Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан апублікаваў энцыкліку папы Бэнэдыкта XVI "Caritas in Veritate" (Міласэрнасьць у праўдзе). Энцыкліка, прысьвечаная сацыяльна-эканамічным пытаньням, дае даволі нечаканыя адказы на выклікі, якія ставіць перад сьветам глябальны эканамічны крызіс.

Гэта трэцяя энцыкліка цяперашняга папы. Дзьве папярэднія, "Deus Caritas Est" (Бог ёсьць любоў) i "Spe Salvi" (Уратаваныя надзеяй), былі апублікаваныя ў 2005 і 2007 гг. адпаведна.

У энцыкліцы "Caritas in Veritate" папа Бэнэдыкт XVI ставіць тэзіс, што галоўнай прычынай эканамічных нягодаў чалавецтва зьяўляецца пагоня за эканамічнай выгадай без уліку справядлівасьці.

"Сусьветнае багацьце ўзрастае ў абсалютным вымярэньні, але няроўнасьць таксама павялічваецца", — піша папа. — "Годнасьць асобы і вымогі справядлівасьці патрабуюць, асабліва сёньня, каб эканамічныя выбары не выклікалі празьмернага і маральна непрымальнага росту няроўнасьці ў матэрыяльнай забясьпечанасьці, каб надалей нашай найважнейшай мэтай было забесьпячэньне сталай працы для ўсіх".

Папа нагадвае ў энцыкліцы, што паводле сацыяльнай дактрыны Царквы, справядлівасьць павінна быць прысутнай "на кожным этапе эканамічнай дзейнасьці". На думку папы, кожнае эканамічнае рашэньне мае маральныя наступствы і павінна прымацца з улікам гэтых маральных наступстваў.

Як, паводле Бэнэдыкта XVI, гарантаваць справядлівую і маральную эканоміку?

Па-першае, справядлівая і маральная эканамічная сыстэма мусіць ахоўваць правы работнікаў і мець мэханізмы "пераразьмеркаваньня багацьця", каб забясьпечыць годнае жыцьцё найбольш бедным.

Па-другое, каб прывесьці ў рух мэханізмы "пераразьмеркаваньня багацьця", нельга пакідаць эканоміку самой сабе, трэба кіраваць ёю.

Папа лічыць, што існуе "неадкладная патрэба ў сапраўдным сусьветным цэнтры палітычнай улады"
"Перакананьне, што эканоміка павінна быць аўтаномнай, што яе трэба ахоўваць ад "уплываў" маральнага характару, давяла людзей да злоўжываньняў эканамічным працэсам у абсалютна разбуральны спосаб", — піша папа. — "У доўгатэрміновай пэрспэктыве, гэтыя перакананьні давялі да ўзьнікненьня эканамічных, грамадзкіх і палітычных сыстэмаў, якія топчуць асабістую і грамадзкую свабоду, і таму яны ня ў змозе забясьпечыць справядлівасьць, якую абяцаюць".

Ці Бэнэдыкт XVI не захацеў пайсьці сьлядамі К. Маркса, каб раскрытыкаваць сёньняшнюю сыстэму лібэральнага капіталізму і сказаць, так бы мовіць, што паратунак ад яго — у кіраваным сацыялізьме, маральным і справядлівым?

Ажно так адназначных сьцьвярджэньняў у энцыкліцы мы ня знойдзем.

Аднак папа лічыць, што існуе "неадкладная патрэба ў сапраўдным сусьветным цэнтры палітычнай улады", які даў бы бяднейшым народам і дзяржавам "эфэктыўны голас у супольным прыманьні рашэньняў". Якіх рашэньняў? А такіх, напрыклад, якія могуць "кіраваць глябальнай эканомікай; ажывіць эканомікі, якія пацярпелі ад крызісу; гарантаваць поўнае і своечасовае разбраеньне, харчовую бясьпеку і мір; гарантаваць ахову асяродзьдзя і рэгуляваць міграцыю".

Ці магчыма стварыць такі сусьветны цэнтар улады, якога ўсе слухаліся б так, як біскупы і сьвятары Рыма-каталіцкай царквы слухаюцца папы з Ватыкану?

Які ўплыў тое, пра што піша папа ў энцыкліцы, можа мець на вырашэньне сацыяльна-эканамічных праблемаў чалавецтва?

Ці сапраўды прыслухаюцца да яго палітыкі і тыя, хто прымае канкрэтныя рашэньні?

Ці не прапануе папа кроку назад — асабліва што тычыцца кіраваньня эканамічнымі працэсамі — у эвалюцыі грамадзтваў?

Што пра гэтыя пытаньні думаеце вы?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG