Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРОПКА БІФУРКАЦЫІ. Тыдзень з блогерам _extraneus_


_extraneus_

_extraneus_

«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе _extraneus_.

СЬВЯТА БЕЗ СЮРПРЫЗУ


Мінулыя выходныя прайшлі для паспалітых беларусаў пад знакам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. З рознымі пачуцьцямі чакалі мы гэтай даты. Нехта — з энтузіязмам:
«Дзень Незалежнасьці РБ — гэта сьвятое... Парад і паказ вайсковай тэхнікі — гэта ўражвае»,

нехта — зь непрыхаваным сарказмам:

«Было б някепска, калі б яшчэ напісалі, дзе бомба гэтым разам будзе закладзена».

«Тады сюрпрызу ня будзе.»


На шчасьце, гэтым разам абыйшлося безь сюрпрызаў. Ну, калі не лічыць сюрпрызам разьбітыя цяжкой бронетэхнікай сталічныя дарогі.

Але галоўнае дзяржаўнае сьвята так і ня сталася тым днём, калі грамадзяне адчуваюць лучнасьць і адзінства. Наадварот — неадназначная эстэтыка сьвяткаваньня, сумнеўнае ідэйнае напаўненьне і, мякка кажучы, спрэчны выбар даты спрычыньваюцца да таго, што нават па гэтым дні для беларусаў пралягае лінія водападзелу паміж «нашымі» і «ня нашымі».

КРЫХУ ГІСТОРЫІ


Блогер lutavit робіць экскурс у гісторыю і зьвяртае ўвагу, што 3 ліпеня для менчукоў — ня толькі дзень вызваленьня ад гітлераўцаў: 3 ліпеня 1655 году да Менску наблізілася войска маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча пры падтрымцы хаўрусных казакоў. За пяць вёрстаў ад гораду іх сустрэлі абаронцы, што вырашылі выйсьці ў поле, бо ўмацаваньні Менску былі абсалютна ненадзейнымі — гэта быў глыбокі тыл Вялікага Княства, ніхто і не чакаў, што калісьці дасюль можа дайсьці вораг. Пасьля непрацяглага бою менчукі адступілі, аднак трапілі ў пастку, бо частка маскоўскіх войскаў змагла перайсьці Сьвіслач і перакрыць шлях да адходу. Адбыўся другі бой, які завяршыўся зьнішчэньнем менскага войска. Верагодна, што частка мяшчанаў абаранялася некаторы час ў замку і ў храмах... Два тыдні па захопе гораду казакі зьнішчалі мястэчкі акругі.

Сёньня распачнецца чарговы фарс пад шыльдай «усенароднага сьвята»... А колькі менчукоў сёньня ўзгадаюць, што літаральна побач з тым мейсцам, дзе будзе праходзіць парад, яшчэ ляжаць косткі забітых 3 ліпеня 1655 году. Чарговыя «вызваліцелі» ня сталі хаваць памерлых, а проста скінулі ў манастырскія сутарэньні. Частку зь іх знайшлі архэолягі. Але частку. І ў нашым горадзе няма нават знаку, які б распавёў пра жахлівыя падзеі таго дня. Затое, ёсьць стэла, ёсьць танкі, трактары і таннае піва.


Камэнтары ў суполцы minsk_by:

«Я прапаную забараніць жарты, сьвяты і сьмех. Бо ў гэтым горадзе наўрад ці знойдзецца хоць бы мэтар зямлі, у якім ня будуць знаходзіцца чыісьці парэшткі.»

«Уся беларуская гісторыя — гэта адна суцэльная „нагода для жалобы“. А ўся тэрыторыя Менска — адна суцэльная тэрыторыя бойні. Але нам з гэтым неяк трэба жыць»


VOX POPULI


Няма адзінства і сярод наведнікаў форумаў парталу tut.by:

Вельмі шаную вэтэранаў, але ў дзень незалежнасьці хочацца бачыць нацыянальныя строі, рыцараў, вулічных музыкаў, каб чуліся беларускія песьні.

Варта адзначыць, што для большай часткі сучасных жыхароў нашай краіны радзімай зьяўляецца менавіта дзяржава, якую вызвалялі падчас ВАВ. Вось калі на вядучых ролях будуць людзі не народжаныя ў Савецкім саюзе, тады няхай і пераглядаюць...

Навязваньне «памяці і гонару» заўжды вядзе да адваротнага эфэкту. Так што, дзякуючы ўсім гэтым «пастановам», што абавязваюць начэпліваць на грудзі розныя стужачкі, «аздабляць» вокны плякатамі, народ у хуткім часе будзе проста сьмяяцца з «гераічнай мінуўшчыны».

Аднаго 9 траўня хопіць, навошта гэтая гістэрыя вайсковая, тым болей мінула ўжо 70 год. Усклалі вянкі, схадзілі ў царкву, паставілі сьвечкі, памянулі на набажэнстве. Навошта гэта ўсё? Дастала ўжо!

Я беларус, грамадзянін Латвіі. У нас таксама праводзяцца парады вайсковай тэхнікі! Гэта ўздымае патрыятызм краіны. Парад мусіць быць!


ВОСЬ СЫМБАЛЬ ТВОЙ...


Але ў чым афіцыёзным сьвяткаваньням адмовіць нельга, дык гэта ў тым, што яны зьяўляецца невычэрпнай крыніцай разнастайнага трэшу. Блогер ischu_pravdu напаткаў на сайце сталічнага тэлебачаньня фота з фэерычнымі ўдзельнікамі сьвяточнага шэсьця:



Што гэта за капытнае завітала падтрымаць маладую і хісткую беларускую незалежнасьць? Хтосьці прызнаў у ім постаць эпічнага лася Ватзэфака, але справа, відаць, у іншым. Ва ўмовах, калі ў краіне адсутнічаюць каштоўнасьці, што падзяляліся б абсалютнай большасьцю, улады, выглядае, жадаюць знайсьці хоць нешта, што яднала б нас усіх. І ў сваіх пошуках зьвяртаюцца да вобразаў роднай матухны-прыроды, якую і ўвасобілі ў ласях-бабрах. Так ужо было на пачатку дзевяностых, калі абіраліся сюжэты для беларускіх банкнотаў. Перавага тады аддалася не гістарычным постацям і не дзеячам нацыянальнай культуры, а маўклівым і бесканфліктным прадстаўнікам беларускай фаўны. Вось і зараз — нічога новага, старое рашэньне старой праблемы. Гэткая сабе спроба кансалідацыі па-беларуску.

...Зрэшты, часам лось — гэта проста лось.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG