Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купальле на Іпуці


Праз вогнішча
Праз вогнішча

У купальскую ноч гомельская краязнаўчая суполка “Талака” разам зь мясцовай моладзьдзю адсьвяткавала самае рамантычнае старажытнае сьвята — Купальле. Ладзілася яно на рацэ Іпуць блізу Добруша.

СЛУХАЦЬ:


Тут, на правабярэжжы Іпуці, сабраліся маладыя людзі з Гомеля, Рэчыцы, Мазыра, Турава. Былі госьці з Польшчы й Украіны.

Пад купальскія песьні дзяўчаты ў нацыянальных строях кіруюцца на палянку зьбіраць зёлкі.

Фотагалерэя


Апавядае кіраўніца гомельскай “Талакі” Ларыса Шчыракова:

“Існуе дакладна вызначаны альгарытм паводзінаў і рытуалы, якія зьдзяйсьняюцца. Перадусім сьвята пачынаецца з таго, што дзяўчаты ідуць плесьці вянок для сябе зь зёлак, красак, а дубовы — для хлапца. У гэты час хлапцы павінны зрабіць браму ўваходную, вогнішча адмысловым чынам — са слупом і колам наверсе. Кола — сымбаль Сонца. Купальле — паганскае сьвята, пакланеньне Сонцу”.

Продкі верылі, што Купальле ачышчае агнём — у ім паляць старызну, ведзьму, праз агонь скачуць. Купальле ачышчае вадою — на досьвітку купаюцца (і абавязкова голымі) альбо качаюцца па ранішняй расе.

Неаднаразовая ўдзельніца купальскіх імпрэзаў спадарыня Марыся апавядае пра сваё адчуваньне сьвята:

“Вось гэтая народнасьць, што вядзецца ад паганства, гэты дух аўтэнтычны, нешта такое мітычнае, містычнае, можна сказаць, — гэта й захапляе”.

Спадар Зьміцер прыехаў на Купальле з Рэчыцы:

“Я прыехаў адмыслова, каб далучыцца да сьвяткаваньня беларускага сьвята, бліжэй пазнаёміцца менавіта з рытуалам. Мяне захапляе, у прынцыпе, усё: цікавяць і сьпевы старадаўнія, і танцы, і гульні — увогуле ўся гэтая непаўторная атмасфэра, якая ствараецца арганізатарамі й удзельнікамі. Люблю скакаць праз вогнішча й купацца. Мы павінны захоўваць гэтыя традыцыі, гэтыя сьвяты. І ня толькі Купальле, але і ўсе астатнія. Таму што гэта тая адметнасьць, якая нас адрозьнівае ад іншых. Гэта наш галоўны скарб — як нацыі, як народу”.

Дзяўчына: “Я — Віта, сябра “Талакі”. Жадаю ўсім, каб настрой, які сёньня ў нас тут пануе, працягваўся ўвесь год — да наступнага Купальля”.

Хлапец: “Мяне завуць Арцём, я з Гомеля. Жадаю хоць каму-кольвечы знайсьці папараць-кветку”.

Польская госьця спадарыня Каміла, якая праз гомельскіх сяброў прыехала на Купальле з мужам, дзеліцца сваімі ўражаньнямі:

“У вас тут вельмі прыгожая прырода й культура. У нас таксама ёсьць падобныя сьвяты, але праводзяцца яны ня так прыгожа, як тут”.

А наперадзе яшчэ — прызнаньне хлопцамі Купалінкі, прыгожы абрад выбару сабе пары, скокі праз вогнішча, апусканьне вянкоў са сьвечкамі на рачную плынь. Вечны спадзеў на дабро й шчасьце.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG