Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глуск гадае: Ленін, Сталін ці нехта трэці захаваны ў мясцовым парку


Ігар Кірын

Ігар Кірын

У гэтым месяцы чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ігар Кірын з Глуску адзначае 55-годзьдзе. Пасьля БДУ выкладаў фізыку, быў дырэктарам раённага Дому піянэраў і школьнікаў. За актыўнасьць падчас кіраваньня Глускім камітэтам грамадзкага самакіраваньня быў звольнены, арганізаваў раённы клюб выбарцаў. Цяпер кіруе мясцовым прадстаўніцтвам БХК, зьяўляецца рэдактарам вэб-сайту gluskonline.net, створанага разам з Уладзімірам Мельнікавым (Эстонія). Аўтар шэрагу публікацыяў у нацыянальным друку. Два гады таму стаў першым афіцыйна зарэгістраваным у раёне рэпэтытарам.

Яшчэ пяць гадоў таму ў нас было ажно два помнікі “правадыру”.


Мітынг ля помніку Леніна. Студзень, 1992


Гіпсавы стаяў у цэнтры пасёлку спачатку ў парку, а потым, калі 35 гадоў таму яго замяніў бронзавы бюст двойчы Героя Савецкага Саюзу С.Шутава, Леніна перанесьлі на плошчу перад райвыканкамам. У 2004 гіпсавы Ільіч пачаў развальвацца, і яго дэмантавалі.

Бязрукі Ленін. Люты, 2004

Дэмантаж помніка Леніну. Сакавік, 2004

Дэмантаж помніка Леніну. Сакавік, 2004

Дэмантаж помніка Леніну. Сакавік, 2004

Так і застаўся ў пасёлку толькі бюст кіраўніка пралетарскай рэвалюцыі каля ўваходу ў кантору МПМК-249.

Бюст Леніну каля МПМК-249. Травень, 2005

Бюст Леніну каля МПМК-249. Ліпень, 2005

Дэмантаж трыбуны. Кастрычнік, 2005

МПМК-249 пасьля рэканструкцыі. Красавік, 2009

І вось зьнік і ён. Тое мала хто заўважыў. Ну а “верным ленінцам” даводзіцца цяпер езьдзіць у Бабруйск, каб ушанаваць памяць свайго ідала. Там помнікаў Уладзіміру Ільічу яшчэ хапае.

Плошча бяз Леніна. Лістапад, 2005

Але ў той самы час нечая каменная рука ўпарта высоўваецца ўжо шмат гадоў зь зямлі непадалёку ад помніка С.Шутаву. Кажуць, хутчэй за ўсё належыць яна правадыру, які стаяў на гэтым месцы да вайны. Загадка глускай гісторыі не разгаданая дагэтуль: многія лічаць, што тутака можа быць закапаны і Сталін.

Каменная рука

Хоць старыя людзі цьвердзяць: яшчэ ў 1950-я “бацька народаў” высіўся каля будынку дзіцячага дому, там, дзе зараз знаходзіцца санаторная школа. Да таго ж тое быў ня роставы помнік, а – бюст. Ён зафіксаваны ў кнізе Н.Сандамірскага “Адрынуты партрэт”.

Група работнікаў у бюста І.Сталіна. Фота з кнігі

Такім чынам, больш праўдападобная вэрсія наконт Леніна, зробленага з сапраўднага каменю. Яго нібыта разбурылі немцы ў 1941-м. Кажуць, у некага з жыхароў захавалася адпаведная фотка.

Некалькі гадоў таму да пошуку праўды пра таямнічае “помнікапахаваньне” падключылася глуская вэртыкаль: прагучала абяцаньне бліжэйшым часам правесьці там раскопкі. Аднак “эксгумацыі” не адбылося і дагэтуль. Чаго баяцца райвыканкамаўцы?

Закапаны помнік

І ўсё ж нядаўна была зроблена спроба ўстанавіць ісьціну: невядомыя перад першамайскімі сьвятамі раскапалі руку да тулава ў пінжаку і… зноў засыпалі.

Так райцэнтар і ня ўведаў, хто ўсё ж закапаны ў парку: Ленін, Сталін ці нехта трэці?

Дзіўная гісторыя…
XS
SM
MD
LG