Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея падазрае Беларусь у “кантрабандзе” камбайнаў


У сераду ў Менску адбудуцца перамовы паміж беларускімі вытворцамі сельгастэхнікі і прадстаўнікамі расейскага аб’яднаньня “Союзагромаш” пра ўмовы ўзаемных паставак прадукцыі. Падставай да сустрэчы сталі падазрэньні расейцаў на нядобрасумленную канкурэнцыю з боку асобных беларускіх прадпрыемстваў. У прыватнасьці, прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін даручыў праверыць дадзеныя кіраўніцтва аб’яднаньня “Ростсельмаш” аб прыхаваным імпарце беларускай сельгастэхнікі ў Расею.

Беларускае пытаньне пры наведваньні Ўладзімерам Пуціным аб’яднаньня “Ростсельмаш” узьнікла пасьля таго, як генэральны дырэктар прадпрыемства Валеры Мальцаў паскардзіўся на экспансію з боку “Гомсельмаша”. Маўляў, летась у Расеі рэалізавана 777 беларускіх зернеўборачных і амаль паўтысячы кормаўборачных камбайнаў. Пры гэтым ніводзін расейскі вытворца на беларускі рынак прасунуцца ня здолеў. Мальцаў таксама зазначыў: імпартаваныя камбайны — невысокай якасьці і бяруць толькі коштам. Насамрэч — дэмпінгуюць, бо беларускія вытворцы маюць значныя дзяржаўныя датацыі. Апроч таго, кіраўнік “Ростсельмашу” канстатаваў: беларусы адмаўляюцца плаціць за ўжо вырабленую па кантрактах прадукцыю:

“Мы бярэм крэдыты, вырабляем адмыслова пад Беларусь вось гэтыя камбайны. Аднак гатовыя камбайны стаяць на нашай пляцоўцы, а беларусы трэці год за іх ня плацяць. То бок тэндэр мы выйгралі, дамову заключылі, а паставак няма. У выніку такі “балянс”: сюды — 2,5 тысячы беларускіх камбайнаў, а туды — нуль”.
Васіль Шлындзікаў

Экс-дырэктар заводу спэцтэхнікі “Амкадор” Васіль Шлындзікаў лічыць расейскія абвінавачаньні на адрас беларускіх вытворцаў надуманымі. На яго перакананьне, Расея ня можа абысьціся безь беларускай тэхнікі, бо канчаткова загубіла машынабудаўнічую галіну:

“Бальшыня нашай тэхнікі на рынку Расеі прадаецца. Але я ня думаю, што расейцам выгадна ад яе цалкам пазбавіцца, бо ў іх папросту няма такой тэхнікі. Трактарныя заводы ў іх амаль усе памерлі, толькі Кіраўскі трактарны яшчэ крыху дыхае. Будаўніча-дарожнай тэхнікі практычна няма, наш “Амкадор” сёньня вырабляе ў некалькі разоў больш, чым усе былыя заводы Міністэрства цяжкога машынабудаваньня СССР. Таксама ўсе палеглі. Натуральна, кожны, як можа, бароніцца. Дапусьцім, той жа “Ростсельмаш” думае: калі ён “Гомсельмаш” з расейскага рынку выкіне, дык пры адсутнасьці канкурэнцыі расквітнее. А я глыбока сумняюся, што ён расквітнее. Калі адмовіцца расейцам ад нашай тэхнікі, значыць, давядзецца набываць заходнюю. А гэта зусім іншыя грошы. Калі ж дагэтуль набываецца наша, значыць, яна адпавядае суадносінам “цана-якасьць”.

Беларускія вытворцы не хаваюць, што хацелі б большай інтэграцыі ў расейскую прастору. Перадусім — каб зраўняцца ў правах з тамтэйшымі прадпрыемствамі і прэтэндаваць на ўдзел у праграмах дзяржпадтрымкі. Пакуль да рэсурсаў “Россельхозбанка” доступу ў беларусаў няма, спадзявацца на магчымасьць продажу расейскім спажыўцам беларускай тэхнікі ў крэдыт не выпадае. Дзеля гэтага “Гомсельмаш” арганізаваў зборку сваёй тэхнікі ў Бранску. Аднак згаданы ўжо Валерый Мальцаў назваў бранскі варыянт “псэўдавытворчасьцю”. Маўляў, нічога беларусы ў Расеі не зьбіраюць, а пастаўляюць гатовыя камбайны. Аднак, паколькі яны лічацца сабранымі ў Расеі, на іх распаўсюджваюцца расейскія льготы.

Адзін з прафсаюзных лідэраў Аляксандар Бухвостаў адпрацаваў на “Гомсельмашы” на розных пасадах два дзясяткі гадоў, многіх цяперашніх кіраўнікоў прадпрыемства ведаў, калі тыя яшчэ пачыналі маладымі спэцыялістамі. Пра канфліктную сытуацыю ён такой думкі:
Аляксандар Бухвостаў

“Ня можа быць сытуацыя такой, што хтосьці падпольна нешта робіць. Такога ня можа быць аб’ектыўна. Зборачная вытворчасьць нашых камбайнаў на Бранскім заводзе, натуральна, арганізаваная на падставе ўзаемнай дамовы, пад якой ставілі подпісы кіраўнікі абласьцей, кіраўнікі прадпрыемстваў. Зразумела, што кожны ў гэтай справе мае сваю выгаду. Таму абвінавачваць “Гомсельмаш”, што ён кантрабандай займаецца, ці ў тым, што яны на тэхніку толькі этыкеткі чапляюць, няма ніякіх падставаў. Іншая справа, што ёсьць пастаўка буйных вузлоў і мінімальная зборка. Пастаўляць вузлы заўсёды прасьцей, чым гатовую тэхніку, якая абкладаецца зусім іншым мытам. У выпадку з запчасткамі ўступаюць у сілу зусім іншыя эканамічныя адносіны. Таму і ўзьнікае зацікаўленасьць у арганізацыі менавіта зборачнай вытворчасьці”.

Расея штогод мае патрэбу ў 15 тысячах збожжаўборачных камбайнаў. “Ростсельмаш”, які толькі летась пачаў атрымліваць дзяржаўныя субсыдыі, выйсьці на такія магутнасьці пакуль няздатны. І ў расейскіх пакупнікоў выбар аб’ектыўна невялікі: альбо на парадак больш якасная, аднак і нашмат даражэйшая заходнеэўрапейская тэхніка, альбо параўнальная паводле парамэтраў якасьці-кошту з растоўскімі камбайнамі прадукцыя “Гомсельмашу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG