Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літвы і Беларусі агульная 1000-гадовая гісторыя


Намесьнік міністра замежных спраў Валер Варанецкі (зьлева) і пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас з знакам тысячагодзьдзя Літвы.
Намесьнік міністра замежных спраў Валер Варанецкі (зьлева) і пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас з знакам тысячагодзьдзя Літвы.
У красавіку 2009 года споўнілася роўна 1000 гадоў ад часу першай узгадкі Літвы ў пісьмовых крыніцах. А 6 ліпеня па даўняй традыцыі Літва адзначае нацыянальнае сьвята — угодкі каранацыі караля Міндоўга. У Літве з нагоды гэтых дзьвюх датаў праходзяць урачыстасьці. А 8 ліпеня ў амбасадзе Літвы ў Беларусі адкрылася выстава “Літва: культура і гісторыя”.

Беларусь — першая краіна, дзе адкрылася гэта выстава. Мяркуецца, што экспазыція на працягу 2008-2010 гадоў наведае большасьць эўрапейскіх краінаў, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Японію і Ізраіль. Выстава — гэта 30 сучасных стэндаў. У экспазіцыі выкарыстоўваецца іканаграфія, карціны, каштоўнасці з культурнай спадчыны Літвы, іншыя віды экспанатаў з некалькіх дзесяткаў літоўскіх і замежных інстытуцыяў. На выставе дэманструецца відэакліп “Нябачаная Літва” і фільм сучасных літоўскіх рэжысэраў Аудруса Станіса і Ярунаса Мацяліса “Палёт пад Літвой”.

Пачатак экспазыцыі ў літоўскім пасольстве.

Адкрыў выставу надзвычайны і паўнамоцны пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас:

“Гісторыя Літвы была і застаецца гісторыяй сустрэчаў, сувязяў дыялёгаў зь іншымі народамі, дзяржавамі, народамі Эўропы. На гэтай выставе вы знойдзеце 14 тэм, адлюстраваньне аўтэнтычнай дарчай граматы 1255 года”.

Эдмінас Багдонас разам з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Валерам Варанецкім узьнялі келіхі за агульную гісторыю дзьвюх незалежных дзяржаў.

Эдмінас Багдонас і Валер Варанецкі ўздымаюць келіхі за агульную гісторыю.

Выстава не абмяжоўваецца палітычнай гісторыяй толькі Літоўскай дзяржавы. У Літвы, суседніх Беларусі і Польшчы шмат агульных старонак, агульных герояў, агульных імёнаў. Але ня варта дзяліць гісторыю і герояў, перакананы надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Генрых Літвін:

“Я ня бачу нікога такога на гэтай выставе, што вядзе да таго, каб падзяляць. Я бачу толькі тыя рэчы, якія вядуць да аб’яднаньня. Канечне, шмат твараў, асобаў, якія тут адлюстраваныя — яны частка кожнай з нашых гісторыі адначасова, але гэта і наша агульная гісторыя. Але іх хопіць для нас усіх”.

Паэтка, выкладчыца БДУ Ірына Багдановіч кажа:

Ірына Багдановіч на выставе.
“1000-годзьдзе Літвы — гэта наша агульнае гістарычнае сьвята, якое і нам, беларусам, варта шанаваць і сьвяткаваць. Бачу тут вельмі шмат рэалій гістарычных, зьвязаных уь Беларусьсю, з нашай агульнай гісторыяй, з нашай агульнай спадчынай, зь літвінамі, як мы іх яшчэ называем. Дарэчы, як самі сябе мы называлі ў ХІХ стагодзьдзі. Зь вялікай пашанай адношуся да таго, што літоўскі народ адзначае свае сьвята, па-першае, ведучы адлік ад першага ўпамінаньня Літвы, а па-другое, ад каранацыі караля Міндоўга. Гэта таксама і наш кароль, Міндоўг быў каранаваны ў Наваградку. Дык як нам дзяліць Міндоўга?”

Гісторыка Алега Дзярновіча ўразіў стэнд, прысьвечаны сучаснай гісторыі:

“Мяне асабіста ўразілі некаторыя рэчы з ХХ стагодзьдзя. Гэта можа, не сэнсацыйныя, але вельмі цікавыя рэчы. Я тут упершыню пабачыў здымак з дэманстрацыі 1972 года на Лайвас Алеі — Алеі Свабоды — у Каўнасе. Гэта пасьля знакамітага выпадку самаспаленьня Ромаса Каланты. Я ведаў, што была дэманстрацыя, а тут, аказваецца, ёсьць здымак, ці не з архітву літоўскага КДБ. І ён вельмі калярытны”.

Адна з асноўных функцыяў гэтай выставы — не толькі прадставіць гісторыю і культуру Літоўскай дзяржавы, але пашыраць у сьвеце інфармацыю пра тысячагадовы юбілей Літвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG