Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 ліпеня вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі пачынаюць прыём дакумэнтаў ад абітурыентаў. Наколькі адрозьнівацца ўзровень сёньняшніх выпускнікоў школ у параўнаньні зь мінулымі гадамі? Ці можна сьцьвярджаць, што агульная адукаванасьць выпускнікоў зьніжаецца? На гэтыя пытаньні адказвае выкладчык Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў.

Цыганкоў: Ці можна заўважыць нейкую тэндэнцыю ў адукаванасьці абітурыентаў? Можа, нейкія прадметы яны ведаюць глыбей, чым раней? Што можна сказаць пра агульную адукаванасьць маладых людзей?

Кавалёў: Я ўжо 20 гадоў працую ў ВНУ, і сапраўды магу параўнаць сёньняшніх студэнтаў з студэнтамі 10-15 гадоў таму. Тыя, хто прыходзяць цяпер, нягледзячы ня тое, што іспыты становяцца больш складанымі — не становяцца лепей.

Сёньняшнія дзеці больш завужаныя пад нейкую спэцыялізацыю. І гэта, на маю думку, ня вельмі добра. Бо яны перастаюць добра вучыцца ў школе, ведаючы, што ім трэба будзе здаваць тры прадметы, якія будуць на ЦТ. Пасьля гэтага яны не чытаюць кніжак, і вучаць толькі “патрэбныя” прадметы.

То бок калі вы кантактуеце студэнтамі, то адчуваеце, што крок управа-улева ад асноўнага прадмета, і што? — пустата?

Ужо цяжка.
Ведаеце, цяпер студэнты ня ўмеюць размаўляць.
Лаўлю сабе на думцы, што сярэдні вучань нашай пары (70-80-х гадоў) у агульнай эрудыцыі быў мацнейшы за сёньняшняга выпускніка школы.

Ведаеце, цяпер студэнты ня ўмеюць размаўляць. Я некалі наўмысна перайшоў на тэставую сыстэму іспытаў, але цяпер апошнія чатыры гады наадварот вярнуўся да вуснага іспыту — дзеля таго, каб потым на абароне дыплёмнай работы яны маглі адказаць на пытаньне.

Калі вяртацца да вашай фразы пра “звужэньне”. На гэта зараз многія скардзяцца. Але можа гэта проста сьведчаньне сучаснага разьвіцьця цывілізацыі, калі чалавек ня мае ані сілаў, ані патрэбы мець шырокую адукацыю, а больш канцэнтруецца на вузкай спэцыялізацыі?

Можа і так. Але, ведаеце, некалькі месяцаў таму я браў удзел у праграме міні-MBA, якую рабіла ірляндзкая бізнэс-школа. Выступаў прафэсар, які займаецца Human resource management (гэта, скажам, “кіраваньне чалавечым рэсурсам”). І ён чытаў лекцыю па лідэрстве.

Цікава, што сёньня ў сур’ёзных эўрапейскіх кампаніях робяць стаўку на тое, каб набіраць не бухгальтараў ці фінансістаў, а філёлягаў, журналістаў і гэтак далей. Бо патрэбнае нешаблённае мысьленьне. І мы спыталі — хто можа стаць лідэрам? У адказ ён даволі трапна зазначыў, што, на ягоную думку, часьцей лідэрамі становяцца эрудыраваныя і адукаваныя людзі, ня вузка “заточаныя”.

Гэтая вузкая спэцыялізацыя — гэта і абмежаваньне на рынку працоўнай сілы. Калі раптам на гэтую спэцыяльнасьць зьніжаецца попыт на рынку, то чалавек губляецца. А калі ён шырока адукаваны, то ён за кароткія курсы можа атрымаць другую прафэсію.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG