Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці асудзяць у Беларусі сталінізм?


Рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ “Пра аб’яднаньне падзеленай Эўропы: абарона правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у XXI стагодзьдзі ў рэгіёне АБСЭ” асудзіла сталінізм і нацызм як рэжымы, якія прывялі да генацыду і злачынстваў супраць чалавечнасьці. Ці дэмантуюць пасьля гэтага ў Беларусі помнікі Сталіну, ці закрыюць мэмарыял “Лінія Сталіна” і ці спыняць будаўніцтва мэмарыялу “Лінія Молатава”?

Грамадзкія дзеячы, якія займаюцца дасьледаваньнем сталінскіх рэпрэсій і злачынстваў камунізму, лічаць, што бліжэйшым часам у Беларусі на дзяржаўным узроўні сталінізм не асудзяць.

Старшыня мэмарыяльнай сэкцыі аб’яднаньня аховы помнікаў і культуры Ўладзімер Раманоўскі лічыць, што сталінізм і нацызм маюць аднолькавую прыроду, але сучаснае кіраўніцтва краіны не гатовае падтрымаць рэзалюцыю АБСЭ.

“Наша кіраўніцтва наўрад ці пагодзіцца з гэтай рэзалюцыяй, бо самі мэтады кіраваньня засталіся тымі ж, якімі былі ў часы Савецкага Саюзу, у прыватнасьці сталінскага пэрыяду. Пра гэта сьведчыць парушэньне правоў грамадзянаў. Ускосным таму пацьверджаньнем і стварэньне „Лініі Сталіна“ у той час, як музэй рэпрэсаваных мы стварыць ня можам”.

Якаў Басін
Старшыня рэлігійнага аб’яднаньня абшчынаў прагрэсіўнага іудаізму Якаў Басін: “Нацызм і сталінізм ёсьць палітыкай таталітарнай дзяржавы на базе ўльтракансэрватыўнага грамадзтва. Мэтады кіраўніцтва дзяржавай былі адны і тыя ж. У Беларусі, як і ў Расеі, сапраўднай дэсталінізацыі так і не адбылося. У выніку ў наша кансэрватыўнае грамадзтва лібэральныя ідэі ўкараніць не ўдасца”.

Тры гады таму пад Менскам пачаў дзейнічаць мэмарыял “Лінія Сталіна”. Паводле ідэёлягаў і стваральнікаў музэю, вайсковыя збудаваньні нібыта выкарыстоўваліся падчас нападу на Савецкі Саюз, у тым ліку для абароны Менску. Тым часам пад Берасьцем пачалося будаўніцтва “Лініі Молатава”.

Між тым АБСЭ прапанавала зрабіць 23 жніўня, калі быў падпісаны пакт Молатава-Рыбэнтропа, Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

Уладзімер Арлоў
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў мае больш аптымістычны погляд наконт таго, што ў Беларусі можа адбыцца закрыцьцё “Лініі Сталіна” і дэмантаж помнікаў Сталіну.

“У нас афіцыйна існуюць два помнікі Сталіну — у Сьвіслачы і на “Лініі Сталіна”. Ну, мае замежныя калегі нават ня вераць у такое і патрабуюць фотаздымкі… Але, тым ня менш, мы жывем у дастаткова дынамічным сьвеце. Яшчэ нядаўна адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выглядала аддаленай пэрспэктывай. Цяпер гэта актыўна дэбатуецца.

Я не выключаю, што пры наяўнасьці помнікаў Сталіну нашы ўлады могуць салідарызавацца з эўрапейскім поглядам. Безумоўна, перасьледуючы свае мэты найперш, а не дзеля сапраўднага асуджэньня сталінскіх злачынстваў”.

У часе школьных вакацый сотні школьнікаў аўтобусамі звозяць у мэмарыял у рамках праграмы патрыятычнага выхаваньня. Падлеткаў з праблемных сем’яў і тых, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні, накіроўваюць на “Лінію Сталіна” у выхаваўчых мэтах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG