Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь ухваляе дамоўленасьці ЗША і Расеі


Андрэй Папоў

Андрэй Папоў

"Беларусь станоўча ўспрымае рашэньне прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, якія тычацца далейшых скарачэньняў і абмежаваньняў стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНУ) сваіх краінаў і заключэньня ў будучым новай дамоўленасьці, якая юрыдычна абавязвае, на зьмену дзейнай дамовы аб СНУ",- паведаміў журналістам прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.


Паводле А.Папова, дзейная дамова несумнеўна адыграла вызначальную ролю ў пляне ўмацаваньня стратэгічнай бясьпекі і стабільнасьці, а яе “пасьпяховая рэалізацыя стала магчымай толькі дзякуючы калектыўным намаганьням усіх краінаў-удзельніц”.

Як удзельніца дамовы, Беларусь "унесла важкі, прынцыповы ўклад у справу ядзернага раззбраеньня і нераспаўсюду шляхам адмовы ад ядзернай зброі, якую яна мела”.

Паводле А.Папова, Беларусь будзе вітаць больш хуткую практычную рэалізацыю падпісанай у Маскве расейска-амэрыканскай дэклярацыі, “каб ні ў каго не ўзьнікала сумневу ў незваротнасьці працэсу ядзернага раззбраеньня”.

У Беларусі перакананыя, што “далейшы посьпех новай дамовы будзе ў многім залежыць ад гатоўнасьці працаваць сумесна зь дзяржавамі, якія падзялілі з Расеяй і ЗША цяжар адказнасьці за сытуацыю ў галіне стратэгічнай стабільнасьці, і гарантаваць бясьпеку гэтых краінаў”, перадае Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG