Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бараку Абаму ў Расеі не давяраюць


Паводле нядаўна праведзенага апытаньня наконт даверу сусьветным палітычным лідэрам, прэзыдэнт ЗША Барак Абама найменшую падтрымку мае ў Расеі.

23 працэнты ўдзельнікаў апытаньня, праведзенага “Лявада-цэнтрам” у Расеі ў рамках дасьледаваньня WorldPublicOpinion.org, маюць давер да Абамы ў яго зьнешнепалітычнай дзейнасьці, 55 працэнтаў расейскіх рэспандэнтаў ставяцца да яго зь недаверам. Гэта самы нэгатыўны рэйтынг амэрыканскага прэзыдэнта сярод 20 краінаў, дзе праводзілася апытаньне.

Жыхары Расеі наагул адмоўна ацэньваюць замежную палітыку ЗША. Толькі 15 працэнтаў апытаных лічаць, што Злучаныя Штаты адыгрываюць станоўчую ролю ў сьвеце, тымчасам як на думку 75 працэнтаў ЗША злоўжываюць сваёй сілай, каб навязаць сваю волю Расеі.

У сваю чаргу амэрыканцы ставяцца амаль з гэткім самым недаверам да расейскага прэм'ера Ўладзіміра Пуціна. Толькі 27 працэнтаў апытаных жыхароў ЗША выказалі яму свой давер і 69 – недавер.

Аднак калі непрыхільнасьць да Пуціна, паводле апытаньня, падзяляюць людзі амаль ва ўсіх іншых краінах, тым часам як недавер да Абамы выявіўся толькі ў Расеі.

У расейскай частцы праекту 22-26 траўня 2009 году было апытана 800 чалавек, статыстычная хібнасьць складае +/- 3,5 працэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG