Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьвята вольнай паэзіі” ў Ляўках


Кветкі Янку Купалу

Кветкі Янку Купалу

Аматары беларускай паэзіі ў чарговы раз сабраліся на Аршаншчыне, недалёка ад вёскі Ляўкі, дзе месьціцца дом-музэй Янкі Купалы.

Паводле традыцыі, такія нефармальныя сустрэчы ладзяцца напярэдадні дня народзінаў беларускага песьняра з 2005-га году. Зь ініцыятывы мясцовых актывістаў, “Сьвята вольнай паэзіі” спачатку меркавалася праводзіць як творчыя сустрэчы маладых аўтараў і прыхільнікаў беларускай паэзіі, каб пачаткоўцы мелі магчымасьць заявіць пра сябе яшчэ да таго, як іхныя імёны зьявяцца ў друку. Запрашалі і вядомых ужо літаратараў,-- каб яны маглі падзяліцца сваім творчым досьведам з маладзейшымі калегамі.

У апошнія гады “Сьвята вольнай паэзіі” сталася імпрэзай, на якую запрашэньні ўжо не патрэбныя. Ахвотныя сустрэцца ў Ляўках, у навакольлі лецішча Янкі Купалы, дзе ён бываў ад раньняй вясны да позьняй восені ў 1935–41 гадах, дамаўляліся пра гэта праз асабістыя кантакты.

Сёлета такіх аматараў паэзіі сабралася каля 20-ці чалавек – з Віцебску, Оршы, Менску і Магілёву. Адметна, што паміж іх не было тых, хто хацеў бы прадставіць іншым уласную творчасьць: усклаўшы кветкі да помніка Янку Купалу, прысутныя чыталі пераважна ягоныя творы і проста ўлюбёныя вершы іншых беларускіх паэтаў.

Госьці наведалі і музэйную сядзібу песьняра. Загадчыца ляўкоўскага філіялу менскага Літаратурнага музэю Янкі Купалы Тамара Крына, заўважыла, што афіцыйнае паэтычнае сьвята, якое штогод арганізоўваюць раённыя ўлады, адбудзецца сёлета не на ўгодкі славутага паэта, які нарадзіўся 7 ліпеня 1882 году, а толькі 18 ліпеня. У аддзеле культуры Аршанскага райвыканкаму вырашылі, што найперш трэба рыхтавацца да фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, які пройдзе з 10 па 16 ліпеня і ў якім мусяць узяць удзел мясцовыя калектывы мастацкай самадзейнасьці.
XS
SM
MD
LG