Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просталінейны суразмоўца Мартынава


Карл Більт
Карл Більт
Шэраг заходніх СМІ прысьвяцілі свае публікацыі Швэцыі і кіраўніку швэдзкага МЗС Карлу Більту. Ад 1 ліпеня гэтая краіна старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, і менавіта на плечы эўрапейскай дыпляматыі, паводле амэрыканскай New York Times, што далей то болей узвальваюцца “складаныя праблемы дачыненьняў паміж Масквой і былымі савецкімі рэспублікамі”.

Менавіта з Карлам Більтам, які неаднойчы жорстка крытыкаваў Менск за стан правоў чалавека ў Беларусі, а таксама з генсекам ЭЗ Хавіерам Салянам і эўракамісарам Бэнітай Фэрэра-Вальднэр мае сустрэцца 28 ліпеня кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў. Паводле заяваў ведамства Більта, у часе свайго старшынства ў ЭЗ Стакгольм мае намер актывізаваць дыялёг паміж Брусэлем і Менскам, аднак толькі ў тым выпадку, калі Менск прыме “правільныя рашэньні”.

У сваім артыкуле пра кіраўніка МЗС Швэцыі Карла Більта, вядомага просталінейнасьцю выказваньняў — выданьне New York Times піша, што гэты дыплямат лічыцца адным з найбуйнейшых экспэртаў у галіне міжнародных спраў, хоць адначасна ён і ня вельмі папулярны ў самых розных колах. Напрыклад, ён
Карл Більт ня надта даспадобы тым урадам, якія пакідаюць без адказу пытаньні правоў чалавека.
ня надта даспадобы тым урадам, якія пакідаюць без адказу пытаньні правоў чалавека. “Яго стасункі з Расеяй увогуле вельмі кепскія”, — сказаў пра свайго сябра-дыплямата швэдзкі палітык, сацыял-дэмакрат Урбан Алін.

Летась Більт параўнаў тактыку Расеі ў вайне з Грузіяй з нацыстоўскай тактыкай у часе Другой усясьветнай вайны. Таксама ён назваў вынікі выбараў у Беларусі “у корані бруднымі”.

Ня надта папулярны Більт і сярод некаторых сваіх калегаў — міністраў краін ЭЗ. Выданьне цытуе аднаго з экспэртаў Эўрапейскай Рады па міжнародных дачыненьнях у Лёндане (ECFR): “Карл Більт вельмі адкрыты і кажа значна разумнейшыя рэчы, чым большасьць іншых міністраў замежных спраў”. Францыя ды Нямеччына неаднойчы крытыкавалі швэдзкага дыплямата за яго жорсткасьць, найперш у дачыненьні да Расеі.

Сам Карл Більт, выступаючы днямі ў Стакгольме, заявіў, што палітыка ЭЗ можа быць эфэктыўнай толькі ў тым выпадку, калі Брусэль ведае, чаго хоча. “Калі пачынаць зь ніадкуль, ёсьць небясьпека трапіць у нікуды”, — падкрэсьліў Більт.

Як зазначае New York Times, Більт мае 6 месяцаў, каб паказаць, на што ён здатны.

Паводле амэрыканскага інтэрнэт-выданьня The Epoch Times, “Швэцыя павінна накіраваць намаганьні Эўропы на паляпшэньне сытуацыі на ўсходняй мяжы ЭЗ… Яе ўрад мае вагу і магчымасьці, неабходныя для дасьледаваньня сытуацыі ў былых савецкіх рэспубліках, каб даць рады асноўнаму пытаньню — пытаньню бясьпекі…”

Спасылаючыся на дадзеныя экспэртаў Эўрапейскай Рады па міжнародных дачыненьнях у Лёндане (ECFR), выданьне зьвяртае ўвагу на шматлікія праблемы, якія апошнім часам напаткалі гэты постсавецкі рэгіён. Сярод іх, у прыватнасьці, і тая ізаляцыя, якую з боку багацейшых суседзяў з краін ЭЗ адчуваюць грамадзяне Беларусі, Украіны, Малдовы. Яшчэ некалькі гадоў таму беларусы, украінцы, малдаване маглі наведваць суседнія зь імі заходнія краіны. Аднак пасьля ўступу ў ЭЗ краін Балтыі, а таксама Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны, Баўгарыі ды Румыніі, заходнія мяжа для іх зачыніліся. Адна зь нямногіх межаў, якая сёньня застаецца адкрытай для Беларусі, Украіны, Малдовы, — гэта расейская. Паводле экспэртаў, гэта дазваляе Маскве захоўваць у рэгіёне свой уплыў, які можа выкарыстоўвацца як у добрых, так і ў дрэнных мэтах.

Экспэрты ECFR папярэджваюць Брусэль пра магчымыя “згубныя наступствы”, якія могуць напаткаць ня толькі рэгіён, але і ЭЗ, калі ня даць рады тамтэйшаму становішчу як мае быць, піша The Epoch Times.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG