Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыме афіцыйны Менск рэзалюцыю АБСЭ?


Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ўхваліла рэзалюцыю «Пра аб’яднаньне падзеленай Эўропы: абарона правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у XXI стагодзьдзі ў рэгіёне АБСЭ». У ёй асуджаюцца сталінізм і нацызм, як рэжымы, рысамі якіх сталі генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці. АБСЭ прапануе зрабіць 23 жніўня (дата падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа) Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, каб перашкодзіць ухваленьню нацыстоўскага і сталінскага мінулага і прадухіліць зьяўленьне неанацыстоўскіх рэжымаў. Як ставяцца да гэтага дакумэнту ў Менску?

Генадзь Давыдзька
Дэпутат Генадзь Давыдзька адзначыў, калі ў Палаце прадстаўнікоў будзе галасаваньне па гэтым пытаньні, то ён падтрымае такое параўнаньне сталінскага і гітлераўскага рэжымаў.

«У другой сусьветнай вайне сышліся і ваявалі не народы, не Нямеччына, не Савецкі Саюз, а два рэжымы — сталінскі і гітлераўскі. І мой дзед згніў у гэтых сталінскіх лягерах».

Сяргей Касьцян
Паводле экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў, старшыні Беларускага славянскага камітэту Сяргея Касьцяна, беларускія ўлады ня будуць выконваць гэтую рэзалюцыю, бо яна не справядлівая.

«І калі хто паспрабуе зь кіраўніцтва нашай дзяржавы пагадзіцца з гэтай рэзалюцыяй, мы будзем лічыць іх здраднікамі свайго народа. Тым больш, што ў сваёй прамове прэзыдэнт Беларусі падчас адкрыцьця параду дакладна сказаў наконт гэтага. Што мы ніколі не пагодзімся з тымі ахвярамі, якія мы панесьлі, і што мы ў гэтым павінны. Мы ў гэтым не павінны. Як не павінны і ў гэтым фінансава-эканамічных крызісе, які арганізавалі зноў такі магнаты Захаду і ЗША».

Сяргей Калякін
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін заявіў, што Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла «вельмі няправільнае рашэньне, бо сталінізм і нацызм гэта розныя рэчы і іх нельга разглядаць на адной дошцы».

А як, на думку спадара Калякіна, беларускія ўлады адрэагуюць на гэтую рэзалюцыю?

«Яны праігнаруюць, бо гэта ніякага дачыненьня ня мае да Беларусі. У нас сёньня няма ні сталінізму, ні нацызму. У нас ёсьць лукашызм. Але наколькі я ведаю, там ня згадваецца лукашызм. Тады трэба было ўзгадаць усе дыктатарскія, таталітарныя рэжымы».

Паводле гісторыка Ігара Кузьянцова, рэзалюцыя ёсьць вынікам амаль 15-гадовай дыскусіі.

Ігар Кузьняцоў
«Ступень адказнасьці за падпісаньне пакта аб ненападзеньні нясуць дзьве дзяржавы — Нямеччына і СССР. Прынцып роўнай адказнасьці двух бакоў зьяўляецца заканамерным і аб’ектыўным. З другога боку, у нас гэта ня будзе ўспрынята афіцыйнай гістарыяграфіяй і прапагандай. Тут зноў пачнецца новая хваля барацьбы з так званай фальсыфікацыяй гісторыі. Таму я выключаю, што на афіцыйным узроўні, зыходзячы з таго, якую трактоўку падзей мы маем у падручніках гісторыі, нешта памяняецца».

Вінцук Вячорка
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка пазытыўна ацэньвае рэзалюцыю і называе яе аргумэнтацыю бездакорнай. Ён мяркуе, што гэтым АБСЭ ўспомніла пра свой каштоўнасны грунт. Паводле спадара Вячоркі, цяпер краіны-сябры павінны прыводзіць сваё нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць з гэтым дакумэнтам. Ці пойдзе на гэта афіцыйны Менск?

«Я вельмі сумняюся. Бо вартыя шкадобы ўсе дагэтулешнія спробы Лукашэнкі выбудаваць нейкую ідэалёгію, якая б замяняла ідэю будаўніцтва сваёй дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Уся ягоная псэўдаідэя была якраз заснавана на савецкім сантымэнце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG