Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці добра, што дзеці праз Сталіна ідуць да Купалы?


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

7 ліпеня споўнілася 127 гадоў зь дня нараджэньня Янкі Купалы. 28 чэрвеня – 67-я ўгодкі сьмерці. Ён загінуў у Маскве пры нявысьветленых абставінах у 1942 годзе і быў там пахаваны. Праз 20 гадоў, у 1962 годзе, парэшткі паэта перазахавалі на Вайсковых могілках у Менску. Госьць “Свабоды” — пісьменьнік Уладзімер Някляеў, які некалькі гадоў таму абнародаваў сваю вэрсію гібелі паэта.


Соўсь:
Спадар Някляеў, ці не маглі б вы яшчэ раз для тых слухачоў, якія ня чулі вашую вэрсію 2 гады таму ў эфіры Свабоды, якія не чыталі публікацыю ў часопісе “Дзеяслоў”, расказаць вашую вэрсію гібелі Янкі Купалы?

Што такое выкрасьліць абзац, які для цябе напісаў сакратар ЦК КПБ? Гэта ўжо ты падпадаеш пад вялізную небясьпеку
Някляеў:
Нагадаю нашым слухачам, што ў час вайны Янка Купала жыў пад Казаньню, дзе ў лютым 1942 году была арганізаваная чарговая сэсія Беларускай акадэміі навук. І Янка Купала павінен быў выступіць на сэсіі з дакладам. А даклад яму напісаў ніхто іншы, як сакратар ЦК КПБ Дзергуноў.

І што павінен быў, між іншага, сказаць Янка Купала ў тым дакладзе? Ён павінен быў закляйміць, канечне, ворагаў, што зусім натуральна, і сказаць (я зараз дакладна ня помню на памяць), што яны прыкідваюцца нявіннымі авечкамі, спэкулююць сумленьнем і чыстымі імёнамі, кажуць, што яны нават вуліцу, на якой я жыву ў Менску, павінен быў сказаць Купала, назвалі маім імем.

Ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека — няма праблемы. Вось і вырашылі, што чалавека няма, і зьнялі праблему
Дык вось Янка Купала не сказаў гэтых слоў. І зусім нядаўна, недзе паўтара года таму, быў знойдзены архіўны матэрыял у Купалаўскім музэі, дзе гэты абзац цалкам выкрасьлены рукой Купалы. Што такое выкрасьліць абзац, які для цябе напісаў сакратар ЦК КПБ? Гэта ўжо ты падпадаеш пад вялізную небясьпеку.

Трэба сказаць, што сапраўды яшчэ ў 1941 годзе вуліцу Садовую хацелі назваць у гонар паэта імем Янкі Купалы. Але Панцеляймон Панамарэнка, тагачасны першы сакратар ЦК КПБ, выкрасьліў гэтую прапанову працоўных, як яна называлася, а ўжо ў час вайны вуліцу Кастрычніцкую, на якой ён жыў, называюць нібыта імем Івана Луцэвіча. Але насамрэч не Івана Луцэвіча — Янкі Купалы, а Івана Луцкевіча імем была названая тая вуліца: Івана Луцкевіча, аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня, заснавальніка БСГ і г.д.


Дык вось я выказаў меркаваньне, што гэтая блытаніна ў прозьвішчах была зроблена наўмысна. Наўмысна была зроблена ці органамі ГПУ, ці некім (хутчэй за ўсё менавіта так) з даносчыкаў, з ворагаў Купалы, каб кінуць на яго цень.

Ганна Соўсь
А што такое ў час вайны ў 1942 годзе, калі невядомы вынік вайны, мець пад рукой чалавека, імем якога фашысты-ворагі назвалі ў сталіцы Савецкай Беларусі, якая стане зноў савецкай, вуліцу? Гэтага не было, таму што гэтага проста не магло быць, бо пра гэта трэба дакласьці таму чалавеку на самым версе, хто перад гэтым узнагародзіў паэта Янку Купалу (Івана Луцэвіча) ордэнам Леніна, а пасьля ўжо пад самы пачатак вайны прысудзіў яму Сталінскую прэмію. Тут праблема стаяла проста. Ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека — няма праблемы. Вось і вырашылі, што чалавека няма, і зьнялі праблему.

Соўсь: Расейскія кінэматаграфісты зрабілі сэрыял пра забойства расейскага паэта Сяргея Ясеніна. Гісторыя жыцьця і гібелі Янкі Купалы, ну, проста просіцца і на паперу, і на шырокі экран. Вы ніколі ня думалі напісаць пра гэта п’есу ці раман?

Някляеў:
Я зрабіў нават некалькі накідаў і ў вершах, і ў прозе, таму што сапраўды – гэта такі сюжэт, які папросту сам кладзецца на паперу. Але зноў жа — гуляцца з такім сюжэтам, маючы на ўвазе, што ён не пра каго-небудзь, а пра Янку Купалу, волата нашага адраджэньня, наогул знакавую фігуру на Беларусі, сьвяткаваць дзень народзінаў якога сёньня павінна была б уся краіна, але гэтага ня сталася, — дык вось, абыходзіцца з гэтым сюжэтам, з гэтым імем не дазваляе ні прафэсія, ні павага да Купалы. Таму ў часе ён пакуль што трывае. Але я абавязкова пра гэта напішу.

Соўсь:
Я нядаўна была ў музэі ў Вязынцы, там экскурсаводы расказалі мне, што апошнія некалькі гадоў у іх стала болей наведнікаў, асабліва школьнікаў, таму што пасьля экскурсіі на лінію Сталіна дзяцей вязуць на экскурсію ў Вязынку. Як вы лічыце, ці добра, што дзеці праз Сталіна ідуць да Купалы?

Купала ж наўпрост зьвязаны са Сталіным хоць бы тым, што жыў у сталінскім часе, і, зрэшты, гэта Сталін па прадстаўленьні Панамарэнкі памяняў “ордэры на ордэны”
Някляеў
(усьміхаецца): Ну, зрэшты, чаму не? Купала ж наўпрост зьвязаны са Сталіным хоць бы тым, што жыў у сталінскім часе, і, зрэшты, гэта Сталін па прадстаўленьні Панамарэнкі памяняў “ордэры на ордэны”. Гэта ў сьнежні 1938 году Панамарэнка напісаў Сталіну ліст, а ў студзені 1939-га, адразу па Новым годзе, Купала і Колас, Бядуля і Лынькоў, Броўка і Глебка, якія былі ў сьпісе людзей на зьнішчэньне, сталі ардэнаносцамі. І не абы-якога ордэна, а ордэна Леніна. Ну, і пасьля менавіта Сталіным была падпісана Сталінская прэмія.

Але нават ня ў гэтым справа. У савецкім часе таксама нельга сказаць, што абсалютна добраахвотнымі былі гэтыя масавыя сьвяткаваньні памяці Купалы ці ягоных народзінаў, але гэта былі масавыя сьвяткаваньні. Яны ператвараліся прыкладна ў тое, у што ператварылася шоў 3 ліпеня. Супраць якога я не паўстаю, бо такія сьвяты, відаць, трэба наладжваць, каб хоць на нечым нацыю яднаць. Але, канечне, для мяне, як для паэта, хацелася, каб яна ядналася на такіх імёнах, як Купала, Колас, Багдановіч, што зьяўляюцца гонарам нашым і нашай славай.

Соўсь:
Слухачы "Свабоды" ў сваіх тэлефанаваньнях з нагоды 127 гадавіны з дня нараджэньня Янкі Купалы чытаюць ягоныя вершы. А не маглі б Вы прачытаць Вашы ўлюбёныя Купалавы радкі.

Някляеў: Адзін з маіх улюбёных вершаў Купалам напісаны, калі ён прыехаў з адной замежнай камандзіроўкі, куды яго пасылалі, каб агітаваць тых людзей, якія зьехалі з Савецкай Беларусі, вяртацца дамоў. Дык вось ён там сустрэў сваіх сяброў, якія глядзелі на яго і маўчалі, але ён па вачах разумеў іх пытаньне: да чаго ж ты нас, Янка, заклікаеш? Хіба ты ня ведаеш, што з намі будзе, калі мы вернемся? І, вярнуўшыся, ён напісаў гэты знакаміты верш з пачуцьцём віны перад сабой, сябрамі, народам, Беларусьсю, у якой Купала пражыў усё сваё сьвядомае жыцьцё, і гэта, па сутнасьці, было найбольшай ягонай трагедыяй.

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў зь цемры да сьвятла.

Змагаўшыся з напасьцяй
За шчасьце для людзей,
Ня раз пісаў ў няшчасьці
Крывёй з сваіх грудзей.

Уносіў гэтым долю
Сваю для ўсіх дабра,
А болей... Што ж там болей
Жадаць ад песьняра?!
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG