Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зацікаўленыя ў моцнай Расеі


ЗША зацікаўленыя ў моцнай, мірнай і квітнеючай Расеі. Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама, выступаючы ў другі дзень свайго візыту ў Маскву у Расейскай эканамічнай школе.

Барак Абама таксама заявіў, што дэмакратыя і выкананьне правоў чалавека зьяўляюцца ўнівэрсальнымі каштоўнасьцямі, у абарону якіх выступаюць ЗША. Пры гэтым ён заявіў, што ЗША ня маюць намеру навязваць некаму якую-небудзь сыстэму кіраваньня.

На самым пачатку свае прамовы Абама сказаў:

"Амэрыка хоча моцнай, мірнай і заможнай Расеі. Гэтае перакананьне мае свае карані ў нашай павазе да расейскага народу і ў супольнай гісторыі нашых дзяржаваў, якая перасягае рамкі суперніцтва".

На думку Абамы, абедзьве краіны маюць супольныя інтарэсы ў тым, каб скараціць ядзерныя ўзбраеньні, перамагчы экстрэмізм і забясьпечыць сьвету эканамічны дабрабыт.

У сваёй прамове Абама асьцярожна закрануў і тэмы, якія зьяўляецца найбольш складанымі ва ўзаемных дачыненьнях: леташняе ўварваньне расейскіх войскаў у Грузію ды амбіцыі Грузіі і Ўкраіны далучыцца да НАТО. Абама выказаў амэрыканскую пазыцыю адносна гэтых пытаньняў у наступнай форме:

"Дзяржаўная сувэрэннасьць павінна быць краевугольным каменем міжнароднага парадку. Так як усе дзяржавы маюць права выбіраць сабе кіраўнікоў, яны таксама маюць права да бясьпечных межаў і да самастойнай замежнай палітыкі. Гэта слушна як у адносінах да Расеі, так і ў адносінах да Злучаных Штатаў. Кожная сыстэма, якая адмаўляецца ад гэтых правоў, давядзе да анархіі. Якраз таму гэты прынцып павінен ужывацца ў адносінах да ўсіх дзяржаваў — уключна з такімі, як Грузія і Ўкраіна".

Пасьля прамовы ў Расейскай эканамічнай школе Барак Абама сустрэўся з апошнім генэральным сакратаром КПСС Міхаілам Гарбачовым. Сустрэча доўжылася 15 хвілін.

Сёньня -- другі дзень прэзыдэнта ЗША ў Маскву. У панядзелак у Крамлі прайшлі расейска-амэрыканскія перамовы на вышэйшым узроўні і быў падпісаны шэраг важных дакумэнтаў. У прыватнасьці, аб стратэгічных наступальных узбраеньнях, аб вайсковым супрацоўніцтве, аб транзыце амэрыканскіх грузаў у Аўганістан.

Сёньня Абама перайшоў да эканамічнага блёку свайго візыту ў Маскву. У яго прайшла сустрэча за сьняданкам з прэм’ер-міністрам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

“Мы думаем, што існуе цудоўная магчымасьць стварыць больш трывалы падмурак дачыненьняў паміж ЗША і Расеяй. Мы можам не пагаджацца ў шэрагу пытаньняў, але, я думаю, мы можам паважаць адзін аднаго і раіцца адзін з адным, што паслужыць на дабро яе амэрыканскага, так і расейскага народаў,” – сказаў Абама.



“З вашым імем мы зьвязваем спадзяваньні на разьвіцьцё расейска-амэрыканскіх дачыненьняў”, – зазначыў, зьвяртаючыся да Абамы. Пуцін.



У праграме Абамы візыту таксама -- сустрэча разам зь Мядзьведзевым з удзельнікамі расейска-амэрыканскага бізнэс-саміту.


У гатэлі “Мэтраполь” сёньня пройдзе форум няўрадавых арганізацыяў Расеі. Барак Абама мае намер наведаць гэты форум, дзе ён будзе мець магчымасьць паразмаўляць ў прадстаўнікамі расейскай грамадзянскай супольнасьці.

Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў ня мае намеру ўдзельнічаць у грамадзянскім форуме. Прэзыдэнт ЗША ў сераду раніцай вылеціць у Італію для ўдзелу ў саміце G8. Пазьней на саміт накіруецца і прэзыдэнт Расеі.

10-11 ліпеня Барак Абама наведае Гану.

***************

У адрозьненьне ад візытаў Барака і Мішэль Абамаў у Францыю і Вялікабрытанію, у Расеі ў Мішэль Абамы не заплянавана ніякіх публічных выступаў. 6 ліпеня, калі Абама вёў перамовы з Мядзьведзевым, жонка прэзыдэнта Расеі Сьвятлана Мядзьведзева паказала Мішэль Абаме і яе дзецям, Маліі і Сашы, Крэмль, уключна са Збраёўняй, Дыямэнтавым фондам і Ўсьпенскім саборам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG