Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 6 ліпеня, панядзелак.


У Менску адбыўся вайсковы парад і іншыя сьвяточныя імпрэзы, прысьвечаныя 65-годзьдзю вызваленьня Беларусі. У сваёй урачыстай прамове кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка зноў паўтарыў сваю ранейшую заяву пра тое, што беларусы і расейцы нібыта – адзін народ. Камэнтары слухачоў:

Ільля Копыл: “Нягледзячы на тое, што між Беларусьсю і Расеяй пэрыядычна ўзьнікаюць непаразуменьні і нават сваркі, з высокіх трыбун працягваюць запэўніваць нас, што беларусы і рускія – адзін народ, што ў нас агульная гісторыя. Я не зьбіраюся даваць ацэнку такім заявам высокіх чыноўнікаў, як беларускіх, так і расейскіх, але хачу заявіць, што мы ніколі не былі адзіным народам. Мы -- розныя народы, і дай Бог, ніколі ня будзем адзіным народам”.

Курневіч, Барысаў: “Асаблівую нацыю гадуе наш прэзыдэнт, каб не было роднай мовы, сам дае ўзоры, кепскае творыць, нават на беларускае сьвята толькі па-руску гаворыць. Паўстае пытаньне: калі Лукашэнка будзе болей і долей, якое грамадзтва ён створыць разам са сваім сынком Колем? Відаць, на сваёй Беларусі, станем прыдаткам Русі”.

Юры Сьцябуля: “Гэтая ўлада лепш бы займалася крызісам, а не вайсковымі парадамі”.

Зіноўеў: “Я паглядзеў канцэрт у Менску. Хачу сказаць Ядзьвізе Паплаўскай і Аляксандру Ціхановічу, што трэба сьпяваць ужывую, а то і ва ўладзе хлусьня, і на сцэне беларускай хлусьня, і ў жыцьці хлусьня. А ўтрымлівае іх той жа Аўтуховіч, а не Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. А яны атрымалі ашыйнік з кветак”.

Спадар: “Вось гэтае сьвята, якое распачаў Лукашэнка, шоў гэтае, калі вакол такія цяжкасьці, калі значная частка людзей жыве на ўзроўні выжываньня, - гэта ў найменшай ступені бязглузьдзіца, беспрынцыповае глупства. Лепш бы дапамог інвалідам, пэнсіянэрам, удзельнікам вайны як сьлед, прыбаўку б зрабіў да пэнсіі. Гэта кажа пра тое, хто кіруе і што гэта вырабляе. Таму ніхто і не прыехаў з кіраўнікоў іншых рэспублік. Таму што глядзяць як на вар’яцтва, што ўчыняецца тут ў Беларусі, на зьдзекі з беларускага народу”.

Міхась Чарнышоў, Арэхаўск, Аршанскі раён: “Я працаваў настаўнікам у Лядах і жыў разам з Гудынам Рыгорам. Бацька ягоны быў напачатку вайны сакратаром райкаму ў Расонах і быў пакінуты для арганізацыі партызанскага руху. Ён мне даў свае допісы пра арганізацыю партызанскага руху на Расоншчыне. Я ўсю ноч чытаў іх, шмат даведаўся. І ён сказаў, што павязе да Машэрава праз некалькі дзён. Ня ведаю я, мне вельмі цікава што здарылася з гэтымі меркаваньнямі, гэтай праўды пра партызанскі рух, якую хацеў расказаць Машэраў? Бо праз 65 год так пампэзна сьвяткуюць гэтыя сьвяты, прыватызавалі перамогу, а лічбы загіблых у час вайны, у час акупацыі і пасьля вызваленьня, калі прызвалі ў войска беларусаў, нам ня хочуць сказаць”.

На пытаньне адказвае гісторык Эмануіл Іофэ:

“Страты ў вайне нашы вельмі вялікія. Зараз падаюць такую лічбу, што загінуў кожны трэці. Але яшчэ і зараз многія гісторыкі не згаджаюцца і падаюць старыя лічбы, імкнуцца паменшыць страты. Бо мы акцэнтуем увагу на гераізм галоўным чынам – і падручнікі, і астатняе маюць устаноўку на гераізм. Гераізм, канечне, быў, ніхто гераізм не адмаўляе. Але і сёньня фальшаваньне яшчэ працягваецца, асабліва што тычыцца колькасьці. Праўда пра вайну, можна канстатаваць, яшчэ не сказаная”.

Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ прыняла рэзалюцыю, у якой асуджаюцца сталінізм і нацызм, як рэжымы, рысамі якіх сталі генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці. Выказваньне на гэтую тэму:

Аляксандар Лапіцкі: “Добры дзень, радыё Свабода! Ахвяры палітычных рэпрэсій горада Менска ўхваляюць рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая сталінізм і фашызм аднесла да злачынных палітычных рэжымаў”.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч больш за два месяцы трымае галадоўку пратэсту супраць утрыманьня за кратамі. Тэлефанаваньне слухача:

Віктар, Магілёў: “Я хачу праз вас зьвярнуцца да Мікалая Аўтуховіча, які галадае ўжо болей за 75 дзён. Спыніць галадоўку тэрмінова. Нельга сябе губіць проста дзеля ідэі, якую мала хто тут падзяляе. Я просты чалавек, і большасьць тут простыя людзі. Яны не ўспрымаюць гэтую галадоўку. Ці кажуць, што гэта хворы чалавек, ці проста абыякавыя. Ратуйце гэтага чалавека, вельмі будзе шкада, калі ён памрэ”.

Працягваем праграму:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю, Радыё Свабода! Некалькі гадоў таму я напісала верш, які называецца “У ноч на Івана Купалу”. І сёньня, напярэдадні дня нараджэньня Янкі Купалы, я чытаю яго вам, дарагія сябры.

Легенд на сьвеце ёсьць нямала
Пра наша сьвята, пра Купальле.
Жыве аб ім сярод людзей
Шмат розных казачных падзей.
Пра папараць, пра тую кветку,
што расцьвітае толькі зрэдку.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG