Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камбайнавы парытэт па-беларуску: экспарт — на максымум, імпарту — заслона


Сёньня ў Менску абмяркоўваліся пытаньні паставак сельгастэхнікі ў Беларусь і Расею. Ад Расеі ў перамовах браў удзел генэральны дырэктар аб’яднаньня вытворцаў сельгастэхнікі і абсталяваньня “Саюзагромаш” Яўген Карчавы, Беларусь прадстаўлялі кіраўнікі Міністэрства прамысловасьці, а таксама профільных аграпрамысловых прадпрыемстваў. Прычынай сустрэчы сталі нядаўнія ўзаемныя абвінавачаньні бакоў у стварэньні штучных перашкодаў на шляху паставак тэхнікі.

Па выніках перамоваў намесьнік міністра прамысловасьці Генадзь Сьвідэрскі паведаміў: цягам бліжэйшага часу беларускія вытворцы і расейская асацыяцыя “Союзагромаш” падрыхтуюць прапановы, якія празь месяц будуць разгледжаныя на сумесным пасяджэньні прамысловых ведамстваў Расеі і Беларусі. Пры гэтым беларускі бок настойвае на захаваньні “глыбокіх каапэрацыйных сувязей”, якія спрыяюць “узаемапранікненьню” прадукцыі.

Між тым пры канцы чэрвеня першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка абвінаваціў кіраўніцтва Расеі ў нежаданьні субсыдыяваць на парытэтнай аснове закупы тэхнікі, што, паводле словаў чыноўніка, можна расцаніць як забарону на рэалізацыю ў Расеі вырабленай у Беларусі прадукцыі. На пачатку тыдня разабрацца са схемамі беларускага імпарту загадаў прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін. У адказ на крытыку гендырэктара аб’яднаньня “Ростсельмаш” Валерыя Мальцава, які вінаваціў беларусаў у татальным дэмпінгу, а таксама ў парушэньні гандлёвага балянсу, пры якім беларуская тэхніка ў Расею паступае, а расейскія пастаўкі ў Беларусь блякуюцца, Пуцін паабяцаў стварыць роўныя ўмовы пранікненьня на рынкі:

“Вы ведаеце, як нашы беларускія сябры і калегі рэагуюць на вымушаныя захады… Але, тым ня меней, вашы заўвагі лічу слушнымі, асабліва што тычыцца роўных падыходаў пры адкрыцьці рынкаў. Перакананы, што адкрыцьцё рынкаў павінна быць аднолькавым і доступ на рынкі павінен быць раўназначным і раўнапраўным. Вось гэтага мы і імкнемся дамагчыся”.

Паводле дадзеных
За першы квартал 2009 году, Беларусь прадала ў Расею сельгастэхнікі на 140 мільёнаў даляраў, у той час як расейскія вытворцы здолелі зарабіць на пастаўках у Беларусь крыху больш за 3 мільёны даляраў.
за першы квартал 2009 году, Беларусь прадала ў Расею сельгастэхнікі на 140 мільёнаў даляраў, у той час як расейскія вытворцы здолелі зарабіць на пастаўках у Беларусь крыху больш за 3 мільёны даляраў. Прычым, як сьцьвярджае расейскі бок, некаторая тэхніка, перадусім камбайны “Палесьсе”, рэалізуецца ў Расеі паводле ніжэйшых коштаў, чым нават у Беларусі, што ва ўмовах крызісу шкодзіць расейскім вытворцам — спажыўцы арыентуюцца на тое, што таньнейшае, аддаючы перавагу беларускай прадукцыі.

Аляксандар Бухвостаў, былы інжынэр “Гомсельмашу”, лічыць: Расея мае прэтэнзіі да беларускай сельгастэхнікі толькі таму, што паводле коштавых і тэхнічных характарыстык тая ня толькі не саступае расейскай, але і перасягае яе. А які сэнс спажыўцам пераплочваць за такі ж самы прадукт?

“Вядома, канкурэнцыя ў немалой ступені залежыць ад суадносінаў кошту і якасьці. І я ня думаю, што расейскі камбайн нашмат вышэйшай якасьці, чым гомсельмашаўскі. Хутчэй за ўсё, наш у гэтай канкурэнцыі якраз выйграе, перадусім якраз у прапорцыі цаны і якасьці. Канечне, калі, прыкладам, узяць камбайн, які вырабляюць заходнія фірмы — той жа вядомы ўсім “Клаас” нямецкі, то натуральна, што якасьцю яны істотна пераўзыходзяць нашы машыны. Але значна пераўзыходзяць і коштам. Таму тут дылема простая: ёсьць грошы — купляй добрую тэхніку. Няма — пакуль жыві так. Альбо зьбірай грошы на лепшую тэхніку”.

Спэцыялісты адзначаюць “перабор” з вытворцамі сельгастэхнікі ў Беларусі. Унутраныя патрэбы занадта малыя, каб прадаць усю гаму прадукцыі, таму прадпрыемствы вымушаныя арыентавацца на зьнешнія рынкі. “Лідсельмаш”, “Гомсельмаш”, “Бабруйскаграмаш”, МТЗ, Смаргонскі агрэгатны завод ды іншыя традыцыйна скараюць Расею, куды накіроўваюцца збожжа- і кормаўборачныя камбайны, прыстасаваньні для апрацоўкі глебы, тэхніка для ўнясеньня ўгнаеньняў, касілкі, сеялкі, абсталяваньне для фэрмаў, трактары, бульдозэры, пагрузчыкі, прычэпы і г.д. Дзякуючы расейскаму рынку асартымэнт прадукцыі пашыраецца, а заводы працуюць з высокай рэнтабэльнасьцю нават ва ўмовах крызісу.

Падчас заплянаванага на жнівень пасяджэньня міністэрстваў прамысловасьці Беларусі і Расеі будзе абмеркаваная стратэгія разьвіцьця асноўных прадпрыемстваў, якія ўступаюць не ў каапэрацыйныя сувязі, а робяцца асноўнымі канкурэнтамі. Сярод іх МТЗ, “Гомсельмаш”, “Бабруйскаграмаш”, “Ростсельмаш”, карпарацыя “Трактарныя заводы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG