Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аднолькава вінаватыя гітлерызм і сталінізм?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 7-га ліпеня.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла рэзалюцыю, якая асуджае таталітарызм. Чаму Расея незадаволеная ацэнкай сталінізму? Хто вінаваты ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны? Як Беларусь ставіцца да згаданай рэзалюцыі?

Аляксандар Грыцанаў
Сяргей Касьцян
Валер Карбалевіч

Удзельнікі: старшыня Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян і філёзаф Аляксандар Грыцанаў.

Ці падобныя гітлераўскі і сталінскі рэжымы?


Валер Карбалевіч: “Рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі асуджае таталітарызм у мінулым і спробы апраўданьня яго сёньня. Здавалася, б што ў гэтым дрэннага? Аднак рэзалюцыя выклікала шмат эмоцыяў і спрэчак, пратэсты ў Расеі.

Рэзалюцыя лічыць гітлераўскі і сталінскі рэжымы адказнымі за генацыд і злачынствы супраць чалавецтва. Расейцы пярэчаць: маўляў, нельга параўноўваць гітлераўскі і сталінскі рэжымы. Ці справядлівыя гэтыя параўнаньні? Што тут можа выклікаць пярэчаньні?“

Сяргей Касьцян: “Гэта правакацыйная, злачынная рэзалюцыя, якая ставіць на мэце апраўдаць злачынствы гітлераўскай Нямеччыны. Гэтыя рэжымы нельга параўноўваць.
Касьцян: Не было злачынстваў сталінізму. Гэта вялікі зман. Была барацьба за ўмацаваньне савецкай улады супраць яе ворагаў.
Не было ніякага сталінізму. Была савецкая ўлада ў СССР і больш нічога.

Чаму рэзалюцыя не асудзіла плян Розэнбэрга, які ў фашыстоўскай Нямеччыне кіраваў заваяванымі тэрыторыямі? Плян прадугледжваў зьнішчэньне славян. Як можна параўноўваць Сталіна, які выратаваў славян, з Гітлерам, які хацеў іх зьнішчыць?”

Карбалевіч: “Па-першае, рэзалюцыя не апраўдвае, а асуджае гітлерызм. Па-другое, злачынствы сталінізму былі асуджаныя ў афіцыйных дакумэнтах і позьняга СССР, і цяперашняй Расеі. Ці вы нават не прызнаяце рашэньня ХХ зьезду КПСС аб асуджэньні сталінізму?”

Касьцян: “Не было злачынстваў сталінізму. Гэта вялікі зман. Была барацьба за ўмацаваньне савецкай улады супраць яе ворагаў. У любой заходняй краіне таксама жорстка душаць тых, хто імкнецца зрынуць уладу”.

Карбалевіч: “Усё ж ваша пазыцыя незразумелая. Дык „архіпэляга ГУЛАГ“, зьнішчэньня сталінскім рэжымам мільёнаў савецкіх людзей не было? Ці ўсё гэта было, але зьнішчалі ворагаў і правільна рабілі?”

Касьцян: “Усе гэтыя злачынствы зьдзяйсьнялі ворагі, якія дзейнічалі ў СССР”.

Сталінізм асуджаны Канстытуцыйным судом РФ


Аляксандар Грыцанаў: “Сталінізм і фашызм, а дакладней — нацыянал-сацыялізм, вельмі падобныя. Узгадаем пастанову Канстытуцыйнага суду РФ 1992 г. Нагадаю, што гэты суд праз год падтрымаў пракамуністычныя сілы ў іх змаганьні супраць Ельцына. Дык вось, нават такі суд адзначыў: “У савецкай краіне доўгі час панаваў рэжым неабмежаванай улады вузкай групы партыйных функцыянэраў з апораю на гвалт. Кіроўныя структуры КПСС былі ініцыятарамі, іх структуры на месцах — часта праваднікамі палітыкі рэпрэсій у адносінах да мільёнаў савецкіх людзей”. Гэта юрыдычны дакумэнт, які дзейнічае дасюль у поўным аб’ёме.

Сп. Касьцян кажа, што Гітлер плянаваў зьнішчэньне ўсяго сьвету, найперш славян. Гэта сапраўды былі людаедзкія пляны. А ленінска-сталінская праграма сусьветнай рэвалюцыі — гэта што? Яны плянавалі зьнішчэньне ня нацый, а сацыяльных слаёў: буржуазіі, дваранства, сьвятароў, афіцэраў. Ленін у лісьце наркому юстыцыі Курскаму налічыў 24 такія катэгорыі насельніцтва. Вось гэта быў сапраўдны ленінскі тастамэнт. І на тэрыторыі, якую вызваляла Чырвоная Армія, пачыналася зьнішчэньне гэтых слаёў“.

Касьцян: “Не было ніколі ў Леніна плянаў па зьнішчэньні насельніцтва. А што тычыцца пастановы Канстытуцыйнага суду РФ 1992 году, то ў той час у Расеі прыйшлі да ўлады нашчадкі тых людзей, якія і рабілі гэтыя кашчунствы. І каб апраўдаць сваіх продкаў, яны ўсё ўсклалі на Сталіна. Гэтыя людзі, якія сёньня ў Расеі захапілі ўладу, эканоміку, мэдыі, зьнішчаюць рускі народ. Яны цесна зьвязаныя з Захадам і праводзяць адпаведную палітыку”.

Хто вінаваты ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны?


Карбалевіч: “У рэзалюцыі прапанавана зрабіць дзень 23 жніўня — дата падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа — днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. З гэтага пункту шмат хто ў Расеі зрабіў выснову, што СССР абвінавачваюць у распачынаньні вайны разам з фашыстоўскай Нямеччынай.

Па-першае, гэтая выснова не прамая, а толькі ўскосная. Па-другое, хіба ж СССР не вінаваты ў распачынаньні вайны? У той час, калі Нямеччына захоплівала краіны Заходняй Эўропы, СССР тое ж самае рабіў ва Ўсходняй Эўропе. Захапіў краіны Балтыі. Той жа падзел Польшчы. Дарэчы, І зьезд народных дэпутатаў СССР, здаецца, у 1989 годзе асудзіў пакт Молатава-Рыбэнтропа“.

Касьцян: “Якую ж Польшчу захапіў СССР? А ў краінах Балтыі адбылася зьмена ўлады, яна перайшла да народу.

А пачаткам вайны стала Мюнхэнская змова. Яна разьвязала Гітлеру рукі для агрэсіі. За гэта нясуць адказнасьць Вялікая Брытанія, Францыя, Італія. Нават рымскі папа Пій ХХІІ дабраславіў Гітлера на барацьбу з камунізмам. Але фашысты не з камунізмам змагаліся, а кідалі ў агонь дзяцей. Чаму рэзалюцыя не адзначыла ролю Мюнхэнскай змовы?“

Карбалевіч: “Можна пагадзіцца, што заходнія краіны паводзілі сябе небездакорна. І сапраўды, Мюнхэнская змова — гэта ганебная пляма на іх рэпутацыі. Але ўсё ж віна заходніх краінаў ускосная. Яны не асудзілі, дазволілі захоп Чэхаславакіі. А СССР сам захопліваў. Ёсьць розьніца”.

Касьцян: “Польшча адмовілася ад дапамогі СССР, таму яна сама выбрала свой лёс”.

Грыцанаў: “СССР патрабаваў, каб Польшча дазволіла ствараць на яе тэрыторыі савецкія вайсковыя гарнізоны. Гэта, напрыклад, тое ж, каб вось цяпер прэзыдэнт ЗША Абама для вайны ў Аўганістане запатрабаваў ад Расеі права разьмясьціць амэрыканскія вайсковыя гарнізоны ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу. Таму адмова Польшчы зразумелая.

Калі глядзець у глыбіню, то першапрычынай Другой сусьветнай вайны стала вэрсальская сыстэма. СССР, Нямеччына хацелі яе зруйнаваць. Францыя плянавала скіраваць Гітлера супраць СССР. Лічу, што гэты пункт рэзалюцыі пра пакт Молатава-Рыбэнтропа пралабіраваны Польшчай“.

Рэзалюцыя ПА АБСЭ і Беларусь


Карбалевіч: “Якая справа Беларусі да гэтых дэбатаў і гэтай рэзалюцыі? Дарэчы, Лукашэнка ўвесь час крытыкуе вялікія дзяржавы, якія ціснуць на слабыя, навязваюць сваю волю, ужываюць гвалт. Але ці ня тое ж самае рабіў сталінскі СССР і напярэдадні вайны, і пасьля вайны?

Зь іншага боку, дзякуючы пакту Молатава-Рыбэнтропа адбылося аб’яднаньне Ўсходняй і Заходняй Беларусі. Дык як беларусам ацэньваць гэты гістарычны дакумэнт?“

Касьцян: “Нельга наўпрост параўноўваць цяперашні час і 1930-я гады. А самая страшная падаплёка асуджэньня пакту Молатава-Рыбэнтропа ў тым, што калі прызнаць яго незаконным, то Польшча мае права ставіць пытаньне аб падпарадкаваньні Заходняй Беларусі”.

Грыцанаў: “Беларусь павінна нешта зрабіць з уласнай мадэльлю свайго гістарычнага мінулага. Вось афіцыйныя асобы і мэдыі кажуць пра перамогу беларускага народу ў мінулай вайне. Цяпер Расея плянуе запісаць у школьных падручніках, што рускі народ панёс асноўныя ахвяры і выйграў вайну. На мой погляд, у гэтай вайне ўсё ж перамог савецкі народ”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG