Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У уйгурскім Сіньцьзяне ліецца кроў


Як паведамляюць кітайскія афіцыйныя крыніцы, у сутычках у населенай пераважна уйгурамі правінцыі Сіцьцьзян загінула 140 і было паранена больш за 800 чалавек.

Паводле агенцтва Сіньхуа, колькасьць ахвяраў нядзельных хваляваньняў у сталіцы правінцыі горадзе Урумчы ўвесь час расьце.

Удзельнікі беспарадкаў перакульвалі барыкады, нападалі на прысутных і ступалі ў бойкі з паліцыяй. Некалькі соцень чалавек арыштавана.

Паводле агенцтва Associated Press, удзельнікі пратэстаў патрабавалі правесьці расьсьледаваньне сутычак паміж уйгурамі і кітайцамі-хань на адным з заводаў на поўдні Кітаю ў мінулым месяцы, дзе паводле афіцыйных зьвестак два чалавекі былі забітыя.

Кітайскія ўлады абвінавацілі ў арганізацыі хваляваньняў уйгурскую эміграцыю, якая патрабуе незалежнасьці краю ад Кітаю, які, паводле яе, душыць культуру уйгураў і зьнішчае прыродныя рэсурсы краю.

Сусьветны Уйгурскі Кангрэс зь сядзібай у Швэцыі адмаўляе датычнасьць эміграцыі да апошніх падзеяў.

__________________________

Гістарычная даведка


Ацэньваецца, што ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёне ў Кітаі пражывае каля 8 мільёнаў уйгураў — цюркскага народу, які адрозьніваецца ад кітайцаў як па мове, культуры і рэлігіі, так і па антрапалягічных рысах. Уйгурская дыяспара сёньня расьцярушаная, сярод іншага, у Казахстане, Пакістане, Кыргызстане, Манголіі і Ўзбэкістане.

Ад паловы VIII да паловы IX стагодзьдзя нашай эры уйгуры мелі сваю імпэрыю — Уйгурскі каганат, — якая разьлягалася ад Аральскага возера да Манчжурыі. Гэты стогадовы пэрыяд лічыцца "залатым векам" уйгурскай гісторыі.

Потым Уйгурскі каганат распаўся на шэраг асобных дзяржаўных утварэньняў, якія сталі складнікамі стракатай і зьменлівай палітычнай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пераход уйгураў у іслам пачаўся ў Х стагодзьдзі і расьцягнуўся ў часе на пяць стагодзьдзяў.

У ХХ стагодзьдзі уйгурам два разы ўдалося стварыць кароткатрывалыя незалежныя дзяржавы.

Першая зь іх — вядомая як Першая Ўсходнетуркестанская рэспубліка, або Турэцкая ісламская рэспубліка Ўсходняга Туркестану, або Рэспубліка Уйгурстану — існавала ў 1933-34 гг. вакол гораду Кашгар, які сёньня знаходзіцца ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне ў Кітаі.

Другая — вядомая пад назвай Другой Усходнетуркестанскай рэспублікі — існавала ў 1944-49 гг. і была пераўтвораная мааісцкім Кітаем у Сіньцьзян-Уйгурскі аўтаномны раён.

Уйгуры лічаць, што кітайцы прасьледуюць іх па палітычных, культурных і рэлігійных матывах. Яны таксама абвінавачваюць кітайцаў-ханьцаў (кітайскую нацыянальнасьць, якая колькасна пераважае і кіруе палітычным жыцьцём Кітаю) у неапраўданым наплыве ва Уйгурскі аўтаномны рэгіён і несправядлівай дамінацыі ў мясцовым палітычна-эканамічным жыцьці.

У апошнія два гады пачасьціліся акты насільля ва Уйгурскім аўтаномным рэгіёне, у якіх загінула некалькі дзясяткаў чалавек. Кітайскія ўлады кваліфікуюць гэтыя акты як тэрарыстычныя.

У Кітаі, паводле перапісу 2000 году, больш за 50 нацыянальнасьцяў. Дамінуючай нацыянальнасьцю зьяўляюцца кітайцы хань (1137 мільёнаў). Да большых нацыянальнасьцяў належаць таксама: чжуаны (16 мільёнаў), маньчжуры (10,6), кітайцы хуэйцзу (9,8), мяо (8,9), уйгуры (8.4), туцзя (8), і (7,7), манголы (5,8), тыбэтцы (5,4).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG