Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль хоча прывабіць беларускіх турыстаў


Ізраіль зацікаўлены ў зьняцьці перашкодаў для паездак беларускіх турыстаў. Пра гэта напярэдадні заўтрашняга візыту ў Менск ізраільскага міністра турызму Стаса Місежнікава піша Jerusalem Post.

Мяркуецца, што сустрэчы міністра ў Менску і падпісаньне двухбаковых пагадненьняў аб турыстычным абмене будуць спрыяць мінімізацыі праблемаў, якія пакуль яшчэ існуюць у гэтай справе.

Галоўнымі перашкодамі на шляху павелічэньня плыні беларускіх турыстаў у Ізраіль ведамства Місежнікава называе наяўнасьць візавага рэжыму, высокі кошт авіяпералётаў, а таксама надзвычайны кантроль бясьпекі, які ўжываецца Ізраілем у дачыненьні да грамадзянаў з былога СССР. Як падае Jerusalem Post, Міністэрства турызму атрымлівае шматлікія скаргі ад жыхароў краін СНД, якія называюць гэты кантроль”дыскрымінацыяй” і “зьнявагай чалавечай годнасьці”.

“Мы спадзяемся, што праверкі будуць зьведзеныя да мінімуму, бо павелічэньне турыстычнай плыні менавіта з гэтага рэгіёну — адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы”, — заявілі выданьню ў Міністэрстве турызму.

Як паведамляе Jerusalem Post, Беларусь стане другой краінай, якую міністар Місежнікаў наведае пасьля яго прызначэньня на гэтую пасаду 31 сакавіка. Раней Місежнікаў пабываў у Расеі. Ён выказаў задавальненьне, што плынь расейскіх турыстаў у Ізраіль за апошні год амаль падвоілася, галоўным чынам дзякуючы скасаваньню візавага рэжыму.

У мэтах разьвіцьця турызму ізраільскі ўрад загадаў адмысловай камісіі распрацаваць плян адмены візаў і зь іншымі краінамі СНД. Бліжэйшым часам прадугледжаная лібэралізацыя візавага рэжыму з Украінай і Беларусьсю. Для Беларусі гэтыя захады плянуецца ажыцьцявіць да 2010 году паэтапна. Напачатку вырашана адмяніць плату за візу, а потым саму візу.

Цяпер віза ў Ізраіль для беларуса каштуе $17, а для грамадзяніна Ізраілю ў Беларусь — $100.

Як падаюць ізраільскія СМІ, у рамках менскага візыту ў Місежнікава заплянаваныя перамовы зь яго беларускім калегам Алегам Качаном, міністрам фінансаў Беларусі Андрэем Харкаўцом і кіраўніком беларускага МЗС Сяргеем Мартынавым. Выданьні падкрэсьліваюць, што міністар турызму накіроўваецца ў Беларусь неўзабаве пасьля наведаньня краіны міністрам замежных спраў Ізраілю Авігдорам Лібэрманам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG