Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому кандыдату ў дэпутаты пагражае 12 гадоў няволі


Больш за месяц застаецца ў зьняволеньні бізнэсовец з Магілёўшчыны, удзельнік выбарчай кампаніі 2008 году Андрэй Бандарэнка.

Яго вінавацяць у крадзяжы некалькіх дзясяткаў мільёнаў рублёў. Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі заяўляе, што яго затрыманьне палітычна матываванае.

Сястра Андрэя Бандарэнкі Ірына на просьбу Радыё Свабода паведаміла апошнія навіны ад Андрэя:

“На мінулым тыдні мы размаўлялі з адвакатам і ён сказаў, што акрамя гэтых сарака мільёнаў нешта яму яшчэ зьбіраюцца інкрымінаваць, таму суму там будзе паболей. Вынесьлі яму 210 артыкул чацьвёртую частку, крадзеж у асабліва буйных памерах. Там ад пяці да дванаццаці з канфіскацыяй”.

Андрэя Бандарэнку затрымалі 27 траўня, калі ён вяртаўся ў Беларусь з Польшчы, куды, паводле кіраўніцтва Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, вымушаны быў зьехаць, каб уратавацца ад палітычнага перасьледу. За прамінулы месяц матывы вяртаньня бізнэсоўца з палітычнай эміграцыі на радзіму застаюцца невядомыя як для кіраўніцтва АГП, так і сваякоў. Адразу па затрыманьні бізнэсоўцу інкрымінавалі прысабечваньне дваццаці мільёнаў рублёў, потым сарака.

Паводле спадарыні Ірыны, яе брата цяпер трымаюць у турме ў у Жодзіне. На здароўе ў сваіх лістах ня скардзіцца.

“Адвакат у нас працуе. Ён сказаў, што нібыта санкцыя на арышт была складзеная з парушэньнямі. І ён павінен быў пісаць скаргу ў пракуратуру”.

Да арышту Андрэй Бандарэнка працаваў бізнэс-кансультантам у адной зь менскіх камэрцыйных арганізацыяў. Спадарыня Ірына лічыць, што інкрымінаванае брату злачынства толькі падстава для яго зьняволеньня:

“Ён ужо больш як месяц пад арыштам, а кіраўніцтва свабодна гуляюць па Менску й робяць выгляд, што ніякіх адносінаў яны да гэтага ня маюць. Таму міжволі прыходзіш да высновы, што была выбарчая кампанія й гэта ўсё адтуль”.

Пра тое, што арышт Андрэя Бандарэнкі палітычна матываваны, цьвердзіць і старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён пра гэта казаў у выступе на пасяджэньні парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, а таксама дэпутатам з розных краінаў на парлямэнцкім паседжаньні АБСЭ у Вільні:

Анатоль Лябедзька
“Я рабіў акцэнт, што чатыры чалавекі ў Беларусі ў турме па палітычных матывах. Я распавядаў і пра сытуацыю, якая складваецца й са справай Бандарэнкі. Ён зьяўляецца слухачом школы, якая працуе пад эгідай рады Эўропы і парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і неўзабаве будзе зроблены моцны акцэнт слухачамі гэтай школы на тым, што здарылася з Андрэем Бандарэнкі”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, цяпер кіраўніцтва АГП праводзяць кансультацыі са сваякамі зьняволенага бізнэсоўца, каб ягоны партрэт фігураваў у агульнабеларускіх акцыях салідарнасьці, штомесяц шаснаццатага чысла.



Андрэй Бандарэнка нарадзіўся ў 1973 годзе на Кіраўшчыне. Падчас мінулых выбараў працаваў дырэктарам дэпартамэнту па разьвіцьці і зьнешнеэканамічных сувязях акцыянэрнага таварыства “Белвысотстройгрупп”. Бізнэсовец балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89. Асноўным яго канкурэнтам быў старшыня Клічаўскага райвыканкаму Сяргей Крыжэвіч. У выбарчай кампаніі удзельнічаў як незалежны кандыдат. Пасьля выбараў у яго пачаліся праблемы ў бізнэсе. Пра арышт Бандарэнкі сваякі даведаліся на наступны дзень, 28 траўня, калі міліцыянты прыйшлі зь ператрусам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG