Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнікам найдаражэй у Токіё


Паводле нью-ёркскай кансалтынгавай фірмы Мэрсэр (Mercer), кошты жыцьця для замежнікаў у гэтым годзе самыя высокія ў сталіцы Японіі Токіё.

У першай дзясятцы самых дарагіх гарадоў сьвету, паводле рэйтынгу Мэрсэра, знаходзяцца таксама (у парадку ад даражэйшых да таньнейшых): Осака, Масква, Жэнэва, Ганконг, Цурых, Капэнгаген, Нью-Ёрк, Пэкін і Сінгапур.

Летась, у падобным аглядзе коштаў жыцьця, Мэрсэр устанавіў чарговасьць найдаражэйшых гадоў сьвету ў першай дзясятцы наступным чынам: Масква, Токіё, Лёндан, Осла, Сэул, Ганконг, Капэнгаген, Жэнэва, Цурых, Мілан.

Поўнасьцю агляд Мэрсэра ў гэтым годзе ахоплівае 143 гарады з шасьці кантынэнтаў. У пабудове гэтага рэйтынгу бяруцца пад увагу кошты, зьвязаныя з больш чым 200 тавараў і паслугаў, уключна з коштамі жыльля, транспарту, харчаваньня, прадметаў хатняга ўжытку і культурна-забаўляльных імпрэзаў.

Штогадовы рэйтынг гарадоў Мэрсэра зьяўляецца найбольш вядомым аглядам коштаў жыцьця ў сусьветных мэтраполіях і найчасьцей з усіх падобных рэйтынгаў выкарыстоўваецца транснацыянальнымі кампаніямі і ўрадавымі ўстановамі для вызначэньня грашовай кампэнсацыі сваім працаўнікам за мяжою.

Зыходным эталёнам, зь якім Мэрсэр параўноўвае кошты жыцьця ў іншых гарадах сьвету, зьяўляецца Нью-Ёрк, якому фірма дае 100 пунктаў. А ўсе зьмены курсаў сусьветных валютаў прыраўноўвуюцца да амэрыканскага даляра.

У сёлетнім рэйтынгу Токіё атрымала 143,7 пункта (гэта значыць, што кошт жыцьця ў японскай сталіцы амаль на 50 адсоткаў большы, чым у Нью-Ёрку, калі яго вымяраць у далярах).

Найбольш істотныя зьмены ў сусьветных коштах жыцьця, паводле аналітыкаў Мэрсэра, былі выкліканыя ваганьнямі курсаў валютаў у адносінах да даляра. Умацаваньне курсу даляра паўплывала, між іншым, на тое, што кошты жыцьця ў эўрапейскіх гарадах значна панізіліся. Прыкладам, Лёндан і Осла, якія летась былі ў першай дзясятцы найдаражэйшых гарадоў сьвету, сёлета апусьціліся на 10 і 13 месцаў адпаведна. Найбольш радыкальнае паніжэньне коштаў жыцьця за апошні год адбылося ў Варшаве, якая ў рэйтынгу Мэрсэра апусьцілася з 35-га месца на 113-е.

У агульнадаступным прэс-рэлізе Мэрсэра з нагоды сёлётняга рэйтынгу гарадоў нічога не гаворыцца пра месца Менску.

Мэрсэр праводзіць таксама досьледы якасьці жыцьця. У леташнім рэйтынгу паводле камфортнасьці жыцьця Менск заняў 183 месца – апошняе сярод эўрапейскіх гарадоў.

Пяць самых дарагіх гарадоў па рэгіёнах:

АмэрыкаАзіяЭўропаАфр/Бл.Усх.
  • Нью-Ёрк
  • Токіё
  • Масква
  • Тэль-Авіў
  • Каракас
  • Осака
  • Жэнэва
  • Дубай
  • Лос-Анджэлес
  • Ганконг
  • Цурых
  • Абу-Дабі
  • Уайт Плэйнс
  • Пэкін
  • Капэнгагэн
  • Дуала
  • Сан-Францыска
  • Сінгапур
  • Мілан
  • Лагос
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG