Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея намагаюцца ўрэгуляваць пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Змаганьне йдзе за льготныя крэдыты, якія расейскі ўрад выдзяляе свайму аграпрамысловаму комплексу на закуп тэхнікі.

Без такіх крэдытаў беларускія вытворцы ня змогуць знайсьці ў Расеі спажыўцоў.

У цэнтры чарговага расейска-беларускага гандлёвага канфлікту апынулася невялікае бранскае прадпрыемства са штатам каля 150 чалавек, створанае ў 2005 годзе з удзелам беларускага капіталу, — СП “Брансксельмаш”.

Яшчэ ў лютым гэтага году сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Барыс Грызлоў называў яго прыкладам удалага эканамічнага ўзаемадзеяньня паміж славянскімі дзяржавамі.

А 6 ліпеня гендырэктар “Ростсельмаша” Валерый Мальцаў заявіў Уладзімеру Пуціну, што гэтае СП займаецца “прыхаваным” імпартам беларускай сельгастэхнікі ў Расею. Паводле Мальцава, “Гомсельмаш” пастаўляе тэхніку ў Бранск, дзе на машынах “мяняюцца этыкеткі, афармляюцца дакумэнты як на вырабленыя ў Расеі, і потым на іх распаўсюджваюцца расейскія льготы”.

Генэральны дырэктар СП “Брянсксельмаш” Уладзімер Пазднякоў у інтэрвію “Свабодзе” абверг заявы гендырэктара “Ростсельмаша”:

“Мы вырабляем не беларускую тэхніку, а брансксельмашаўскую, пад сваім брэндам. Мы атрымліваем з „Гомсельмаша“ машынакамплекты, зь іх зьбіраем камбайны і іх рэалізуем на рынку Расейскай Фэдэрацыі”.

Пры гэтым, паводле спадара Пазднякова, каля 60 працэнтаў камплектуючых у іх камбайнах — расейскія: мэтал увесь расейскі, рухавікі, радыятары і шмат іншага. Спадар Пазднякоў кажа, што такая каапэрацыя зь Беларусьсю выгадная Расеі, але ня выгадная “Ростсельмашу”, які пачаў несумленна змагацца з канкурэнтамі.

“Яны нас аблілі брудам. Разгорнутая брудная, непрыгожая кампанія. Карані яе ў тым, што мы нарошчваем вытворчасьць, таму Растоў пачаў хвалявацца. Гэта зьвязана з эканамічным крызісам, зь неплацяжамі, з-за чаго ўзьніклі пытаньні з рэалізацыяй камбайнаў. Летась такой сытуацыі не было б напэўна”.

Спадар Пазднякоў спадзяецца, што за месяц канфлікт будзе ўрэгуляваны і не адаб’ецца на вытворчых плянах ягонага прадпрыемства:

“Мы працуем так, як і працавалі. Мала таго, я хачу сказаць, што мы будзем павялічваць выпуск тэхнікі, пашыраць асартымэнт, браць на сябе болей працаў па вырабе камбайнаў”.

Асноўны заснавальнік СП “Брансксельмаш” — вытворчае аб’яднаньне “Гомсельмаш”, якое мае 51 працэнт акцый; 49 працэнтаў акцый належыць грамадзянам Расеі. Як кажа спадар Пазднякоў, на прадпрыемстве пачыналі з малога: за 2005 год прадалі ўсяго 10 камбайнаў КСК-100, у 2006 годзе — ужо 162 камбайны, у наступныя гады далей нарошчвалі вытворчасьць. Зараз гадавы аб’ём вырабу камбайнаў набліжаецца да паўтысячы.

Стварэньне зборачных вытворчасьцяў за мяжой — нармальная практыка ўсіх буйных машынабудаўнічых заводаў, яна дазваляе пашыраць рынкі збыту і эканоміць на мытных зборах. Апошнім часам у Расеі адкрылася нямала прадпрыемстваў па зборы заходніх аўтамабіляў, якія лічацца расейскімі паводле паходжаньня.

Былы эканаміст “Гомсельмашу” Валерый Клімаў прычынай камбайнавага канфлікту лічыць канкурэнтную барацьбу з боку “Ростсельмаша”.

“Растоўскі завод вельмі доўгі час ляжаў на баку. Там была ўвогуле спыненая вытворчасьць збожжаўборачнага камбайна. Калі яны пачалі выходзіць з гэтай ямы, апошнія 3-4 гады, мы ім накіроўвалі па каапэрацыі заднія масты на іх машыны, і пытаньняў не ўзьнікала… Канечне, яны апошнім часам непрыстойнае ўчыняюць”.

Паводле спадара Клімава, растоўскія вытворцы імкнуцца, каб тыя крэдыты, якія ўрад Расеі дае на закуп сельскагаспадарчай тэхнікі, даставаліся ім. А без крэдытаў беларускую тэхніку ў Расеі ніхто купіць ня зможа. Страта расейскага рынку для “Гомсельмашу” будзе адчувальнай, бо прадаваць тэхніку за расейскія рублі трэба для таго, каб было за што там жа, у Расеі, купіць камплектуючыя.

Спадар Клімаў нагадвае, што расейцы таксама дамагаюцца, каб беларусы куплялі іх тэхніку.

“Магчыма, іх крыху пусьцяць на наш рынак. Гэта будзе для нас дадатковы канкурэнт у Беларусі. Але тады альбо будзе праведзеная пэўная праца, альбо і так іх тэхніку за поўную цану браць ніхто ня будзе”.

Валерый Клімаў нагадвае, што гомельскія камбайны беларускія сельгасвытворцы могуць купляць за паўцаны, бо 50 працэнтаў кошту пакрываецца дзяржаўным крэдытам. Растоўскія машыны так крэдытаваць у Беларусі ў любым выпадку ня будуць.
XS
SM
MD
LG