Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі зачыняюць два рынкі


Рынак у Гомелі між чыгуначным і аўтобусным вакзаламі.

Рынак у Гомелі між чыгуначным і аўтобусным вакзаламі.

Гомельскі гарвыканкам з прапановы санітарнай службы гораду вырашыў закрыць Прывакзальны рынак і міні-рынак на вуліцы Бочкіна.

70-гадовы пэнсіянэр Аляксандар, які жыве побач з Прывакзальным рынкам: “Калі закрыюць, то пэнсіянэрам прыйдзецца далёка хадзіць. А тут — побач, выйшаў, узяў усё, што табе трэба — гародніну, садавіну. Тут і яйкі, і хлеб, і рыба — усё, што трэба жывому чалавеку”.

Спадарыня Тамара цікавіцца, што ўлады прапануюць узамен? Бо Прывакзальны рынак, у адрозьненьне ад вялікага, Цэнтральнага, працуе штодзённа:

“Цікава, што ж яны ўзамен хочуць зрабіць? Можа, для нас што-кольвечы? Мяне гэты рынак вельмі задавальняе. Сёньня панядзелак, мне патрэбна гародніна. Вялікі рынак зачынены. Мне што, у Валатаву ехаць? Гэта вельмі далёка й цяжка. Таму я вельмі радая, што сюды можна і ў панядзелак прыйсьці, і пазьней купіць. Вялікі рынак у 3-4 гадзіны дня згортваецца, а тут і ў шэсьць гадзінаў вечара штосьці сабе можна купіць. Месца разьмяшчэньня яго выдатнае”.

Жанчына прапануе: калі ў каго з гандляроў няма лядоўні, то трэба прымусіць паставіць. І асфальт дзе-нідзе ўладам трэба аднавіць, а не зачыняць рынак:

“Трэба, канечне, паправіць, бо іншы раз пасьля дажджу лужыны бываюць. А так мяне цалкам усё задавальняе. Культурна, абслугоўваюць вельмі добра”.

Вакзалы вакол — твар гораду. А тут, прабачце, ня рынак, а таўкучка.
Мужчына начальніцкага выгляду пярэчыць спадарыні: “Вакзалы вакол — твар гораду. А тут, прабачце, ня рынак, а таўкучка. Побач жа Цэнтральны рынак. І калі ён не працуе ў панядзелак, то мы гэта перажывём”.

Заўвага гараджаніна выклікае сапраўднае абурэньне прадпрымальнікаў, якія гандлююць на Прывакзальным рынку:

“Нам не прапанавалі новае месца. Я ведаю, што застануся бяз працы, бяз сродкаў існаваньня. І вы спытайце ў кожнага — вам скажуць тое ж самае. Я пра гэта думаю з жахам. На Цэнтральным рынку месцаў усім ня хопіць! І якая там будзе таўкучка!”

Паводле інфармацыі рады прадпрымальнікаў, на Прывакзальным рынку працуе каля паўтысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Многія зь іх за свае грошы на падставе патрабаваньня ўласьніка рынку — управы па рабоце з насельніцтвам Адміністрацыі Чыгуначнага раёну — нядаўна ўсталявалі ралеты. І цяпер іх па сутнасьці выганяюць з рынку.

Індывідуальная прадпрымальніца Алена распавяла. што адна гадуе дваіх дзяцей:

“Нас папярэдзілі, што па першым патрабаваньні мы павінны вызваліць гандлёвыя рады. Куды я пайду? Якое мне месца могуць прапанаваць? Дваіх дзяцей я гадую адна ды яшчэ плачу за крэдыт. Уявіце, якія мне сродкі патрэбныя, калі я застануся бяз працы?!”

Рынак на вул. Бочкіна
Падобная сытуацыя складваецца і на міні-рынку, што месьціцца ў абласным цэнтры на вуліцы Бочкіна.

Спадарыня Марыя: “Я, як кажуць, сваё адпрацавала. Але дзе будзе моладзь працаваць? Няхай гэтае пытаньне адрасуюць нашаму „бацьку“. Куды дзець гэтую моладзь, якая стаіць на рынку? Куды яна пойдзе — красьці? Яна ж застаецца без кавалка хлеба!”
XS
SM
MD
LG