Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказаць Абаму ў Беларусі


У Расеі ў Мішэль Абамы не заплянавана ніякіх публічных выступаў. 6 ліпеня, калі Абама вёў перамовы зь Мядзьведзевым, жонка прэзыдэнта Расеі Сьвятлана Мядзьведзева паказала Мішэль Абаме і яе дзецям, Маліі і Сашы, Крэмль, уключна са Збраёўняй, Дыямэнтавым фондам і Ўсьпенскім саборам. А што варта было б паказаць ім у Беларусі?

Сяргей Харэўскі
Культуроляг, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі лічыць: трэба ехаць у Белавескую пушчу.

“Я думаю, што калі б яна насамрэч прыехала сёньня, то яе, пэўна, зь дзецьмі павезьлі б на „лінію Сталіна“. Але калі б гэта залежала ад мяне, то, натуральна, я б зрабіў марш-кідок у Белавескую пушчу. Там я паказаў бы нашу прыроду, наш рэліктавы лес, паказаў бы Віскулі, дзе скончыўся Савецкі Саюз. Гэта зрабіла б на амэрыканцаў вялікае ўражаньне. Бо калі мы гаворым пра руіны замкаў, пра храмы, то для таго, каб успрымаць усё гэта належным чынам, трэба мець пэўны адукацыйна-культурны цэнз, мець пэўныя культурныя коды. Каб благавейна ставіцца да сівых камянёў”.

Намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі кажа: сям’ю прэзыдэнта ЗША абавязкова трэба было б звазіць у Курапаты.

Юрась Беленькі
“Ёсьць знакавыя месцы для кожнага народу, якія вымагаюць і шанаваньня, і павагі, і наведваньня іх. Курапаты — такое месца для нас, беларусаў. Гэта ня толькі трагедыя, зьвязаная з забойствамі беларусаў у 30-я гады расейскімі акупантамі-бальшавікамі. Гэта — сымбаль трагедыі нашага народу, які на працягу стагодзьдзяў падвяргаўся сыстэмнаму і сыстэматычнаму генацыду з боку Расейскай імпэрыі.

І адпаведна людзі, якія прыходзяць у Беларусь з добрай місіяй, такія знакі ўвагі паказваюць. І мы памятаем, што калі прыяжджаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, то ён ня толькі наведваў Курапаты, але і ўсталяваў мэмарыяльны знак. Як дар амэрыканскага народу — беларускаму“.

Уладзімер Здановіч
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч кажа: праграму для жонкі і дзяцей прэзыдэнта Злучаных Штатаў ён склаў бы сама меней з чатырох пунктаў:

“Найперш паказаў бы нашу Нацыянальную бібліятэку. Паказаў бы таксама музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Потым, бліжэй да абеду, завёз бы ў Дудуткі. Ну, а далей, пэўна, пайшлі б у наш тэатар опэры і балету”.

Філёзаф Валянцін Акудовіч кажа: такая праграма магла б быць трохскладовай.

Валянцін Акудовіч
“З гістарычных помнікаў, якіх у нас няшмат. Але пры ўсім пры тым для амэрыканцаў аўтэнтычная эўрапейская культура і архітэктура — зьява досыць рэдкая. І, магчыма, цікавымі будуць і Мірскі замак, і „Сафійка“ ў Полацку, і шэраг іншых забудоў. Яшчэ наведваньне балетных спэктакляў у нашым опэрным тэатры. Яны ў нас сапраўды вельмі моцныя, і тут ёсьць на што паглядзець. І яшчэ я звазіў бы іх у вельмі прыгожае месца на прыроду. Гэта ня значыць, што прыроды мала ў Амэрыцы. Яна на гэта багатая. Але разам з тым клясычную эўрапейскую прыроду, якая засталася, уласна кажучы, у такой першаснай аснове, бадай, толькі ў нас, ім было б пабачыць цікава”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG