Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАКАЦЫІ. Тыдзень з блогерам _extraneus_


_extraneus_
_extraneus_
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе _extraneus_.

ЛЕТА, АХ, ЛЕТА


Падыйшла да свайго зэніту летняя паравіна, у разгары сэзон вакацыяў, і блогеры адзін за адным закідваюць свае дзёньнікі ды выпраўляюцца на адпачынак — няйначай, адмыслова дзеля таго, каб ускладніць жыцьцё дзяжурным аглядальнікам блогасфэры :).

Але сёй-той і на вакацыях не забывае абнаўляць свой часопіс, пішучы нават з экзатычных краінаў. Зямля на такіх трымаецца!

БЕРАГ ФІЛІПІНСКІ...


globefish робіць чароўную і шчодра ілюстраваную справаздачу зь Філіпінскіх выспаў. Тыя, каму Філіпіны бліжэйшым часам ня сьвецяць, могуць прынамсі палюбавацца з манітора. Яно таго варта.



...І ЦЭНТАР ЭЎРОПЫ


Ну чаго, здавалася б, можна пасьля такіх кадраў чакаць ад роднае старонкі? А бач ты, і яе, аказваецца, можна прэзэнтаваць надзвычай прывабна ды (хоць і дужа не люблю гэтае рынкавае слова ў такім кантэксьце) канкурэнтаздольна. Што і робіць palasatka ў сваёй сэрыі фотазамалёвак з “геаграфічнага цэнтру Эўропы”, што на Глыбоччыне.



Нібыта нічога для нас новага — амаль ва ўсіх зь вёскі калі не бацькі, то дзяды дакладна. Ну чаўны, ну коні, ну кветачкі. Але ці часта мы глядзім на будзённыя рэчы пад такім ракурсам? І ці варта шукаць уражаньняў у экзатычных краінах, не навучыўшыся бачыць прыгажосьць літаральна пад нагамі?..

Дарэчы, як палачанін, мушу адзначыць, што паводле ўдакладненых зьвестак геаграфічны цэнтар Эўропы знаходзіцца-такі ў слаўным горадзе Полацку. Хай сабе карцінкі тут не нагэтулькі пастаральныя, але і ён варты таго, каб дабрацца да яго з фотаапаратам :).

САКРЭТ ФІРМЫ


А вось улюбёная вакацыйная аддушына народу больш простага — “Славянскі базар у Віцебску” — добра-ткі псуе кроў блогеру g_luck, які, як шмат хто зь беларусаў, вымушаны матляцца паміж Масквой і радзімай:

“У цягніку “Дзьвіна” Полацак — Масква ёсьць 2 тыпы пляцкартных вагонаў: фірменныя ды няфірменныя. Фірменныя даражэй на 50%. Розьніца паміж тыпамі заключана ў фірменных анучах, што сымбалізуюць сабой дыванкі на падлозе. То бок, калі здымеш абутак у фірменным вагоне, то можаш стаяць не на халоднай, але хоць вымытай падлозе, а на больш прыемным, але ніфіга не гігіенічным дыванку. Наагул лічу, што 15 баксаў гэты аддон не каштуе. Гэтаксама лічаць і ўсе астатнія пасажыры, а таму ў першую чаргу разыходзяцца танныя няфірменныя квіткі, а калі іх не застаецца, купляюцца гэтыя недарэчныя фірменныя. Напрыканцы буржуіны разьбіраюць купэйныя ды шляфвагенныя месцы.

З-за правядзеньня антыкрызіснага “Славянскага Базару” квіткі на цягнік зьніклі ўжо за 2 тыдні. Зьніклі на пляцкарты. Фірменныя і няфірменныя. Чакаў-чакаў, калі ж дададуць яшчэ вагонаў, і бачу навіну: “Дадатковыя вагоны ўключаць у састаў цягніка Полацак-Масква”. Ну, нарэшце! Але дастаткова зірнуць больш уважліва, як пабачым: “у састаў фірменнага цягніка “Дзьвіна” № 39/40 Полацак-Масква будуць уключаныя дадаткова 2 купэйныя і 2 вагоны СВ”. С*кі.

Я квіткі ўжо набыў. Мне за дзяржаву крыўдна”.


Такі вось маркетынгавы ход.

А malishevsky зноўку радуе чытачоў сьвежымі весткамі, на гэты раз зь беларускіх банкаў. Аказваецца, яны цяпер з-пад крыса гандлююць “чарнілам”. Вось да чаго даводзіць крызіс і нявыплаты па крэдытах! Што, цікава, будзе, калі пацярпяць крах апошнія беларускія інтэрнэт-сэкс-шопы?..

А пакуль можна прыдбаць у “Белзьнешэканамбанка” дойны статак з 208 галоў. 112,5 тысячы даляраў. Нікому ня трэба?

ПРА ВАКАВАКАЦЫІ


Рэдка, але бывае так, што сёрфіш па блогах — і раптам застываеш у нямым захапленьні. І ў шкадаваньні, што ніколі так ня зможаш, бо не зрабіў ласку божанька адарыць цябе гэткім нестандартным мысьленьнем.

Сарваўшы авацыі інтэрнэт-аўдыторыі, з асаблівым цынізмам абышоўся зь дзяржаўнай сымболікай аматар дызэльных НЛА l_u_f_t:



Камусьці ў гэтай выяве пабачыўся мэсыдж: “Беларусь праядае крэдыты”.

Добрых усім вакацыяў і хай крызіс пройдзе бокам!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG