Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці патрэбная Менску канфрантацыя паміж Расеяй і ЗША?


6 ліпеня пачаўся візыт у Маскву прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Ці можа стан адносінаў паміж Расеяй і ЗША ўплываць на сытуацыю ў Беларусі? Ці па-ранейшаму Аляксандру Лукашэнку выгадная канфрантацыя паміж Масквой і Вашынгтонам? Ці азіраецца Вашынгтон на Маскву, фармуючы сваю палітыку ў дачыненьні да Менску?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць: зь Менску — палітоляг Андрэй Фёдараў, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

Андрэй Фёдараў
Кірыл Коктыш
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: “Наколькі сёньняшні стан адносінаў Расеі і ЗША можа ўплываць на працэсы ў Беларусі? Некаторыя аглядальнікі лічаць, што паляпшэньне расейска-амэрыканскіх дачыненьняў можа паспрыяць таму працэсу ў Беларусі, які называюць „лібэралізацыяй“. Ці вы згодныя з гэтым?”

На канфрантацыі паміж ЗША і Расеяй Лукашэнка ўжо не заробіць


Коктыш: “Мне здаецца, вынік перамоваў даволі лёгка спрагназаваць у пэўных аспэктах. Абодва бакі вельмі зацікаўленыя заключыць новую дамову аб абмежаваньні ядзерных узбраеньняў, бо сёньняшні ўзровень вельмі цяжкі для расейскай і амэрыканскай эканомікі.

Больш складаная справа — з другім пазыцыйным раёнам супрацьпаветранай абароны, які амэрыканцы могуць зрабіць прадметам гандлю. Калі ЗША адменяць разьмяшчэньне элемэнтаў гэтай абароны ў Польшчы і Расеі, то гэта будзе моцны крок насустрач і Расеі і крок ад таго, каб Усходняя Эўропа пераўтваралася ў нейкі бруствэр паміж Расеяй і Заходняй Эўропай.

Ніякага значнага ўплыву на беларуска-амэрыканскія ці беларуска-расейскія стасункі гэта ня дасьць, але ўскосны ўплыў, вядома, будзе. Проста таму, што заўсёды больш прыемна жыць у бясьпечным асяродзьдзі“.

Цыганкоў: “А калі паспрабаваць ацаніць гэты ўплыў не агульна, а больш канкрэтна? Што больш выгадна афіцыйнаму Менску — нейкая напружанасьць у расейска-амэрыканскіх адносінах, што раней неаднаразова выкарыстоўваў Лукашэнка, ці пэўнае пацяпленьне? На што б сёньня Менск зрабіў стаўку?”

Коктыш: “Мне здаецца, што Менск звычайна ставіць на канфрантацыю, і з-за яе апошнія гады здабываў пэўныя грошы. Сёньняшняя беларуская ўлада ня ўмее гуляць у іншыя гульні. Але нават у выпадку пэўнай новай канфрантацыі (у што я, дарэчы, ня вельмі веру) цяпер беларуская ўлада ўжо на гэтым не заробіць. Зараз крызіс, і таму і ЗША, і Расея актыўна скарачаюць выдаткі на замежнапалітычныя амбіцыі”.

Цыганкоў: “Андрэй, ці згодны вы, што Менск, як і ў былыя гады (асабліва ярка гэта выяўлялася ў канцы 90-х), больш дывідэндаў атрымлівае ад напружанасьці паміж Масквой і Вашынгтонам? Ці, можа, час зьмяніўся, і цяпер ня ўсё так адназначна?”

Фёдараў: “Час зьмяніўся, але я ня бачу прынцыповых зьменаў для беларускай улады.
Менск і сёньня не адмовіўся б згуляць на прынцыповых супярэчнасьцях паміж Расеяй і Захадам.
Менск і сёньня не адмовіўся б згуляць на прынцыповых супярэчнасьцях паміж Расеяй і Захадам.

Я згодны з Кірылам, што галоўны пункт на дадзены момант — менавіта разьмяшчэньне элемэнтаў СПА ў Польшчы і Чэхіі. Калі бакі не дамовяцца, то напружанасьць паміж імі можа ўзрасьці, і тады Масква можа захацець выкарыстаць беларускую тэрыторыю як пляцдарм для ўсталяваньня сваіх “Іскандэраў” ды іншага”.

Цыганкоў: “У такім выпадку значнасьць Беларусі, значнасьць Аляксандра Лукашэнкі для Масквы істотна ўзрастае?”

Фёдараў: “Так. І таму ён зноў пачне разьлічваць і патрабаваць нейкія прэфэрэнцыі. Прынамсі, каб Расея не пачынала новыя малочныя ды іншыя войны. І я, дарэчы, зусім ня ўпэўнены, што ў гэтым пытаньні ЗША і Расея лёгка пагодзяцца, бо на дадзены момант там ёсьць вельмі вялікія супярэчнасьці”.

Сёньня мы ня бачым ніякай палітыкі
новай адміністрацыі ЗША ў дачыненьні да Менску


Цыганкоў: “Палітыка вялікіх дзяржаў — гэта асьцярожны балянс паміж інтарэсамі і каштоўнасьцямі. Напярэдадні візыту Абамы ў Маскву шмат казалі пра тое, што „рэалісты“ сярод амэрыканскіх экспэртаў прапануюць рашаць разам з Расеяй многія міжнародныя праблемы і асабліва не канцэнтравацца на тым, што адбываецца ўнутры гэтай краіны. Калі Вашынгтон у пэўным сэнсе заплюшчыць вочы на ўнутраныя працэсы ў Расеі, як гэта можа адбіцца на сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі? Ці ёсьць тут нейкі ўплыў, ці ЗША даказалі, што ня зьвязваюць адносіны зь Беларусьсю і дачыненьні з Масквой?”

Коктыш: “ЗША сапраўды дагэтуль ня зьвязвалі стасункі зь Беларусьсю і адносіны з Масквой. Гэта былі зусім розныя лёгікі і розныя падыходы.

Абама будзе вымушаны быць рэалістам, бо, паўтаруся, ЗША будуць зараз імкнуцца скараціць замежнапалітычныя выдаткі. Беларуская эканоміка на сёньня патрабуе каля 5 мільярдаў датацыяў штогод. ЗША пакуль не заяўлялі, што гатовыя ўзяць на сябе гэтую ношу. Так што мне здаецца, што моцных прарываў у беларуска-амэрыканскіх адносінах ня будзе. Адзінае, што Штаты могуць зрабіць — гэта зьняць свае санкцыі зь “Белнафтахіму”.

Цыганкоў: “Андрэй, ці азіраецца Вашынгтон на Маскву, фармуючы сваю палітыку ў дачыненьні да Менску? Ці зусім яны вольныя ад гэтага?”

Фёдараў: “
Факт застаецца фактам, што на Беларусь новая адміністрацыя ў Вашынгтоне пакуль не зьвяртала ўвагі.
Рэч у тым, што сёньня мы ня бачым ніякай палітыкі (новай ці старой) новай адміністрацыі ЗША ў дачыненьні да Менску. За паўгода пасьля абраньня Абамы ані ён, ані дзяржсакратар Гілары Клінтан, ані віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн (які, дарэчы, добра ведае сытуацыю ў Беларусі) ніводнага разу не ўзгадалі Беларусь. Ці там ідзе выпрацоўка нейкай новай лініі, ці проста рукі не даходзяць, бо ёсьць шмат больш важных спраў — гэтага мы ня можам ведаць. Але факт застаецца фактам, што на Беларусь новая адміністрацыя ў Вашынгтоне пакуль не зьвяртала ўвагі.

Наконт правоў чалавека Барак Абама пакуль не рабіў такіх гучных заяваў, як ягоны папярэднік Джордж Буш. Але падчас візыту ў Маскву ён вырашыў сустракацца і з апазыцыяй, і з грамадзянскай супольнасьцю, і даў інтэрвію апазыцыйнай “Новай газэце”. Гэтым ён паказвае, што не пакіне па-за ўвагай тэму правоў чалавека ў Расеі. Гэта дазваляе думаць, што ён не пакіне па-за ўвагай і тое, што адбываецца ў Беларусі. Але ў якой ступені гэта будзе зроблена, пакуль сказаць цяжка”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG