Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 ліпеня на аўтадарозе Менск — Асіповічы легкавік сутыкнуўся з вайсковым ЗІЛам. У аварыі, якая здарылася паблізу вёскі Падбярэжжа Пухавіцкага раёна, загінулі тры чалавекі.

ФОТА

23-гадовы кіроўца БМВ падчас абгону выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем ЗІЛ, якім кіраваў вайсковец. У выніку кіроўца БМВ, а таксама маці і 20-гадовая дзяўчына (усе трое жыхары Асіповічаў) загінулі.

Па факце аварыі распачата крымінальная справа.

Падчас аварыі ў кабіне ЗІЛа былі трое вайскоўцаў. Кіроўца паведаміў, што ад сутыкненьня ён выляцеў з кабіны і трапіў на сустрэчную паласу. Ён сказаў, што загінуў бы, калі б у гэты час рухалася якая-небудзь машына. Маёр і яшчэ адзін салдат таксама атрымалі траўмы галавы.

Яны паведамілі, што сутыкненьне адбылося вельмі хутка. Кіроўца ВMW, не разьлічыўшы хуткасьць, пайшоў на абгон і адразу сутыкнуўся зь іх машынай.

Маёр-вайсковец: «Наша машына больш за 40 і не ідзе».

Кіроўца: «Ён раптоўна выскачыў… Ён абганяў машыну і адразу за машынай і выскачыў… Я дзьверку вынес сабой. Яна адкрылася ад удару і я выляцеў на сустрэчную паласу і ўсё…».

Старшы дазнавацель папярэдняга дасьледаваньня Пухавіцкай міліцыі маёр Ігар Сачышын сказаў «Свабодзе», што падобная аварыя, але не такая цяжкая, здарылася летась. Гэта адно зь цяжкіх і складаных здарэньняў цягам гэтага году.

Сачышын: «Гэта вельмі складаны выпадак. Аварыя вельмі складаная. Я так зразумеў, што ў салёне тры чалавекі. Двое бацькоў і дачка. Такая папярэдняя інфармацыя, бо я пакуль не магу сам разабрацца».

Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі пазьней на месца здарэньня, зазначылі, што на гэтым участку дарогі ўстаноўлены знак, які забараняе абгон.

Інспэктар ДАІ Мікалай Глінскі паведаміў «Свабодзе»:

«За апошні час вельмі цяжкая аварыя. Летась быў таксама цяжкі выпадак недалёка адсюль. Прычына ў пасьпешлівасьці. Тут забаронены абгон, у гэтым месцы».

Пазьней на месца аварыі прыехалі сваякі нябожчыкаў.

Машынай кіраваў малады мужчына 1986 году нараджэньня. Побач зь ім была ягоная маці, якую адразу не змаглі апазнаць. На заднім сядзеньні была жонка кіроўцы.



Ад пачатку году ў Беларусі ўсяго адбылося 42 245 дарожна-транспартных здарэньняў. ДТЗ, у выніку якіх былі пацярпелыя, зарэгістравана 2773. Загінула 559 і паранена 3011 чалавек. Сярод загінулых 17 дзяцей, паранена 290.

За гэты ж пэрыяд 2008 году зарэгістравана 35 301 дарожна-транспартных здарэньняў. ДТЗ, у выніку якіх былі пацярпелыя, было зарэгістравана 3288. Загінула 676 чалавек, паранена 3486. Загінула 23 дзіцяці і паранена 288.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG