Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэлегацыя ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ публічна не падтрымала рэзкую пазыцыю расейскай дэлегацыі адносна рэзалюцыі “Пра аб’яднаньне падзеленай Эўропы: абарона правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у ХХІ стагодзьдзі ў рэгіёне АБСЭ”. Рэзалюцыя асуджае два таталітарныя рэжымы — сталінізм і нацызм.

У складзе беларускай дэлегацыі, паводле прэсавай службы Палаты прадстаўнікоў, былі намесьнік старшыні Палаты Валеры Іваноў, які цяпер знаходзіцца ў адпачынку, і старшыня сталай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах Ніна Мазай. Паводле спадарыні Мазай, яна не прысутнічала на пасяджэньні камітэту, які разглядаў рэзалюцыю, таму ня брала ўдзелу ў галасаваньні. Яна сказала, што кожны парлямэнтар галасаваў асабіста, і яна ня ведае, як галасаваў спадар Іваноў:

Ніна Мазай
“Я лічу, што спэкуляцыі на гістарычным полі ў нейкіх палітычных мэтах не заўсёды маюць права быць. А хутчэй за ўсё, не павінна гісторыя выкарыстоўвацца ў такіх мэтах. Гісторыю трэба ведаць, паважаць, але, паважаючы, не зыходзіць да спэкуляцыі на гістарычных ці то фактах, ці то канкрэтных нейкіх больш глябальных учынках гісторыі”.

На пытаньне ці абвесьцяць у Беларусі, як прапануецца ў рэзалюцыі, 23 жніўня Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, спадарыня Мазай адказала:

“Чаму мы адразу: будзе, ня будзе? Ня ведаю, будзе ці ня будзе. АБСЭ адзначае, падкрэсьлівае, заклікае, нагадвае. І ўсё гэта трэба паглядзець — і ня толькі тым, хто браў удзел: і больш шырокаму колу і парлямэнтароў, і грамадзкасьці. Гэта ж пытаньне не адной хвіліны. І не аднаго асобнага чалавека”.

Адносна пазыцыі расейскай дэлегацыі, якая выступіла супраць прыняцьця гэтай рэзалюцыі, спадарыня Мазай сказала:

“Пазыцыя Расеі была сфармулявана так, як яна палічыла неабходным. І мне здаецца, што мы супадаем у тым, што гістарычныя факты і, наагул, гісторыя заслугоўвае павагі і вельмі далікатных і дакладных адносінаў да яе”.

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Аляксандар Казлоўскі ў размове з карэспандэнтам “Свабоды” выказаўся адносна пазыцыі беларускай дэлегацыі:

“Беларуская дэлегацыя на гэты конт ніякіх адкрытых заяваў не рабіла. А як галасавала дэлегацыя? Я спадзяюся, што галасавала супраць. Мы звычайна гаворым на адной мове. Я выступаў рэзка супраць. Расея там ня згадваецца, але гэта адкрыта, рэзка антырасейская рэзалюцыя. Мы выступілі супраць, і мы не прымаем. Ад таго моманту гэтая рэзалюцыя мае каштоўнасьць для пісак. Яна для нас ня мае сэнсу”.

Ніякіх пратэстаў з боку беларускай дэлегацыі не было. Нейкіх заўважных дзеяньняў, што яны зь нечым не пагаджаліся.
Літоўская дэпутатка Вілія Алякнайце-Абрамікене таксама заўважыла, што, у адрозьненьне ад расейскай, беларуская дэлегацыя не выступала адкрыта супраць рэзалюцыі.

“Ніякіх пратэстаў з боку беларускай дэлегацыі не было. Нейкіх заўважных дзеяньняў, што яны зь нечым не пагаджаліся. Бо мы ўсё ж галасавалі тры разы. Я ўсё ж адчула нейкі рух да Эўропы. Бо пазыцыя Беларусі была вельмі важнай, калі абмяркоўвалася праблема сьмяротнай кары. Беларускі бок, мне здаецца, імкнецца ўсё ж з Эўропай ладзіць”.

Паводле спадарыні Алякнайце-Абрамікене, усяго супраць рэзалюцыі прагаласавалі толькі восем дэпутатаў і чатыры ўстрымаліся. Сярод тых хто быў супраць, пяцёра прадстаўлялі кампартыі розных краінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG