Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама і Мядзьведзеў сёньня адгортвалі новыя старонкі


Сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустрэчай з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым пачаў свой візыт у Маскву.

Інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што абодва прэзыдэнты дамовіліся аб заключэньні васьмі пагадненьняў.

Размовы закончыліся супольнай прэс-канфэрэнцыяй абодвух прэзыдэнтаў. Прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў, што размовы былі посьпехам абодвух бакоў:

"Адбылася вельмі карысная і вельмі адкрытая дзелавая размова. Гэта была безь ніякага сумневу тая сустрэча, якую чакалі і ў нашай краіне, і ў Злучаных Штатах Амэрыкі, і ад якой залежыць ня толькі будучыня нашых краінаў, але шмат у чым і трэнды, пэрспэктывы сусьветнага разьвіцьця."

А Барак Абама падкрэсьліў важнасьць паразуменьня абодвух бакоў наконт скарачэньня сваіх ядзерных арсэналаў:

"Мы падпісалі паразуменьне аб заключэньні пагадненьня, якое будзе працягам дамовы START і дазволіць нам скараціць нашы ядзерныя боегалоўкі і ракеты-носьбіты да траціны той колькасьці, якую дазваляе наша цяперашняя дамова. Падрыхтоўка гэтай дамовы будзе завершаная да канца гэтага году."

Найважнейшае з пагадненьняў, пра якія ён дамовіўся з Абамам, датычыць абмежаваньня ядзерных арсэналаў стратэгічных наступальных узбраеньняў. Гэтае новае пагадненьне заменіць старую дамову, падпісаную паміж ЗША і СССР Джорджам Бушам-старэйшым і Міхаілам Гарбачовым у ліпені 1991 году, тэрмін дзеяньня якой канчаецца ў сьнежні гэтага году.

Старая дамова, вядомая шырэйшай публіцы пад скаротам START I, абмяжоўвала ядзерныя арсэналы ЗША і Расеі да 6000 боегаловак і 1600 ракетаў-носьбітаў на кожным баку. Новая дамова мае абмежаваць лік ракетаў-носьбітаў да колькасьці паміж 500 і 1100 адзінак, а ядзерных боегаловак — да колькасьці паміж 1500--1675 адзінак. Новае скарачэньне ядзерных арсэналаў будзе адбывацца на працягу сямі гадоў пасьля падпісаньня гэтай дамовы.

Абодва бакі таксама абмеркавалі пытаньні транзыту амэрыканскіх вайсковых грузаў праз расейскую паветраную прастору ў Аўганістан. Расея дала дазвол на 4500 пералётаў у год амэрыканскіх самалётаў з вайскоўцамі і ўзбраеньнем у Аўганістан.

Якія пытаньні ўскладняюць цяперашнія расейска-амэрыканскія адносіны?

Гэта у першую чаргу леташняе ўварваньне расейскіх войскаў у Грузію ды расейская падтрымка сэпаратысцкіх рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія абвясьцілі незалежнасьць у аднабаковым парадку.

Па-другое, Расея занепакоеная фактам, што Грузія і Ўкраіна імкнуцца да сяброўства ў НАТО і, у пэрспэктыве, могуць гэтай мэты дабіцца.

Па-трэцяе, Маскве не падабаюцца пляны Вашынгтону збудаваць сыстэму супрацьракетнай абароны ў Эўропе з радарам у Чэхіі і ракетамі-перахопнікамі ў Польшчы.

Заўтра Абама сустрэнецца з расейскім прэм’ер-міністрам Уладзімірам Пуціным.

Калі меркаваць толькі з фармальнага распадзелу функцый паміж Мядзьведзевым і Пуціным у Расеі, Абама павінен гаварыць з Пуціным перш за ўсё пра эканамічныя пытаньні, пра цяперашні сусьветны эканамічна-фінансавы крызіс. Аднак, паводле чыйгосьці дасьціпнага выслоўя, сьвет перакананы, што ў Расеі Мядзьведзеў усяго толькі адказвае за замежную палітыку, а вызначае яе — Пуцін. Так што, відаць, і ў гутарцы з Пуціным Абама не пазьбегне замежнапалітычных пытаньняў.

Перад сваёй паездкай у Маскву Абама ў інтэрвію агенцтву Associated Press зрабіў намёк, што Пуцін адной нагой стаіць у эпосе "халоднай вайны". Пуцін адказаў Абаму завочна з Масквы, што ён "стаіць цьвёрда на абодвух нагах і заўсёды глядзіць у будучыню". Так што абодва палітыкі, як здаецца, могуць таксама пагаварыць і пра тое, хто дзе сёньня стаіць і куды глядзіць.
XS
SM
MD
LG