, гэта прававы нонсэнс у неправавой дзяржаве. А з другога боку, такая колькасьць сьведчыць пра тое, што ўсё ж такі такіх выпадкаў значная колькасьць, і ў зьвязку з гэтым да яго зьвяртаюцца аб памілаваньні яшчэ да перадачы справы ў суд. Гэта норма ўведзена ў крымінальна-працэсуальны кодэкс. І сьледчыя, атрымаўшы такое хадайніцтва, накіроўваюць яго для вырашэньня пытаньня. Калі кіраўнік краіны прыняў станоўчае рашэньне, значыць, справа спыняецца і не перадаецца ў суд. Гэта спосаб папаўненьня бюджэту. Але самае цікавае іншае: кампэнсаваць можна страты поўнасьцю, а прэзыдэнт не памілуе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG